У 2021 годзе беларусы святкуюць 100-годдзе з дня нараджэння пісьменнікаў Івана Шамякіна і Івана Мележа – ураджэнцаў Гомельскай вобласці.

Гонар майстрам слова

“Родная зямля грэе і аберагае”, – скажа аднойчы Іван Мележ. “Мае рацыю”, – адкажу я, прачытаюўшы яшчэ ў школьныя часы знакамітую трылогію “Палеская хроніка”.
Даследчыкі творчасці пісьменніка адзначаюць, што талент Мележа раскрыўся менавіта ў трылогіі. “Гэта галоўны яго твор, аповед пра блізкі і дарагі пісьменніку родны край. У “Палескай хроніцы” Іван Мележ раскрыў лёс сялянства ў пераломны перыяд гісторыі, адлюстраваў падзеі 1920-х гадоў і калектывізацыю на Палессі. Ён стварыў народную кнігу, нацыянальную эпапею”.
Не менш гарачым у адносінах да літаратуры быў пісьменнік Іван Шамякін. Ён заўсёды трымаў руку на пульсе часу: “Для сваіх твораў выбіраў актуальныя пытанні, з усёй сілай таленту і абвостранага грамадзянскага пачуцця ўздымаў найважнейшыя сацыяльныя і маральна-этычныя праблемы сучаснасці”.
Яго раманы “Крыніцы””, “Сэрца на далоні”, “Снежныя зімы”, “Атланты і карыятыды”, “Вазьму твой боль” і іншыя кнігі ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры.
Іван Мележ і Іван Шамякін яшчэ пры жыцці сталі класікамі, абодва народныя пісьменнікі Беларусі, абодва нарадзіліся на Палессі. Спіс агульнага, што звязвала Шамякіна і Мележа, можна прадаўжаць доўга.
У гонар гэтых двух літаратараў у краіне будзе арганізавана шмат розных літаратурна-дакументальных экспазіцый,  выстаў, тэатральных пастановак. Самай актыўнай па колькасці мерапрыемстваў, прымеркаваных 100-годдзю з дня нараджэння пісьменнікаў, стане Гомельская вобласць.

Гонар майстрам словаКалектыў Капаткевіцкага ГДК паказаў урывак з рамана “Людзі на балоце”

Петрыкаўшчына ўжо дала старт на вечарыны, тэматычныя класныя гадзіны, выставы ва ўстановах культуры і адукацыі раёна, вечар успамінаў паводле твораў.
Так, 28 студзеня былі падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу на лепшую літаратурна-музычную кампазіцыю па творах народных пісьменнікаў.
– У аглядзе прынялі ўдзел каля дзесяці філіялаў ДУК “Петрыкаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, – распавяла дырэктар вышэй названай установы Яна Мамрова. – Прагледзеўшы прадстаўленыя праграмы, аргкамітэт прыняў рашэнне ўзнагародзіць прызёраў у дзвюх намінацыях: “Лепшая літаратурна-музычная кампазіцыя” – тэатралізаваная пастаноўка па аповесці Івана Мележа “Ноччу” ў выкананні творчай групы Мышанскага ГДК і “Лепшае выкананне вершаў” – верш “Радзіме” Івана Мележа ў выкананні ўдзельніцы мастацкай самадзейнасці Галубіцкага СДК Ксеніі Занкевіч. У сацыяльнай сетцы нашай установы можна паглядзець фота выстаў, кароткія відэа па творчасці пісьменнікаў.
У Мінску 8 лютага адкрыецца літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Пекла Палескіх імхоў ды асвейскіх крыніц …” у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.
А ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася літаратурна-мастацкая выстава, дзе прадстаўлены выданні твораў Івана Шамякіна з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі.
Сярод іх самыя першыя, рарытэтныя выданні, у тым ліку з ілюстрацыямі знакамітых мастакоў.
Музей гісторыі беларускага кіно да 100-годдзя Івана Шамякіна пакажа экранізацыі твораў аўтара.
Канал “Культура” Беларускага радыё адзначыць гадавіну з дня нараджэння Івана Шамякіна спецвыпускам уласных праектаў і падборкай аўдыапастановак паводле твораў класіка айчыннай літаратуры.
Ушанаваць памяць вялікіх майстроў слова можна не толькі наведваннем выстаў. Пісьменнік жывы, пакуль чытаюць яго творы. Самы час узяць у рукі кніжку.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о