Гомельшчына скрозь прызму стагоддзяў

0
354

Гісторыя буйнога рэгіёна складаецца з гісторыі невялікіх населеных пунктаў і раёнаў. Студзень у гісторыі Гомельшчыны і Капаткевіцкага сельскага Савета азнаменаваны адразу трыма памятнымі датамі.

Гомельшчына скрозь прызму стагоддзяў81 год таму, у ноч з 16 на 17 студзеня 1942 года, адбыўся знакаміты “Капаткевіцкі бой”. Гэта па-дзея стала знакавай не толькі для невялікага Палескага раённага цэнтра, а і для партызанскага руху ў цэлым. Як вядома, да зімы 1941 года партызанскі рух пачаў слабець – адбівалася адсутнасць падрыхтаваных баз, групы партызан былі адарваныя адна ад адной, практычна адсутнічала сувязь з Вялікай зямлёй. У гэтых умовах кіраўніцтва двух партызанскіх атрадаў Далідовіча і “Чырвоны Кастрычнік” вырашылі здзейсніць дзёрзкі рэйд па тэрыторыях, занятых гітлераўскімі гарнізонамі. Пасля дбайнай разведкі, якая ўстанавіла, што ў раённым цэнтры Капаткевічы размясцілася да 100 немцаў і паліцаяў, і што на выходзячай да ракі Пціч вуліцы іх зусім няма, партызаны двух партызанскіх атрадаў на чале з Ф. І. Паўлоўскім (пазней – Героем Савецкага Саюза), прайшлі праз балота, пераправіліся праз Пціч насупраць Капаткевічаў і занялі гэтую вуліцу. Кіраваў боем камісар атрада С.У. Маханько. Партызаны былі ў маскіровачных халатах. Моцная завея і вялікі снег спрыялі іх маскіроўцы. Атрады былі разбіты на групы па 3-4 чалавекі. Кожная група мела сваё заданне.
Наступленне адбылося хутка і практычна без стрэлаў. Пры дапамозе мясцовых жыхароў і разведчыкаў, партызаны раптоўна, як цені, з’явіліся ў дамах найбольш небяспечных паліцыянтаў і абясшкодзілі іх. Немцы і паліцаі заўважылі партызан толькі тады, калі ў вокны іх казармаў паляцелі гранаты.

Партызаны адлоўлівалі гітлераўцаў па ўсім пасёлку. Каля 60 ворагаў было забіта, толькі невялікай колькасці немцаў удалося збегчы на станцыю Пціч. У перыяд бою была захоплена зброя, 200 шкарбонак з боепрыпасамі, 100 тон хлеба, 10 бочак мёду, мяса і сметанковае масла. Частка прадуктаў была раздадзена мясцоваму насельніцтву.
Капаткевічы – першы раённы цэнтр, які быў вызвалены ад фашыстаў беларускімі партызанамі ў 1942 годзе і ўвайшоў у зону, свабодную ад гітлераўцаў і кантраляваную партызанамі.

Ці не адгалоскі гэтага знакамітага бою мы пачуем у фільме “Беларускія навелы”, знятым у 1943 годзе кінастудыяй “Беларусьфільм”, дзе рамантычна настроены танкіст кажа, што: “Лепшы горад на зямлі – гэта, вядома, Масква. Потым ідзе Ленінград. А вось рай на зямлі раней знахо-дзіўся ў Капаткевічах, што размешчаны на рацэ Арэса?”

Тады зразумелая гістарычная недакладнасць, бо партызаны, якія вызвалілі Капаткевічы, базіраваліся менавіта паблізу ракі Арэса.
Для кантралявання пасёлка і найбліжэйшай зоны 17 студзеня 1942 года быў адноўлены Капаткевіцкі партызанскі атрад, створаны з груп А. Міхайлоўскага, Я. Кліменценкі, А. Жыгара, Стральцова-Юрасава, А. Вырвіча. Камандзірам прызначаны А. Міхайлоўскі.
Менавіта 17 студзеня 1942 года стала пераломнай датай, якая дала штуршок масаваму партызанскаму руху на тэрыторыі былога Капаткевіцкага раёна. Гэты бой паказаў, што партызаны могуць даць дзейсны адпор акупантам толькі аб’ядняўшыся ў групы для выканання складаных задач.

Партызанскі рух пашыраўся і рос. Да пачатку студзеня 1943 гады на тэрыторыі раёна дзейнічала некалькі атрадаў.
У студзені 1943 года, адпаведна загаду па партызанскім злучэнні Мінскай і Палескай абласцей, была створана 125-я Капаткевіцкая брыгада на базе асобных атрадаў Капаткевіцкага, І. М. Глушко (Балотнікава), М. Ф. Бабкова, Г. І. Краўца, А. Г. Волкава (пазней – 39-ы) і 2-га Капаткевіцкага.

Усяго на тэрыторыі Петрыкаўскага і былога Капаткевіцкага раёна дзейнічала больш за 20 атрадаў і баявых груп, аб’яднаных у партызанскія брыгады: 125-я Капаткевіцкая, 210-я Капаткевіцкая, 130-я Петрыкаўская, якія ўнеслі неацэнны ўклад у справу разгрому. На момант злучэння з часткамі Чырвонай Арміі ў атрадах налічвалася каля 3,5 тысяч партызан.

Надзея СІГАЙ,
інспектар Капаткевіцкага сельвыканкама.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о