Не так даўно Петрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей ладзіў адкрыццё экспазіцыі карцін гомельскага мастака Сяргея Сінякова, што працягнецца да 21 сакавіка. Забягаючы наперад магу адзначыць, што ўразіла і тэхніка жывапісу, і работа з колерам, і падыход да выбару тэмы. Пашчасціла паразмаўляць і з самім майстрам, які прыбыў на адкрыццё выставы з абласнога цэнтру і адказаў на нашы пытанні літаральна за паўгадзіны да ўрачыстага адкрыцця перад наведвальнікамі – вучнямі сярэдняй школы № 2.

Гэта маё паветра

– Нарадзіўся я ў 1972 годзе ў пасёлку Урыцкае, што бліз Гомеля. Бацька мой быў шафёрам, маці працавала ў аптэцы. Творчых захапленняў ніхто ў сям’і не меў, хіба што стрыечная сястра. Мы з ёй аднагодкі, маляваць пачалі з дзяцінства. Зараз яна ўжо колькі гадоў жыве ў Галандыі, мае імя на мясцовы манер – Ірэна Матхэус і ўваходзіць у лік лепшых мадэльераў Нідэрландаў – пачаў свой аповед Сяргей Сінякоў.

– У школе мне больш за ўсё падабалася гісторыя і іншыя гумані-тарныя дысцыпліны, а вось з матэматыкай мае адносіны былі складанымі. Адзнакі змяняліся з “выдатна” на “задавальняюча”, чацвёрак па старой пяцібальнай сістэме ў мяне амаль не было.
Пасля школы я паступіў у Гомельскае вучылішча народных мастацкіх промыслаў на спецыяльнасць “Разьбярства”. Група наша была вельмі моцная, людзі цягнуліся да мастацтва і ўжо ў студэнцкія часы спрабавалі сябе ў жывапісе. Асаблівы ўплыў на нас аказала творчасць Аляксандра Ісачова. Памятаю ў 1988 годзе мы амаль усёй групай паехалі ў Мінск на яго выставу, потым наведвалі экспазіцыю Ісачова ўжо ў Гомелі. Як кажуць, мы прайшлі праз яго, а ён прайшоў скрозь нас.
У арміі я трапіў у пяхоту і там мая адукацыя не спатрэбілася. Але ў жыцці цяга да малявання мне заўсёды дапамагае, гэта маё паветра. Жонка Алена працуе ўрачом хуткай дапамогі, але ўсё жыццё марыла займацца разьбярствам і вось лёс звёў яе з разьбяром. Мара Алены пакуль не ажыццявілася, але яна плануе пачаць вучыцца рэзаць, ну а пакуль у нас творчы тандэм – жонка распрацоўвае ідэі, плануе, а я будую.

Гэта маё паветра

– На гэтай выставе гледачам прапануюцца карціны пераважна гістарычнай тэматыкі, ад часоў барацьбы Кіеўскай Русі з качэўні-камі да Вялікай Айчыннай вайны. Вы пішаце працы прысвечаныя толькі гістарычным падзеям?
– Не, проста мы выбралі карціны адной накіраванасці. Вырашылі, што яны будуць прысвечаны ваеннай гісторыі. Але я працую над мноствам сюжэтаў. Увогуле мне падабаюцца людзі. Праз партрэт я намагаюся перадаць характар, псіхалогію, пачуцці і перажыванні чалавека. Зразумела, што сутнасць чалавечай натуры агаляецца ў пэўных экстрэмальных умовах, таму ваенныя сюжэты падыходзяць да раскрыцця персанажаў найбольш удала. Канешне, гэта не адзіны метад, якім можна карыстацца, каб праліць святло на постаць героя.

– Адкуль з’яўляецца натхненне? Магчыма вы любіце прагулкі ў парку ці па іншых месцах, дзе назіраеце за людзьмі ці прадумваеце сюжэт?
– Мне не патрэбен асаблівы стан для натхнення… Я проста пачынаю працаваць. У мяне, на жаль, няма часу на прагулкі. Адзінае, што я магу сабе дазволіць – літаратура. Чытаю я сапраўды многа.

– Ці ёсць мастакі, на творчасць якіх вы арыентуецеся?
– Мой самы любімы майстар – Дыега Веласкес. Уражвае, канешне, творчасць многіх мастакоў і з кожным годам гэты спіс пашыраецца. Гэта і вядомыя на ўсе часы Сурыкаў, Рэпін, Сяроў, і больш блізкія да сучаснасці беларусы Зайцаў, Волкаў, Ісачоў, Гайлевіч. Бязумоўнай постаццю ў гісторыі мастацтва з’яўляецца Міхаіл Савіцкі.

– Вы былі раней на Петрыкаўшчыне, якія ўражанні пакідае ў вас горад?
– Так, у вашых краях я не першы раз. Неяк быў тут па рабоце, а працую я, дарэчы, будаўніком. Цэлы месяц жыў у вёсцы Макарычы. Пэўна з-за гэтага ведаў Петрыкаў больш з заходняга боку. Нармалёва “пазнаёміцца” з цэнтрам неяк не давялося. І вось мы, нарэшце, прагуляліся па плошчы і парку. Магу адзначыць, што ў вас не толькі прыгожы горад, але і ўтульны. Высокі мыс, з якога відаць Прыпяць, велічны Мікалаўескі храм. Усе гэтыя родныя для людзей арыенціры стаяць побач, нібы згуртаваліся разам. Далёка не ў кожным населенным пункце ёсць такія цудоўныя куточкі. Класна тут!
– Дзякуй вам за змястоўную і цікавую размову, прыязджайце часцей, будзем радыя новым выставам!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о