Сёння святкуюць Дзень абаронцаў Айчыны, у сацыяльнай сетцы  ўзнікаюць каментарыі з пытаннем, а ці ўсіх мужчын можна віншаваць з гэтым днём? Ці віншаванняў вартыя толькі тыя, хто адслужыў у войску? Сёння нашы карэспандэнты вырашылі паразважаць на такую актуальную тэму. І вось, што з гэтага выйшла.

 

Героі нашага часу, хто яны?Арцём ГУСЕЎ:“Годнасць гатунку не ведае”
Так сталася, што ў нашай кампаніі сяброў служыць выпала толькі мне. Ніхто не “касіў” – адны не апранулі форму па стане здароўя, іншыя выхоўвалі дзетак. Але кожны раз пры сустрэчы мы віншуем адзін аднаго, не звяртаючы ўвагу на вайсковы статус. Не ўзнікала нават гаворкі пра тое, што нехта з нас мае большае дачыненне да Дня абаронцаў Айчыны – усе роўныя. Адбылося гэта не з-за нейкай там талерантнасці ці парытэту поглядаў. Проста кожны з нас ведае, што калі, барані Бог, здарыцца нейкае ліха, у любую гадзіну, пры любым надвор’і сябра прыйдзе на дапамогу. Каб стаць такімі маім сябрам не патрэбна была служба, іх годна выхавалі бацькі.
У кагосьці з чытачоў можа ўзнікнуць пытанне: дык што, у вайскоўцаў, атрымліваецца, няма асабістага свята і 23 лютага можа лічыць сваім днём кожны мужчына, юнак і нават хлопчык? Так, трэба згадзіцца, што Дзень абаронцаў Айчыны мае дваісты характар. Мы самі зрабілі дату такой. Гэта і дзень гонару Арміі, і падстава сказаць дзякуй і адарыць увагай блізкіх вам мужчын, нават тых, хто не служыў. Здаецца, што нічога звышнатуральнага тут няма. Прынамсі, вайскоўцы не крыўдзяцца, што іншыя прадстаўнікі моцнай паловы крыху скрадваюць у іх пашаны ў гэты дзень.
У маёй галаве гэтае свята атаясамліваецца ў першую чаргу з бацькам-афіцэрам, што 20 гадоў сапраўды бараніў тады яшчэ вялікую нашу Радзіму – СССР, а потым і Беларусь ад рэальнай і жудаснай пагрозы. Па-за службай ён дапамагаў маёй сястры ажно да сканчэння школы разабрацца ў складанасцях дакладных навук і з нямецкай мовай. Маленькі я думаў, што свабодна размаўляць па-нямецку і “лускаць” задачы нібы арэхі можа кожны бацька, але з цягам часу зразумеў, што на ваенных ляжыць вялікая адказнасць, з таго і веды дасканалыя, бо нельга памыліцца чалавеку ў форме.
Дык вось, тату павіншую з пачуццём гонару, пацісну яго руку з падзякай. Мы ўзгадаем гады службы, я буду больш слухаць, бо вопыту і досведу у бацькі куды болей. А потым я ўяўлю, што ў маім родным мікрараёне, які па традыцыі завецца Ваенным гарадком, у многіх кватэрах гучаць тэлефонныя званкі ці наведваюць татаў дзеці з такімі ж віншаваннямі са святам… і стане мне на душы цяплей.
Сябрам буду ўдзячны за падтрымку і дапамогу. У кампаніі мы, у першую чаргу, прыгадаем тых, хто рэальна бараніў Радзіму, асабліва ў час пагрозы. Мы не будзем прэтэндаваць на пашану з боку блізкіх жанчын, у кампаніі ніхто не раскажа армейскую байку. Але мы будзем вельмі ўдзячнымі гэтаму дню за магчымасць сабрацца, паразмаўляць, падзяліцца апошнімі навінамі і па-мужчынску абмеркаваць свае далейшыя вялікія і малыя планы на жыццё: бо Віця будуе кватэру, Дзяніс робіць бясконцы рамонт, Жэня выхоўвае дачушак, а ў мяне падвеска на легкавіку “паляцела”!
Вось так, замест аднаго, я буду мець цэлыя два прыемныя святы і нічога дрэннага ў дваістай прыродзе 23 лютага няма, бо корань у Дня абаронцаў Айчыны ўсё ж адзіны: абарона бывае рознай, а вось годнасць гатунку не ведае, яна адна. Ва ўсялякім разе мне так здаецца.

Героі нашага часу, хто яны?Алена БРУЦКАЯ: “23 лютага – гісторыя”

Стаміўшыся ад умоўнага матрыярхату, часам да спазмаў у горле хочацца быць абароненай шырокім і надзейным мужчынскім плячом, прыняўшы аб-лічча маленькай, кволай і далікатнай кветкі. Тады словы эмансіпацыя, фемінізм і іх аналагі здаюцца дурнотай, якая замінае нам быць далёкімі ад рашэння важных жыццёвых пытанняў. Няхай гэта зробіць моцны, разумны і ўпэўнены ў сабе мужчына. А дзе іх робяць, такіх, хто расправіць свае плечы, даўшы лагодны і ціхі цень для жанчыны?
Раней служба ва Узброеных Сілах была бездакорнай ісцінай. Кожны мужчына павінен быў асвоіць азы прафесіі вайскоўцы. Тое апраўдана. Занадта многа ўзброеных полчышчаў пранеслася над нашай зямлёй, пакінуўшы след на кожным пакаленні мужчын. Цяпер мы маем гонар сказаць, што 76-ы год нашы абаронцы бяруць у рукі зброю толькі для навучання абыходжання з ёю, калі не лічыць некаторыя дасюль незразумелыя старонкі гісторыі з грыфам “ваенны канфлікт”. Можа цяпер прамая асацыяцыя мужчыны з іпастассю абаронцы Айчыны і не зусім да месца.
Дасюль бацька з хлапечым азартам расказвае пра гады службы ў танкавых войсках, а муж – у манеўранай групе пагранатрада. Гэта яркая і важная частка іх жыцця. Ніколі не спыняем патоку тых успамінаў рэплікамі тыпу “сто разоў чулі”.
Яны – нашы абаронцы, абаронцы Айчыны. Ім да свята рыхтуем падарункі, сюрпрызы, накрываем вячэру з амбіцыяй на святочную. І ганарымся тым, што ў той час яны не былі ўхілістамі, “бегункамі”.
Сын, якому, як аказалася, у арміі служыць не давядзецца ўвогуле, штогод, ахвотна прымаючы падарунак 23 лютага, гаворыць: “Я, зразумела, не абаронца Айчыны, але за падарунак – дзякуй”.
Падтрымліваючы тую самую эмансіпацыю, мы, жанчыны, з захапленнем святкуем 8 сакавіка, а потым у кастрычніку – Дзень маці. Мужчынам жа далі толькі Дзень абаронцаў Айчыны. А калі не абаронца? Мы ж павінны мець падставу, каб іх віншаваць, адорваць і гаварыць тысячы прыемных слоў, якія ў звычайны дзень гучаць не так урачыста.
Сусветны дзень мужчын адзначаецца ў першую суботу лістапада. Прыемна і важна. Але, на жаль, пакуль у нас гэта свята не дасягнула памераў народнага, як той жа жаночы дзень – з ушанаваннямі, канцэртамі, выхадным у рэшце рэшт. Жанчыны сваімі святамі нібы вызначылі сваю пазіцыю, якая вяршэнствуе. У тым дапамог рух за правы жанчын. Здаецца, цяпер настаў час змагацца за правы мужчын, тым больш, калі яны не абаронцы Айчыны (спадзяёмся, што абараняцца нам і не давядзецца больш ніколі), а той рухавік, які накіроўвае нас, жанчын увогуле і кожную паасобку, да жадання быць найлепшай, найпрыгажэйшай, найпатрэбнай.
Мы вас любім і кахаем, са святам ці без, абаронцаў і праграмістаў, брутальных і метрасэксуалаў.

Героі нашага часу, хто яны?Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ: “Мужнасць вызначаецца паводзінамі”

“На пытанне: ці вартыя віншаванняў толькі тыя, хто адслужыў у войску, адназначна адкажу, што не, не толькі. Зараз абгрунтую сваю пазіцыю.
“Ніхто нікому нічога не павінен” – распаўсюджаная фраза ў сучасным жыцці і псіхалогіі асобы. Добра так казаць пра адносіны нейкай пары. Але, насамрэч, гэта зманлівае сцвярджэнне, якое накіроўвае чалавека на заведама няўдалы шлях.
Людзі – істоты сацыяльныя, і, уступаючы ва ўзаемаадносіны, становяцца абавязаныя, бо далі падставу, надзею, ды і проста з-за ўнутранай адказнасці.
Калі мы ўспомнім Вялікую Айчынную, то героямі станавіліся, у тым ліку, і тыя, хто не служыў у войску, нават не меў да гэтага ніякага дачынення.
З усёй гэтай тэмы пра тое, хто і чым каму абавязаны, у мяне ўзнікае пытаннне: а што, калі чалавек, мужчына, не прызначаны для службы ў войску па стане здароўя, у будучым не можа стаць абаронцам Айчыны? Мужнасць высвятляецца паводзінамі ў патрэбных для таго абставінах. Так, калі такі хлопец не падпадае пад нарматывы для залічэння ў войска, гэта не значыць, што яго можна не віншаць з вышэй названым святам.
Дзень абаронцаў Айчыны – гэта не толькі пра абарону сваёй краіны ў небяспечны для яе час, у час знешняй або ўнутранай пагрозы. Гэта пра тое, каб прынесці сваёй Айчыне, мне больш падабаецца слова Бацькаўшчына, карысць. Гэта можа быць як фінансавая, так і фізічная падтрымка. Я ведаю мужчын, якія займаюцца дабрачыннасцю, дапамагаюць тым, каму сапраўды патрэбна дапамога.
Героі нашага часу, хто яны? Для мяне гэта тыя мужчыны, якія кахаюць сваіх жонак, будуюць дамы, садзяць сады, распавядаюць сваім дзецям пра галоўныя культурныя і маральныя каштоўнасці, не пакідаюць бацькоў у старасці. Гэта яшчэ і тыя, хто робіць навуковыя адкрыцці, піша выдатную музыку, складае вершы, піша кнігі. Для гэтага патрэбныя сіла, мужнасць, дысцыпліна.
Сапраўды, галоўная крыніца гонару мужчыны – служэнне Айчыне. Галоўная місія – захаваць зямлю і трымаць неба, а галоўны сакрамент – нязменная любоў да Бацькаўшчыны. І ў кожнага з нас ёсць свой абавязак у адносінах да яе.
Дарагія мужчыны, віншую вас з надыходзячым святам. Будзьце высакароднымі, моцнымі і мужнымі па ўнутраных перакананнях, а не па нейкіх знешніх патрабаваннях.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о