Каб відэа са звычайнай гутаркай гэтых дзвюх жанчын выкласці ў YouTube, яно б пабіла многія рэйтынгі. Адметнае пачуццё тонкага гумару з мясцовым каларытам, уменне жартаваць з сябе і жаданне памятаць толькі добрае робіць жыхарак вёскі Баянаў прыцягальнымі і прывабнымі.

Генератары пазітыву

Кацярына Грамовіч і Паліна Рагавец жартуюць, што разам пражылі амаль сярэднестатыстычнае мужчынскае жыццё. І не надакучылі адна адной. Абедзьве невялікага росту, нават тварам падобныя. Узгадваюць, што некалі на ферме ветурач іх не адрозніваў. Нават імя па бацьку аднолькавае – Фёдараўны. Як жа не знайсці падставу для жарту: чыйсці бацька падгуляў.

Што значыць быць даяркай у 60-70-я гады? Ці трэба расказваць пра цяжкасці. Жанчыны лічаць, што ім ёсць аб чым узгадаць.

– Ісці да фермы далёка, асаб-ліва Паліне – з супрацьлеглага канца вёскі, – Кацярына Фёдараўна выбрала што расказаць пра той час. – Апоўначы – дадому, у тры гадзіны ночы – назад. Цемень страшэнная. І дарога нібы не тая. Пакуль дойдзеш, усе калюжыны перамераеш не толькі нагамі, але і бокамі. Спаць хацелася заўсёды. Неяк залезла на печ, ды так заснула, што на гарачым чарэне апекла жывот. Але не прачнулася. Потым усё пуза пухірамі пабралася.

– Як сядзеш, часам, на ферме дзе каля грубкі, так галава і падае на грудзі, – далучае свае ўспаміны да сяброўчыных Паліна Фёдараўна. – І тут пачыналі адна з адной кпіць, смяяцца. Вось яшчэ раскажу, як мы на ферме каньяк пілі. Прывезлі ў магазін яго, па 7 рублёў 15 капеек, як зараз памятаю. Казалі, што гэта танны. Нас, даярак, сямёра. Кажу: давайце скінемся па рублі, пасмакуем. Скінуліся. А адна вазьмі ды і перадумай. Усё! Так і жывём усё жыццё не паспрабаваўшы.

Гадоў пяцьдзесят таму у Баянаве было 75 двароў. Чаму людзі тут сяліліся, дзе няма рэчкі, да лесу далёка, гара – ні агародаў добрых, ні грыбоў няма, не ведаюць. Але ў Паліны Фёдараўны свая гісторыя.

– Сама я з Церабава. Калі замуж пайшла, муж хацеў там і хату ставіць. Не, браце! – думаю я. Церабаў – вёска вялікая, вясёлая, дзявок многа. Звязу я цябе ад ліха далей у Баянаў, спакусы менш будзе. Я спаць, і ён – спаць. Так і зберагла мужаву цнатлівасць.
– Малі Бога, сяброўка, што ў Баянаў трапіла, а то было б табе…, – да тэмы далучылася Кацярына Фёдараўна. – Сямнаццаты год мне ішоў, як замуж пайшла. – Думаю, ці будзе яшчэ якая Буслоўка, а гэту трэба хапаць. Буслоўка – гэта муж мой. Ён быў высачэзны, а на галаве здаравеннае гняздо валасоў. Вось так я жонка буслоўчына, тры дачкі мае буслоўчыны, пяць унукаў і пяць праўнукаў – усе буслоўчыны. Дзякуй яму! Жыла я з бацькамі на хутары, там, за помнікам, дзе цяпер лес расце. А з мужам хату паставілі ў цэнтры вёскі. Думала: ну ўсё, амаль у горад трапіла. Пакуль туды-сюды, на ферму пабегала, хаты знеслі, глянула – зноў на хутары. А як гуляць умелі ў вёсцы! У прастольныя святы – Стрэчанне і Пакрову – з Кацуроў, Садкоў хлопцы ды мужыкі ў вёску ідуць. Спачатку песні, гамонка, а потым за жэрдкі бяруцца. Гудзе вёска. А потым нашы да іх ідуць “святкаваць”, зноў пабітыя вяртаюцца.

– Каб вы пабачылі, дзе жыву я! – Паліна Фёдараўна паказвае рукою у бок поля. – Трэба пашпарт цяпер мяняць. Больш падабаецца называць сябе Агаф’яй Лыкавай, што пустэльніцай у тайзе жыве. Хаты знеслі, хвойкі пасадзілі. То раней хоць дарогу было відаць. Сяджу, любуюся, як машыны па трасе едуць. Забаўка такая ў мяне была. Цяпер вакол малады хвойнік падняўся, маслюкі ў двор лезуць. То ліса прыбяжыць, то алені з чырвонымі таўро на вушах між двара ідуць. Запаведнік, а не двор. Была б стрэльба, хадзілі б з падарункамі адна да адной: я ёй хвост лісіны на футра, яна мне – катлеты з дзіка.

– Добра і зрабілі, што хаты пазносілі, – Кацярына Фёдараўна практычна ставіцца да гэтага пытання. – Страшна было ісці ўздоўж вуліцы, паўсюдна хмызняк ды хаты старыя, таго і глядзі – загарыцца. Цяпер прастор, чысціня. Паліна як выйдзе раніцай са свайго маладняку ў чырвонай хустцы – відаць за паўтара кіламетры. Так і чакаю, да абеду дойдзе да мяне. Хуткасць не тая ў яе стала. Але ж гаспадарку яна разводзіць збіралася. Накупіла куранят, падгадавала, восень кукурузу з поля насіла ім на зіму. А тхор іх за дзве ночы ўсіх паскладваў у радок. Вось, Полечка, даставай ступу, будзем цяпер тваю кукурузу малоць ды аладкі пячы.

– Я да Каці раней штонядзелю хадзіла, цяпер радзей. Нешта здаецца, з кожным годам дарога ўсё даўжэй робіцца. Яна да мяне не ходзіць, ногі беражэ. А вушы не. Адчапіцца нельга ад тэлефона, як пазвоніць. Кажу, кідай трубку, хопіць, 20 хвілін мінула. Дык не ж. Званю ёй у 7 гадзін раніцы. Трэба спытаць, як пераначавала, што там за ноч у серыялах выгледзела і што плануе гатаваць на сняданак. А ў палове пятай – яна мне: што за дзень зрабіла, якую байку ўзгадала.

– Не шкадуй грошай, кажу, – Кацярына Фёдараўна нібыта павышае голас на сяброўку. – Пакуль ёсць, трэба больш расходаваць. На халеру яны патрэбны. Піць – не п’ём, есці ўжо – то юху, то калатуху, то таптуху. Зубоў няма ў абедзьвюх. “Сушым” многа, вось і павыпадвалі. Пранікаў ёй трэба было, патрабавала ў аўталаўцы. Прывезлі па 7.70. Думаеце купіла? Не! Грошай пашкадавала. Сквапная яна. Побач з ёй жывуць два мужчыны, браты Валянцін і Вячаслаў. Вясёлыя такія хлопцы-агонь, сіняватыя. Праўда, працуюць слаба. Як чарачку нальеш, то нешта яшчэ варушацца. Ёй кажу: дай мне аднаго ў жаніхі. Хоць бу-дзе на каго пасварыцца, як зноў панапіваюцца ды што ўкрадуць. Дыя яна – не, сама займаецца іх выхаваннем. Каля мяне, праўда, таксама жыве мужчына, але ж з жонкай. На яго не пакрычыш асабліва. Ды і няма мне калі глупствам займацца. Я тут ва ўнука ў наймітах працую на пчальніку. Ён жыве ў Калінкавічах. Поўны двор вулляў наставіў, пранумараваў. Мне насупраць гушкалку шырокую зрабіў. Кажа: сядай баба ды вартуй як роі выходзіць будуць. Запісвай адкуль, куды і тэлефануй. Я ж на гушкалку сяду… Адкрыю вочы – няма рою. Але ж пакуль не звольніў. Вось на зіму пайшла ў водпуск.

Хоць абедзьве жанчыны хутка разменяць восьмы дзясятак жыцця, задавальненне ад кожнага падоранага ім лёсам моманту яны ўмеюць атрымліваць. Прыязджайце да іх на майстар-клас. Уражанняў і ўспамінаў хопіць на тыдні. Праверана.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о