Напрыканцы мінулага тыдня я была запрошана на дыялогавую пляцоўку па абмеркаванні тэмы гістарычнай памяці і патрыятызму беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якую арганізавала Петрыкаўская сетка публічных бібліятэк. Тэма актуальная ў грамадстве і жаданне ведаць як мага больш пра подзвіг народа ў часы ліхалецця не становіцца меншым. Прыемна і правільна, што ўдзельнікамі такіх мерапрыемстваў з’яўляюцца вучні ўстаноў адукацыі. У падлеткаў фарміруецца светапогляд, яны плануюць сваю будучыню, пагэтаму ім важна ведаць гісторыю свайго народа. Інтарэс да работы пляцоўкі выклікаў той факт, што пададзеныя звесткі датычыліся нашага рэгіёну. Выступленне дырэктара Петрыкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Галіны Трухановіч змяшчала пацверджаныя факты і лічбы, таму не пакінула абыякавым прысутных. Галіна Уладзіміраўна паведаміла, як з пачатку вайны фашысты прыступілі да засваення акупаванай тэрыторыі нашага раёна. Удзельнікі сутрэчы слухалі і з жахам уяўлялі, што было на Петрыкаўншчыне 80 гадоў таму. У тыя крывавыя часы ў горадзе гаспадарыў нямецкі гарнізон з больш чым тысячай салдат і паліцаяў, на прыстані знаходзілася сапёрная часць, а ў раёне Белкі размясцілася нямецкая разведка “Абвер”.
Рэалізацыя плана “Ост” абярнулася для жыхароў раёна генацыдам і тактыкай “выпаленай зямлі”. Згодна дакументам Мазырскага занальнага архіву, у час акупацыі было спалена 8 вёсак, 1859 нашых землякоў былі замучаныя і расстраляныя – з якіх 954 жанчыны і 200 дзяцей, 790 спаленыя – з якіх 366 жанчын і 93 дзіцяці, сагнаныя ў нямецкае рабства 1900 чалавек.
У час работы пляцоўкі адчувалася, што інфармацыя ўразіла слухачоў. Асабліва навучэнцаў школ. Напэўна таму, што пачутае адбывалася на зямлі, па якой мы ходзім. Нам вядомы назвы вуліц, памяшканні, месцы, дзе адбываліся бітвы, забойствы мірных жыхароў. Як прыклад – Помнік на беразе Прыпяці каля суднарамонтнага завода. Абарону на лініі Ленін-Жыткавічы-Тураў трымала 75-я стралковая дывізія, у рады якой увайшлі больш за 120 петрыкаўчан. 27 ліпеня 1941 немцы пачалі абстрэльваць горад з мінамётаў. Баі ішлі амаль два дні. 29 ліпеня савецкія войскі пакінулі горад, але байцы дывізіі, з дапамогай бронепаяздоў і караблёў Пінскай ваеннай флатыліі, змаглі, абапіраючыся на Мазырскі ўкрэпраён, затрымаць агрэсараў на лініі Шастовічы-Конкавічы-Пціч. Дзеці ведаюць месца пахавання, пра якое ішла размова, не раз бывалі там у памятныя дні. Непаўналетнія ўступаюць у дыскусію, выказваюць свае меркаванні. Менавіта такія гісторыі і факты, звязаныя з вядомымі нам мясцінамі малой радзімы, робяць вайну яшчэ больш і зразумелай для нас. Пра тое, наколькі наш раён пацярпеў ад фашысцкай навалы, гавораць 2 мемарыяльныя комплексы, 10 памятных дошак, 49 пахаванняў загінуўшых, 9 пахаванняў ахвяр вайны, 44 брацкія магілы, 14 індывідуальных пахаванняў, 2 воінскія могілкі. У кожнага з іх свая страшная гісторыя, якую мы навіны ведаць і шанаваць.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о