Новы сезон ва ўстанове «Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Петрыкаўскага раёна» асаблівы. Таму што ў адрамантаваным будынку? Так! І не толькі…

ГАТОВЫ ДА НОВАГА СЕЗОНА

– Адрамантаваны будынак і купленае спартыўнае абсталяванне сапраўды матывуюць на новыя здзяйсненні, – канстатаваў дырэктар установы Аляксандр Браім. – Усяго на набыццё новых трэнажораў было затрачана 25 тысяч беларускіх рублёў. Набыты красовер, гантэльны рад, машына Сміта, бегавая дарожка, велатрэнажор, эліптычны трэнажор. У будынку замянілі падлогу, дзверы, вокны, усталявалі энергазберагальныя свяцільні.

З адкрыццём міні-футбольнай пляцоўкі і стадыёна магчымасці вучэбна-трэніровачнага працэсу пашырацца. Пачысціў снег – і займайся, за выключэннем анамальных умоў надвор’я. А пакуль на стадыёне рамонт знаходзіцца на завяршальным этапе, таму дакладную дату адкрыцця назваць не можам, але, упэўнены, чакаць засталося нядоўга.
Мы спартыўная школа. У нас культывуюцца чатыры віды спорту: футбол, валейбол, лёгкая і цяжкая атлетыка. Гэта на бюджэтнай аснове. Таксама ёсць платныя спартыўныя секцыі.

Платна можна наведаць трэнажорную і гульнявую залы, пагуляць у тэніс, більярд. У пракат здаём канькі, лыжы, турыстычныя дыванкі, спальнікі.
Дзеці ў спартыўныя групы набраны, але гэта не значыць, што нельга жадаючым запісацца ў ДЮСШ на працягу года. Будзем рады кожнаму.

З гэтага года ў дзіцячай спартыўнай школе будуць працаваць два маладыя спецыялісты. Хлопцы скончылі Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Івана Шамякіна. Нават жылі ў адным пакоі.

– Вучыўся я ў сельскай школе Пінскага раёна, – пачаў размову інструктар-метадыст Аляксандр Рудэнка. – Аднойчы выступаў на спаборніцтвах і мяне заўважыў пінскі трэнер. Прапанаваў перайсці да яго. Сумесны трэніровачны працэс значна павысіў мой узровень. На працягу вучобы ва ўніверсітэце ўдзельнічаў у шматлікіх спаборніцтвах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Без прызавых месцаў ніколі не вяртаўся. Больш за ўсё люблю ўдзельнічаць у бегавых марафонах і паўмарафонах. Яшчэ падчас вучобы вёў дзённік трэніровак. Уявіце, за год я набягаў больш за 2 тысячы кіламетраў. У вольны час люблю хадзіць у водныя паходы на байдарках ці проста гуляць пешшу.

– Шмат чым у спорце мне дапамог першы трэнер Аляксандр Буднік, – працягнуў другі малады спецыяліст, трэнер па лёгкай атлетыцы, Іван Серабракоў. – А прысвяціў сябе цалкам спорту таму, што там шмат дзяўчынак (жартуе). Я таксама люблю бегаць марафоны. Не так даўно адбыўся марафон “Беларуснафта–экамарафон”, дзе я прымаў удзел. Для нас, спартсменаў, гэта вельмі цікава і карысна: шмат новых знаёмстваў і спартыўная загартоўка.

Н. ЧАРНЯЎСКАЯ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о