Мноства нараканняў на інфраструктуру горада ў гасцей Петрыкаўшчыны было на гасцініцу, што месціцца на плошчы. Сапраўды, пабудаваная яшчэ ў 1967 годзе, яна не мела нумароў павышанай камфортнасці, а калі прасцей – гарачай вады і асобных санвузлоў. Нагадвала ўстанова хутчэй інтэрнат, з прыбіральняй у канцы калідору.
Гасціннасць  як стандарт
Намаганні аднавіць гасцініцу назіраліся некалькі гадоў таму, калі будынак планавалася рэканструяваць па праграмме развіцця Прыпяцкага Палесся. Будаўнічыя работы пачаліся, але няўдалая эканамічная сітуацыя вымусіла пераразмеркаваць сродкі на больш важныя аб’екты. І вось сёлета, разам з іншымі сацыяльна значнымі аб’ектамі гасцініца атрымала новае жыццё.
Увогуле, на рэканструкцыю гасцініцы было выдаткавана болей за 1,8 мільёна рублёў. У якасці генеральнага падрадчыка выступіла ААТ “Палессебуд”, спецыялісты якога і здалі аб’ект “пад ключ”. У выніку адноўленая гасцініца “Прыпяць” можа адначасова прыняць да 30 чалавек. На выбар кліентаў прапанаваны чатыры віды нумароў: аднапакаёвыя адна- і двухмесныя, і двухпакаёвыя нумары на аднаго ці двух чалавек.
Апрача гарачай вады і санвузлоў у нумарах з’явілася кабельнае телебачанне, сувязь, халадзільнікі. Двухпакаёвыя апартаменты абзавяліся кандыцыянерамі. Зручна абсталявана тут і агароджаная паркоўка. Хутка запрацуе Wi-Fi, пральня, наладзяць гандаль прэсай і рэчамі першай неабходнасці. Разглядаецца паслуга бясплатнага выкліку таксі. Будзе ў  гасцініцы “Прыпяць” і свой буфет, камплектацыя якога ўжо пачалася.
Калектыў прыступіў да падрыхтоўкі нумароў з пачатку месяца, а на мінулым тыдні гасцініца ўжо была гатовая прыняць кліентаў. Трыдыцыйна, аднымі з першых тут размясціліся вадзіцелі грамадскага транспарту з Мінска, што застаюцца ў Петрыкаве на начлег, а зранку вязуць ў сталі-цу мясцовых пасажыраў.
Галоўны эканаміст КУП “Петрыкаўскі райжылкамгас” Марына Белькавец адзначыла, што патэнцыял ў аб’екта ёсць, у апошнія гады гасцініца прымала не толькі нашых суайчыннікаў, але і гасцей з Расіі, Малдовы, Польшчы. Зразумела, не згасае інтарэс да гасцініцы і ў спецыялістаў, што занятыя на будоўлі горна-абагачальнага камбіната.
Што тычыцца планаў, то ў камунальнікаў яны простыя і зразумелыя: наладзіць працу і аказваць якасныя паслугі ў сферы гасцінічнага бізнесу, забяспечваючы максімальную запаўняльнасць аб’екта. Шыльда ў хуткім часе займе сваё месца. Далей фотаздымкі і апісанне гасціні-цы будуць загружаныя на вядучыя турыстычныя сайты, такія як booking.com, каб кожны жадаючы з любой кропкі свету мог азнаёміцца і падабраць апартаменты для часовага размяшчэння ў час наведвання Петрыкава.
Запрашаем!
Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара. 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о