На ўшанаванне хлебаробаў-тысячнікаў на гэты раз мы завіталі ў ААТ “Навасёлкі”. З перамогамі ў раённым спаборніцтве па ўборцы збожжавых павіншавала герояў жніва старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Галіна Курловіч.

Гаспадары жытнёвых палеткаў
Віктар Плыткевіч, настаўнік фізікі, прыцягнуты работнік ААТ “Навасёлкі”

Лідарам жніва, пераадолеўшым тысячны рубеж, стаў Павел Пятровіч Лазараў, малады вадзіцель сельгаспрадпрыемства, які па стане на 18 жніўня перавёз 1055 тон зерня. Павел – ураджэнец Галоўчыц. Вось ужо чатыры гады працуе ён у гаспадарцы. Кіраўніцтва ставіцца да маладога вадзіцеля з павагаю за яго працавітасць і адказнасць. Мяркуйце самі, да высокага выніку сёлетняга жніва можна дадаць веснавы “працоўны подзвіг” – Паўлам пасеяна больш за 1000 гектараў кукурузы. Малады, старанны, сур’ёзны і вельмі сціплы працаўнік карыстаецца аўтарытэтам і павагай і сярод старэйшых калег-механізатараў.

Гаспадары жытнёвых палеткаў
Аператары зернесушыльнага комплексу Віктар Козік і Пётр Бондар ушанаваны прафсаюзным лідарам

Адзначаныя прафсаюзнай узнагародай і ўшанаваныя ў гэты дзень былі і аператары зернесушыльнага комплексу “М-819” Віктар Аляксандравіч Козік і Пётр Валянцінавіч Бондар, якія дапрацавалі 1532 тоны збожжа. Гэты зладжаны дуэт ужо не першы год працуе на такім адказным участку як дапрацоўка збожжа. З раніцы і да позняга вечара мужчыны шчыруюць на зернесушыльным комплексе, каб якасць здадзенага дзяржаве зерня была належнага гатунку. І з гэтай задачай, між іншым, яны штогод спраўляюцца.

Гаспадары жытнёвых палеткаў
Павел Лазараў прымае віншаванне ад старшыні райкама прафсаюза АПК Галіны Курловіч

Пасля кароткай у такую гарачую пару цырымоніі ўзнагароджання і шчырых слоў віншавання ад райкама прафсаюза і кіраўніцтва гаспадаркі, працаўнікі заспяшаліся на свае працоўныя месцы, каб працягнуць такую высакародную місію – збіраць, перавозіць і прасушваць збожжа ўраджаю 2021 года.
Так, найважнейшая задача, якая стаіць перад хлебаробамі раёна сёння – прыбраць хлеб своечасова і з мінімальнымі стратамі. І вырашаюць яе не толькі самі работнікі сельгаспрадпрыемстваў – ва ўборачнай кампаніі ўдзельнічаюць таксама і супрацоўнікі арга-нізацый і ўстаноў раёна. Свае прыцягнутыя работнікі ёсць і ў ААТ “Навасёлкі”. Адзін з іх – Віктар Міхайлавіч Плыткевіч, настаўнік фізікі ДУА “Навасёлкаўская сярэдняя школа”.

Гаспадары жытнёвых палеткаў
Аператар зернесушыльнага комплексу Пётр Бондар ушанаваны прафсаюзным лідарам

Нягледзячы на тое, што працуе мужчына ў школе, кожную ўборачную ў час адпачынку ён праводзіць за штурвалам камбайна. Цяперашняя ўборачная кампанія – ужо дзясятая ў працоўнай біяграфіі Віктара Міхайлавіча.
– Дзесяць гадоў таму, прыняўшы ўдзел ва ўборачнай па запрашэнні кіраўніцтва гаспадаркі, не сышоў з гэтай сцяжынкі па сённяшні дзень. Падчас адпачынку штогод з задавальненнем працую побач з механізатарамі гаспадаркі. Думаю, што гэта надоўга. Ды і наогул, лічу, што той, хто хоць раз паўдзельнічаў ва ўборцы, ніколі не кіне гэты занятак, – адзначае Віктар Плыткевіч.

Працуе мужчына старшым камбайнерам, а гэта значыць, што адказнасць у яго каласальная – сочыць за тым, каб не было страт збожжа.
Са сваімі зерневымі палеткамі, па інфармацыі старшыні Мікалая Азёмшы, у гаспадарцы ўжо справіліся, але неабходна дапамагчы суседзям. Таму адзін з лепшых кампайнераў сельгаспрадпрыемства пасля кароткай размовы з намі адправіўся дапамагаць калегам у суседнюю гаспадарку – ААТ “Агра-Слабада”.

Ушанаванне перадавікоў у гаспадарках працягнецца – сачыце за навінамі.

Галіна КАЗАК,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о