Сяргей Сеніковіч узначаліў КСУП імя Ульянава нядаўна, але станоўчая дынаміка ў гаспадарчых справах бачна па ўсіх пазіцыях. Ведаў у галіне сельскай гаспадаркі ў Сяргея Пятровіча дастаткова: адпрацаваў галоўным аграномам у ААТ “Агра-Пціч”. Адразу ацаніў патэнцыял колкаўскіх земляў і вырашыў, што трэба аднаўляць раслінаводства, рабіць стаўку на травяністыя кармы. Для апошняга, зразумела, патрэбна правесці пэўную работу па перазалужэнні плошчаў. Як выказаўся сам кіраўнік, пашы тут у запушчаным стане. Таму нягледзячы на тое, што кожная капейка ўжо мае сваё прызначэнне, вырашылі скарыстацца дапамогай ПМК-67, каб перазалужыць тыя “клеткі”, што патрабуюць гэтага віду работ.

ГАСПАДАРЧЫ ПАДЫХОД НАДАЕ АЎТАРЫТЭТДырэктар КСУП імя Ульянава Сяргей Сеніковіч

Хочацца адзначыць, што і сёлета ўжо гаспадарка нарыхтавала больш за 1100 тон сена, чаго, са слоў старшыні сельсавета Ганны Сянько, за апошнія гады тут не назіралася. Закладваюць цяпер сіласныя ямы, у якія трамбуюць кукурузную масу. Так, гэтымі работамі заняты Ігар Акульчык і Мікалай Дуброва. Тры ямы кармоў змяшчаюць больш за тысячу тон кожная, чацвёртая — 2,5 тысячы тон. Дырэктар упэўнены, што гэта зімоўка павінна прайсці паспяхова, галадаць жывёла не будзе. Дарэчы, у КСУП імя Ульянава агульнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы складаецца з 2016 галоў.
Да зімы падрыхтаваны ўсе вытворчыя памяшканні: зашклілі вокны, перакрылі дах, дзе гэта патрабавалася, пабялілі сцены ўнутры і звонку. Падыходзячы па-гаспадарску да справы і разумеючы, што ад захавання тэхналогіі ўтрымання і кармлення жывёлы залежыць станоўчы вынік, Сяргей Сеніковіч ужо сёння можа пахваліцца нарошчваннем аб’ёмаў вытворчасці малака. Калі яшчэ чатыры месяцы таму гаспадарка штодзень рэалізоўвала 2600 кілаграмаў малака, то сёння гэта лічба дасягае 4200-4900. Гэта значыць, што ёсць “жывая капейка”, якая дазваляе набыць запчасткі, паліва, своечасова разлічыцца па плацяжах у бюджэт і выплаціць заработную плату. А калі яшчэ будзе адказны падыход да справы аператараў машыннага даення і малако пойдзе вышэйшым гатункам, то прыбытак будзе ўзрастаць у разы. Гэта павінны разумець тыя, хто сёння заняты на вытворчасці.
На сёння колькасць працуючых у гэтым сельгаспрадпрыемстве — 91 чалавек, сярэдні заработак за жнівень склаў 418 рублёў. Пра гэта мне паведаміў галоўны эканаміст Мікалай Відасеў.

ГАСПАДАРЧЫ ПАДЫХОД НАДАЕ АЎТАРЫТЭТ

Механізатар Ігар Акульчык і галоўны эканаміст Мікалай Відасеў

Мікалай Сяргеевіч працуе тут другі год. Родам з Рагачоўскага раёна, вёскі Зарэчча.
Мікалай паведаміў, што пасля заканчэння Жыліцкага аграрнага каледжу вучобу працягваў у Горацкай сельгасакадэміі. Па размеркаванні трапіў у Колкі разам з галоўным бухгалтарам Дзмітрыем Валчковым, з якім, дарэчы, разам і вучыліся. Цяпер і пражываюць разам у двухпакаёвай кватэры з цэнтральным ацяпленнем і ўсімі ўмовамі. Усё ж марыць хлопец пра іншае. Справа ў тым, што ў Мікалая ёсць дзяўчына Карына, якая на адпрацоўку трапіла ў КСУП “Кашэвічы” бухгалтарам. Рамантычныя сустрэчы па выхадных, калі такое атрымліваецца, улічваючы пастаянную занятасць, надакучылі маладой пары. З’явілася перспектыва пераехаць Карыне ў Колкі і ўладкавацца тут бухгалтарам, што ў хуткім часе і здзейсніцца. Мікалай не выключае варыянт застацца тут пасля адпрацоўкі. Ёсць планы ў маладога спецыяліста працягваць павышаць свой адукацыйны ўзровень: запрашаюць паступаць у магістратуру.
Старшыня Колкаўскага сельсавета Ганна Сянько выказвае на адрас Мікалая задаволенасць. Не ўтойвае, што хлопец карыстаецца аўтарытэтам і сярод калег, і сярод жыхароў аграгарадка. Ведаючы, што адпачынак у моладзі тут абмежаваны, Ганна Уладзіміраўна, далучаючыся да нашай разўмовы з Мікалаем, прапаноўвае наведваць Дом культуры. Тут вечарамі можна пагуляць у більярд. Мікалай задаволена ўсіміхнуўся і адразу спытаў пра заняткі валейболам.
Ганна Уладзіміраўна адказала, што гэта не праблема: школьная спартзала свабодная па вечарах для камандных гульняў.
Тут жа ў кабінет да галоўнага эканаміста завіталі механізатары, якія прынеслі пуцявыя лісты.
— Гэтыя лічбы для мяне заўсёды былі цікавыя, — адзначае, папраўляючы свой русы кучаравы чуб, Мікалай. — Злуюся, нешта не атрымліваецца, але калі ўсе лічбы зыходзяцца, то атрымліваеш сапраўднае задавальненне. Кіраўнік наш патрабавальны, строгі, але так і павінна быць. Сельская гаспадарка не церпіць несур’ёзнасці. Скажу, што нам ёсць над чым працаваць, каб узняць вытворчыя паказчыкі, дасягнуць станоўчага стабільнага фінансавага становішча. Вядома, што да канца года пастаўлена задача давесці сярэднюю заработную плату не ніжэй 500 рублёў. Працуем над гэтым. Сёлета мы не страцілі ніводнае зярнятка, нават засмечанае завезлі на рыбгас і атрымалі капейку.
Цяпер колкаўскія працаўнікі не спыняюць работу на палях. Чакае ўборкі 100 гектараў кукурузы. Кіраўнік сельгаспрадпрыемства адзначыў, што спецыяльна чакалі пагодлівых дзянькоў, бо дасушваць зерне на сушылках — гэта зноў траціць дадаткова грошы. Заклалі насенны фонд на 1400 гектараў плошчы. Больш за 600 гектараў пасеялі ўжо азімых. Гэтай работай заняты Мікалай Сенька. Працягваецца ворыва і дыскоўка глебы.
Людзей не хапае, але спраўляюцца тым саставам, што маюць на сёння. Ёсць новая тэхніка: КВК, два КУНы, два трактары “Беларус-892”. Няма і спецыялістаў сярэдняга звяна: галоўнага інжынера, галоўнага ветурача, галоўнага заатэхніка, так што Сяргей Пятровіч шчыра запрашае.
А мы жадаем нашым аграрыям моцнага здароўя, вытворчага і фінансавага поспеху і выхаду на больш высокія прыступкі.

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о