Трохмесячны марафон конкурсу вясёлых і знаходлівых вечарам у пятніцу сарваў фінішную стужку. Дайсці да апошняга этапа хапіла моцы толькі пяці найлепшым камандам, хаця стартавалі дваццаць.

Сёлета праграма Сезона гульняў школьных каманд КВЗ “У будучыню з усмешкай” была кшталту спартыўных спаборніцтваў – выбывалі слабейшыя. Таму фіналісты, будучы лепшымі ў гумары, кемлівасці і артыстызме, у той вечар стварылі ў раённым Доме культуры феерычнае шоу.

У любой праграмы будзе поспех, калі ёсць магчымасць жартаваць над сабой і тым, што побач.  Напэўна, цяпер многія жарты каманд будуць разабраныя на фразы, бо тычацца набілых аскоміну тэм будаўніцтва “Еўраопта”, аварыйнага маста праз Прыпяць на Жыткаўшчыне, “калійшчыкаў”, “дзядзькі Вані” Браіма.

Каманда “Дзеці Бузавай” са Смятанічаў дала меркаванне, што ў гэтай медыйнай асобы ўсё ж больш сыноў, якія аж мараць пайсці ў войска, асабліва малодшы Саня – “цвік” кожнага выхаду каманды на сцэну.

Насупраць, царэўны і ўсходнія прыгажуні на любы густ – асноўны склад каманды “Next” з Брынёва. Да таго ж менавіта яны ведаюць, што любіць вёску, значыць, проста не ехаць у Петрыкаў.

Каманда сярэдняй школы № 1 “Дзеці 2000-ых” падарыла нашым педагогам новую форму зносінаў – ідэю стварэння “Таварыства ананімных настаўнікаў”.

Здаецца, самымі юнымі артыстамі на сцэне была каманда “NaStile” раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Яны ж і самыя музычныя, самыя непасрэдныя.

Але ж па гумары і вынаходлівасці не было роўных гімназістам – камандзе “Гарвард”. Яны і “Славію” зноў абрабавалі, і выканалі мару многіх – спалілі гімназію, і тонкасці жаночай фігуры абмеркавалі, і акцыю па выратаванні ад голаду афрыканскіх дзяцей правялі, і гімн “Еўраопту” склалі. А іх “Валодзя” хутчэй за ўсё стане хадзячай назвай. Таму менавіта яму, Уладзіміру Булаву, журы прысудзіла перамогу ў намінацыі “Cоmedу Star”.

Як сказаў вядучы праграмы Арцём Швец, кожны мае права выказваць сваё меркаванне, але ў журы яно было адзінагалосным. Намінацыя “Мега-крэатыў” была аддадзена камандзе “Next”, а за лепшы жарт – “Дзецям 2000-ых”.

Бясспрэчным пераможцам Сезона гульняў стала каманда гімназіі “Гарвард”. Крыху менш балаў набралі “NaStile” цэнтра творчасці і сталі дыпламантамі ІІ ступені. А трэцяе месца заваявала каманда “Дзеці 2000-ых” сярэдняй школы № 1.

КВЗ не скончыўся, ён затаіўся і чакае наступнага сезона, падслухоўваючы новыя жарты і назіраючы за недарэчнасцямі жыцця, запрашаючы нас у “Таварыства ананімных КВЗэшнікаў”.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

IMG_6189 IMG_6228 IMG_6233 IMG_6283 IMG_6334 IMG_6392 IMG_6514 IMG_6570 IMG_6643 IMG_6661 IMG_6695 IMG_6786 IMG_6986 IMG_7013_1

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о