Петрыкаўскім філіялам абл-спажыўтаварыства ў насельніцтва сёлета закуплена 40,7 тоны сельгаспрадукцыі раслінаводства

Гародніна закладзена на захаваннеДля захавання стабільнай сітуацыі на спажывецкім рынку і каб пазбегнуць рэзкага павелічэння росту коштаў на плодаагароднінную прадукцыю ў міжсезонны перыяд штогод праводзіцца фарміраванне стабілізацыйных фондаў. Па рашэнні аблвыканкама сёлета ў стабілізацыйныя фонды для забеспячэння жыхароў вобласці мяркуецца закласці 8 тысяч тон бульбы, 11 тысяч тон іншай гародніны і 1,75 тысячы тон яблыкаў. Аб’ёмы закладкі вызначаны з улікам патрэбы ўнутранага рынку ў свежай гародніне і садавіне ў міжсезонны перыяд, а таксама ўмоў для забеспячэння яе захаванасці. Стабілізацыйныя фонды сфарміраваны, галоўным чынам, сельгасвытворцамі і арганізацыямі гандлю.

У нашым раёне стабілізацыйны фонд складае 50 тон бульбы, 60 тон іншай гародніны і 10 тон яблык. Захаванне прадукцыі адбываецца на базе гароднінасховішча раённага філіяла аблспажыўтаварыства. Таксама філіялам заключаны дагаворы на захаванне прадукцыі з трыма фермерскімі гаспадаркамі з Альшан Брэсцкай вобласці і Турава.

Забеспячэнне свежай плодагародніннай прадукцыяй, у тым ліку ў сельскай мясцовасці, ускладзена на спажывецкую кааперацыю, якая закупляе ў тым ліку і “лішкі” прадукцыі ў насельніцтва. У вобласці да нарыхтовак прыцягнута 135 прыёмных нарыхтоўчых пунктаў і 853 гандлёвыя аб’екты. Асноўная частка прадукцыі, якая закупляецца, якраз і паступае ва ўласную гандлёвую сетку, частка – пастаўляецца ў бюджэтныя арганізацыі і іншым суб’ектам гандлю вобласці.
Петрыкаўскім філіялам аблспажыўтаварыства па дадзеных на пачатак лістапада ў насельніцтва было закуплена 20 тон бульбы, 5 тон капусты, 4 тоны морквы, 6 тон буракоў сталовых, 5,5 тоны цыбулі і 200 кілаграмаў яблыкаў.

Набываць свежую гародніну і садавіну многія гаспадары аддаюць перавагу на кірмашах. На Гомельшчыне за верасень-кастрычнік на кірмашах рэалізавана больш за 4 тысячы тон сельскагаспадарчай прадукцыі. Ёсць падрабязная статыстыка і па нашым раёне. За гэты час у нас на кірмашах было прададзена 7,5 тоны бульбы, 6,5 тоны капусты, 5,7 тоны цыбулі, больш, чым па 2 тоны морквы і буракоў і больш, чым тона яблыкаў. Прычым сярод прадаўцоў, якія прапануюць прадукцыю на кірмашах, гаспадароў з “лішкамі” ўдвая больш, чым індывідуальных прадпрымальнікаў.
З улікам спрыяльных умоў надвор’я да канца лістапада кірмашы будуць працягвацца. Выгадаваная аграрыямі і насельніцтвам прадукцыя дазваляе да новага ўраджаю мець кожнаму свежую гародніну на стале. А тым, хто сам вырошчвае прадукцыю і атрымаў “лішак” – зарабіць грошы.

Арыенціровачныя закупачныя цэны на прадукцыю ад насельніцтва

Бульба – 30-37 капеек за кілаграм; капуста – 20-25 капеек; морква – 35-40 капеек; буракі – 28-30 капеек; цыбуля – 45-50 капеек; яблыкі – 1,2-1,5 рубля за кілаграм. Актуальныя цэны ўдакладняйце ў прыёмных пунктах і магазінах.

Алена БРУЦКАЯ,
па інфармацыі аддзела эканомікі райвыканкама.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о