Механізатар РСУП “Агра-Ляскавічы” Уладзімір Глазуноў
Механізатар РСУП “Агра-Ляскавічы” Уладзімір Глазуноў

Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ў клопатах падрыхтоўкі тэхнікі да пачатку палявых работ. Варта адзначыць, што распрацаваныя графікі пастаноўкі трактароў, агрэгатаў і камбайнаў, нягледзячы на ўзнікаючыя цяжкасці, якія носяць у асноўным фінансавы характар,  прытрымліваюцца. Створаны рамонтныя брыгады, за сельгастэхнікай замацаваны механізатары.

Згодна з графікам на рамонце ў мехмайстэрні ААТ “Агра-Пціч” знаходзяцца культыватары і гноераскідвальнікі – яны першымі выйдуць на палі ўвесну. Рамантуецца таксама пасяўны агрэгат АПП-6. Падрыхтоўкай яго  займаецца вопытны механізатар, сейбіт Васіль Дудко.

– Імкнуся надзейна падрыхтаваць давераны мне агрэгат, звяртаю ўвагу на ўсе дробязі, каб у час пасяўной сеялка працавала без паломак, – адзначыў механізатар.

Рыхтуецца тэхніка і ў аддзяленні “Конкавічы” ААТ “Агра-Слабада”. Як адзначыў галоўны інжынер гаспадаркі Аляксандр Пракапенка, на сёння ўжо чакаюць выхаду ў поле два плугі, дыскатар АПД-7,5 і раскідвальнік арганічных угнаенняў МТУ-18. Зараз жа на рамонце знаходзіцца дыскатар БДТ-3,2. У бліжэйшы час да яго далучыцца яшчэ адзін АПД-7,5. Рамонт пасяўных агрэгатаў запланаваны на люты. У апошнюю чаргу будзе ажыццяўляцца падрыхтоўка збожжаўборачнай тэхнікі.

– Рамантуем агрэгаты па графіку і па факце набыцця  запчастак. Для падрыхтоўкі тэхнікі ў нас створана звяно, у якое ўвайшлі зваршчык Аляксандр Каленік і слесары Аляксей Амельчанка і Раман Вафек. Да іх таксама далучаюцца механізатары, якія замацаваны за  сельгасагрэгатамі, – паведаміў Аляксандр Пракапенка.

Слесар РСУП “Агра-Ляскавічы”  Рыгор Марціновіч
Слесар РСУП “Агра-Ляскавічы”
Рыгор Марціновіч

З адказнасцю падышлі ў свой час да падрыхтоўкі тэхнікі ў РСУП “Агра-Ляскавічы”.

– Згодна з загадам рамонтнымі работамі ў нас займаюцца зваршчык, токар і тры слесары, – паведаміў галоўны інжынер гаспадаркі Леанід Бамбіза. – Першапачаткова мы паставілі на рамонт энерганасычаныя трактары – у трох з іх адправілі на розныя абслугоўваючыя арганізацыі рухавікі. Адзін з іх ужо гатовы, і мы адшукваем сродкі, каб яго забраць. Таксама на рамонце з рухавікамі знаходзяцца тры трактары “Беларус-82”. Для іх часткова закуплены неабходныя запасныя часткі і па выхадзе з адпачынку рыхтаваць замацаваныя трактары будуць механізатары.

Як адзначыў Леанід Леанідавіч, зараз пачалі рамонт пасяўнога агрэгата АППМ-6. Для гэтага закупілі падшыпнікі, замена якіх ужо завяршаецца. Таксама будуць заменены сапсаваныя дыскі. Крыху раней брыгада рамонтнікаў падрыхтавала ўжо дзве кукурузныя сеялкі ТСМ-8000.

Чакае сваёй чаргі ў мехмайстэрні кормаўборачны камбайн “Ягуар”. Запасныя часткі на яго заказалі.

Зваршчык ААТ “Агра-Слабада”  Аляксандр Каленік
Зваршчык ААТ “Агра-Слабада”
Аляксандр Каленік

Механізатар, ён жа і слесар ААТ “Агра-Слабада” Аляксей Амельчанка
Механізатар, ён жа і слесар
ААТ “Агра-Слабада” Аляксей Амельчанка

Механізатар ААТ “Агра-Пціч”  Васіль Дудко
Механізатар ААТ “Агра-Пціч”
Васіль Дудко

Што датычыць збожжаўборачных камбайнаў, пасля жніва была праведзена дэфектоўка, пасля чаго іх паставілі на захоўванне. Па словах галоўнага інжынера, камбайны ў цэлым спраўныя, значнага рамонту не патрабуецца.

А вось з падрыхтоўкай гноераскідвальнікаў узніклі некаторыя цяжкасці. Як адзначыў Леанід Бамбіза, калі механічную частку іх адрамантавалі, дык за коламі паўстала затрымка. І ў асноўным абумоўлена фінансавымі прычынамі.

Увогуле абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ў гаспадарцы ідзе згодна з планам. Вось толькі не змаглі летась купіць кормаўборачны камбайн КВК-800.

– Патрэба ў такім камбайне наспела, – дзеліцца думкамі Леанід Леанідавіч. – “Ягуару” ўжо 11 гадоў, нярэдка выходзіць са строю, а запчасткі на яго вельмі дарагія. А новая тэхніка ў дадатак да існуючай дае пэўныя перспектывы. Таму, калі атрымаецца, пастараемся набыць сёлета тэхніку ў лізінг.

Па словах Леаніда Бамбізы, нягледзячы на недахоп фінансавых сродкаў, выпрацоўваюцца розныя варыянты для закупкі запчастак, у тым ліку за кошт сродкаў ад рэалізацыі збожжа, жывёлы, шляхам пераводу запазыкі. Так што настроены на тое, што ўся тэхніка тут выйдзе ў поле своечасова.

Дзмітрый АЯКСАНДРАЎ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о