Пачаткам навагодняй абласной акцыі “Нашы дзеці” стала шанаванне лепшых навучэнцаў устаноў адукацыі вобласці на губернатарскім прыёме. Штогод перад галоўным зімовым святам у абласны грамадска-культурны цэнтр запрашаюцца тыя, хто сваімі ведамі і працай праслаўляў Гомельшчыну.

Ганаровыя стыпендыяты
Сёлета гонар прадставіць Петрыкаўшчыну выпаў навучэнцам гімназіі дзесяцікласніцы Кацярыне Ганцэвіч і адзінаццацікласнікам Марыі Кудравец і Паўлу Шлягу, шматразовым пераможцам абласнога этапу алімпіяд па вучэбных прадметах.
За высокія вынікі ў інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці, менавіта так пазначана ў сертыфікатах, гімназісты атрымалі прэміі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта. На гэты раз высокую ўзнагароду пяцідзесяці лепшым навучэнцам вобласці ўручалі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч і намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Прывалаў.
У абласным грамадска-культурным цэнтры ўдзельнікам цырымоніі таксама была прапанавана канцэртная праграма, падрыхтаваная юнымі талентамі Гомеля. Асабліва яркім уражаннем, як расказалі нашы гімназісты, сталі імянныя талісманы ў выглядзе елачных шароў, якія ім давялося самім адшукаць на навагодняй прыгажуні.
Дзелячыся ўражаннямі, сёлетнія ўладальнікі губернатарскай прэміі не прамінулі выказаць удзячнасць сваім настаўнікам – Аляксандру Дарошку, Людміле Мчэдлавай, Людміле Хільман, Галіне Сярапінай і Дзіне Кісялёвай, бацькам і многім іншым, хто дапамагаў, падтрымліваў і верыў у іх.
У розныя гады ўжо сем навучэнцаў нашай гімназіі былі ўдастоены губернатарскай прэміі. Раней на такіх урачыстасцях узнагароды атрымалі Міша і Андрэй Юркаўцы, Мікіта Андрук і Ліза Карась. Важна таксама нагадаць, што Андрэй Юркавец, Мікіта Андрук і Павел Шляга ў тым ліку былі стыпендыятамі рэспубліканскага фонду для адораных дзяцей.
– Мы рады, што ў нашай вобласці ўшаноўваюць дзяцей, якія прыносяць славу свайму раёну і вобласці, – з гонарам адзначыла дырэктар гімназіі Людміла Хільман. Там іх радыя бачыць, ацэньваюць іх працу па заслугах, звяртаюцца, як да роўных. Упэўнена, што ўсе нашы дзеці дастойныя высокіх узнагарод. Алімпіяда, а менавіта яе вынікі становяцца вырашальнымі для такой высокай узнагароды, – гэта асаблівы від спаборніцтва. Тут поўнасцю выключана дапамога настаўніка. Толькі ўласныя веды вучня, набытыя і адточаныя штодзень цяжкай працай, атрымліваюць адзнаку. Увогуле за любое старанне і дасягненне вучань павінен атрымліваць узнагароду. У ім праца дзіцяці і яго настаўніка. Гэта стымул для далейшага росту. Важна не выпусціць момант і матываваць вучня да далейшага росту.
Калі ёсць настаўнік, то ёсць і вучань. І ніяк не наадварот. Адзін, без дапамогі настаўніка, ён не дасць рады плыні ведаў. Дзякуючы нашым вопытным, апантанным працай педагогам мы маем такія вынікі. І з кожным годам яны лепшыя, павялічваецца колькасць стыпендыятаў, пераможцаў навучальных і творчых конкурсаў і алімпіяд. Мая шчырая ўдзячнасць усім педагогам і вучням, якія гараць жаданнем ісці ўперад, годна несці імя гімназіста.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о