Цёплым сакавіцкім днём мы спяшаліся ў Залессе. Нагодай для паездкі стаў 95-ты дзень нараджэння ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Анатолія Лук’янавіча Куца. Свой значны юбілей ветэран сустракаў у добрым настроі сярод любячых родных, удзячных землякоў, прадстаўнікоў кіраўніцтва раёна і раённага савета ветэранаў.

Прыгожы юбілей стаў сапраўдным святам не толькі для сям’і Анатолія Лук’янавіча, таму і адзначалі яго ў сельскім Доме культуры. Са словамі віншавання ад імя кіраўніцтва раёна і раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” і пажаданнямі моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця да юбіляра звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько:
– Ваша жыццё – гэта ўзор мужнасці і гераізму, прыклад самаадданага служэння Айчыне ў гады ваеннага ліхалецця і ў ня-просты пасляваенны час. Вы – наша жывая гісторыя, яе гераічная і слаўная старонка.
Старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Жукавец адзначыў жыццялюбства Анатолія Лук’янавіча, яго трываласць і стойкасць.
З віншаваннямі да ветэрана звярнуліся і навучэнцы Залескай школы. Пранікнёныя вершаваныя радкі і музычны падарунак з нагоды юбілею – знак павагі і пашаны герою, чый няпросты жыццёвы лёс вядомы кожнаму залескаму школьніку.
З музычным падарункам да юбіляра завіталі і артысты Чалюшчавіцкага Дома культуры.
Так, святочны дзень падараваў многа прыемных хвалюючых хвілін і няхай яны будуць падзякай і ўзнагародай за нягоды і выпрабаванні, што выпалі на долю ветэрана.
Доўгае жыццё не пазбавіла памяць успамінаў пра вайну. І па сённяшні дзень яна застаецца жывой ранай, якая час ад часу крываточыць. 15-гадовым падлеткам сустрэў Анатолій Лук’янавіч вайну ў чэрвені 1941, салдатам-вызваліцелем вітаў Перамогу ў логаве фашызму – Германіі ў маі 1945.
Пасля вызвалення Беларусі нашага героя, які на той час дасягнуў прызыўнога ўзросту, мабілізавалі ў войска. Неаднаразова глядзеў у вочы смерці за гэты год, аднак лёс быў літасцівы да Анатолія Лук’янавіча, артылерыста, камандзіра гарматы. Ніколі не сумняваўся наш ветэран-юбіляр у перамозе над гітлераўскай Германіяй – па-іншаму і быць не магло.
Пераможным маршам змерыў ён Польшчу, Усходнюю Прусію, Германію. Сярод баявых узнагарод Анатолія Лук’янавіча – Ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі за ўзяцце Кёнігсберга і за перамогу над Германіяй, медаль за баявыя заслугі, а таксама шэраг юбілейных узнагарод.
Анатолій Лук’янавіч родам з Брэстчыны, але вось ужо 70 гадоў жыве ў Залессі. Лес, якога ў роднай вёсцы нашага героя не было, прывабіў, зачараваў і прымусіў застацца. Тут стварыў сям’ю з мясцовай прыгажуняй Валянцінай, пабудаваў дом, які ў хуткім часе напоўніўся смехам дзяцей: двух сынкоў і дзвюх дачушак. Трыццаць чатыры гады сумеснага шчаслівага жыцця было адмерана лёсам ім з Валянцінай, і вось ужо амаль сорак гадоў Анатолій Лук’янавіч жыве адзін, запаўняючы і напаўняючы сваё жыццё клопатамі па гаспадарцы і думкамі пра дзяцей, унукаў і праўнукаў, апошніх у яго 15 – 8 праўнукаў і 7 праўнучак.
Згадваючы сённяшнія падзеі ў свеце і краіне, Анатолій Лук’янавіч зазначыў вялікую небяспеку, якую можа несці ў сабе раз’яднанне нацыі.
Мы павінны быць адзінымі і цвёрдымі ў сваім жаданні і намерах берагчы родную Беларусь – як запавет гучаць нам словы ветэрана.
Анатоль Лук’янавіч, прымайце нашы віншаванні разам з пажаданнямі моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о