Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць людзі, чый службовы клопат – захаванне нашага матэрыяльнага дабрабыту і камфортнага пражывання ў самых непрыемных жыццёвых сітуацыях.

Галоўнае – давер людзей

Гэтыя людзі – страхавыя агенты. Іх мы заўсёды з удзячнасцю ўспамінаем тады, калі здарыўся той самы страхавы выпадак, ад якога яны пераканалі нас засцерагчыся. Успамінаем і тады, калі страхавы выпадак наступіў, а мы, прая-віўшы неабачлівасць, аказаліся да яго не гатовыя. Страхавы агент. Якімі асабістымі якасцямі павінен ён валодаць у дадатак да прафесійнай кампетэнтнасці? Адназначна высокім узроўнем стрэсаўстойлівасці, дададзім яшчэ камунікабельнасць вышэйшага гатунку, не забудзем і пра неабходнасць быць псіхолагам. Усё гэта ў поўнай меры адносіцца да Ганны Шпак (на здымку), прывабнай жанчыны, якая 30 гадоў з 70 пражытых (так-так, карэспандэнт не памыліўся) аддала любімай рабоце. У прафесію прыйшла ў сталым узросце і ніколі не пашкадавала пра свой выбар. Галоўным у прафесіі страхавога агента лічыць давер людзей.

“Няпроста стала яго заслужыць апошнім часам, – разважае Ганна Уладзіміраўна, – усё меней ахвотна заключаюць страхавыя дагаворы грама-дзяне. Матэрыяльныя праблемы вымушаюць кліентаў адмаўляцца ад нашых паслуг. З людзьмі сталага ўзросту ў гэтым накірунку працаваць прасцей: жыве на вёсцы звычка берагчы, клапаціцца пра нажытае, таму ахвотней страхуюць жыллё, маёмасць. Раней былі яшчэ жывёлы, але за апошнія 2 гады гэты від страхавання адышоў у нябыт. На сённяшні дзень у вёсках, якія я абслугоўваю (а гэта Славінск, Дарашэвічы, Ляскавічы, Баклань, Піліпоны, Брынёў, Молат), засталіся дзве кароўкі. Ды і колькасць жыхароў з кожным годам нязменна памяншаецца”.

Аднак Ганна Уладзіміраўна цвёрда ўпэўнена, што ад яе прафесіяналізму многае залежыць. Пэўна з гэтай прычыны ў жанчыны няма праблем ні з выкананнем плану, ні з захаваннем і павелічэннем колькасці кліентаў. І справа тут не толькі ў прэміяльных выплатах. Для многіх кліентаў яна стала сямейным страхавым агентам: услед за бацькамі заўсёды ветлівую і тактоўную Ганну Уладзіміраўну выбіраюць і дзеці, якія сталі дарослымі, набылі ўласнае жыллё і маёмасць, а значыць і варыянты страхавых выпадкаў. Ёсць іншагароднія кліенты. У пераважнай большасці гэта тыя, хто стаў спадчыннікам маёмасці, страхаваннем якой займалася Ганна Уладзіміраўна.

Канешне, няма ніякіх праблем застрахаваць маёмасць па месцы жыхарства, але выбіраюць нашу гераіню, пераводзяць на банкаўскую картку грошы, яна ў сваю чаргу адсылае дагавор па пошце. Можна было б прасцей? Магчыма. Але ў гэтым і крыецца прафесіяналізм вышэйшага гатунку – аднойчы застрахаваўшыся, не хочацца адмаўляцца ад паслуг Ганны Ула-дзіміраўны.

“ Словы ўдзячнасці хачу сказаць старшыням сельскіх Саветаў, – працягвае свой аповед наша гераіня. – Супрацоўніцтва з імі – відавочная палёгка ў маёй рабоце. Менавіта ад іх часам я даведваюся пра новых жыхароў, яны інфарміруюць мяне і пра дачнікаў, якіх у сезон нямала збіраецца па вёсках. Ад іх, здараецца, прыходзіць паведамленне і пра наступленне страхавога выпадку – настолькі клапоцяцца пра сваіх людзей старшыні. Я таксама ім не адмаўляю ў дапамозе: выступаю часам кур’ерам – перадаю і дастаўляю дакументы”. Многае ў нашым жыцці трымаецца на спагадлівых людскіх узаемаадносінах, лічыць наша гераіня. Магчыма, у гэтым сакрэт яе прафе-сійнага і асабістага шчасця.

“Можа вам гэта здасца дзіўным, – звяртаецца да мяне Ганна Уладзіміраўна, – але я ўначы прачынаюся ад думак пра работу. Узрост і прафесійны стаж у мяне немаленькія, але мне па-ранейшаму цікава працаваць. Ну а тое, што спецыяліст я запатрабаваны і ў кіраўніцтва, і ў кліентаў, надае мне ўпэўненасці, сілы, настрою і жадання працаваць. Напярэдадні прафесійнага свята хачу павіншаваць кіраўніцтва і сваіх калег, пажадаць усім моцнага здароўя, душэўнага спакою і дабрабыту”.
Паважаныя страхавыя работнікі, калектыў рэдакцыі віншуе вас з прафесійным святам і жадае новых магчымасцяў і перспектыў.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о