Цікава, ці будзе праз гадоў 50 вайна чалавека з робатам? Магчыма, так. Усе гэтыя прадказанні маюць права на існаванне. Ужо цяпер аўтаматызаваныя сістэмы добра ўкараніліся ў паўсядзённае жыццё. Не трэба далёка хадзіць. Так, у РСУП “Агра-Ляскавічы” на малочнатаварным комплексе, у памяшканні № 10, шэсць робатаў галандскай вытворчасці цудоўна спраўляюцца з даеннем некалькіх соцень кароў.

Днямі я надведалася на сельгаспрадпрыемства, каб на свае вочы пабачыць, як усё адбываецца.

Малады аператар робатадаення Васіль Краўчанка паведаміў, што на комплексе працуе з моманту яго адкрыцця каля сямі гадоў. Мужчына мясцовы. Пасля заканчэння школы адслужыў ва ўнутраных войсках МУС. Давялося ахоўваць зняволеных у Оршы. Была прапанова застацца пасля сканчэння тэрміновай службы, але прыняў рашэнне вярнуцца на малую радзіму. Мае сям’ю. Жонка працуе ў Музеі прыроды ў Ляскавічах. Старэйшая дачка Ангеліна набывае медыцынскую спецыяльнасць у каледжы, малодшая Алеся яшчэ школьніца.

Аператар робатадаення Васіль Краўчанка
Аператар робатадаення Васіль Краўчанка

Што датычыць працы, то першапачаткова Васіля Віктаравіча і іншых жывёлаводаў рабатызаванай фермы навучалі спецыялісты з Гродна, якія бачылі, як насамрэч гэта дзейнічае ў Галандыі. Нічога складанага, са слоў аператара, тут няма. Буронкі па меры патрэбы самі навучыліся падыходзіць да робатаў. Пакуль рагуля спажывае камбікорм у кармушцы, яе вымя ачышчаецца і масіруецца. Спецыяльны лазерны датчык наводзіць на саскі апарат, які сам і падключаецца. На міні-маніторы ідзе інфармацыя, ці ўсе саскі выдойваюцца. Адразу пры мне выйшла інфармацыя, што адзін сасок не працуе. Апарат здымаецца і зноў падключаецца. Вось цяпер усё пайшло, як патрэбна. Праз нейкія 5 хвілін бачна, колькі карова дала малака.

– У нас тут ёсць рагулі надзвычай “працавітыя” – па 30-40 літраў за суткі даюць, – гаворыць Васіль Віктаравіч. – На працу я заступаю на суткі. Двое сутак адпачываю, затым зноў на змену. Разам са мной у памяшканні працуе жывёлавод, які раздае кармы, заганяе жывёлу, трымае ў чысціні вытворчае памяшканне.

Я падыходжу да Пятра Аскеркі. Пётр Віктаравіч паведаміў, што жывёлаводам працуе другі год. Да гэтага быў заняты на сталічным ВА “Інтэграл”, барысаўскім заводзе “Аўтагідраўзмацняльнік”. Па спецыяльнасці мужчына слесар-рамонтнік. Цяпер вось пайшоў у жывёлагадоўлю і не шкадуе. Жывёлу любіць, нахвальвае, гаворыць, што буронкі ляскавіцкія цудоўныя.

Жывёлавод Пётр Аскерка
Жывёлавод Пётр Аскерка

Хто б сумняваўся? Менавіта з гэтага комплексу па выніках работы за мінулы год у раённым спаборніцтве выйшла па паказчыках на другую прыступку аператар машыннага даення Жанна Аўдзеева.

А мы накіраваліся ў Брынёў на ферму мяснога накірунку, дзе ўтрымліваюцца сапраўдныя прыгажуны – абердзіна-ангускай пароды, так званыя кароўкі і бычкі з мармуровым мясам.

Гасцінна сустрэў нас заатэхнік-селекцыянер, выканаўца абавязкаў загадчыка комплексу Уладзімір Шыбайла. Мы аднойчы пісалі пра Уладзіміра Уладзіміравіча, яго захапленні ткацтвам. Увогуле, ён добры гаспадар, шматгранны чалавек.

Заатэхнік-селекцыянер Уладзімір Шыбайла са сваімі гадаванцамі
Заатэхнік-селекцыянер Уладзімір Шыбайла са сваімі гадаванцамі

У пакоях для прыёму ежы, адпачынку, прыбіральнях і душавых тут сапраўдны парадак. Ёсць пральная машына. Усе пакоі адміністрацыйнага будынка аздоблены шматлікімі пакаёвымі кветкамі. Гэта таксама ініцыятыва Уладзіміра Уладзіміравіча.

На тэрыторыі комплексу шчыравалі жывёлаводы. Іх тут усяго пяць чалавек.

Працяглым рыкам сустрэлі мяне прыгажуны-абердзіны. На кароткіх нагах, з магутным, буйным целам, чорнай бліскучай поўсцю і, скажу вам, разумным позіркам шыкоўных вачэй. Быкі нават чымсьці падобныя на зуброў: з невялікім горбам на спіне.

– Першыя 364 галавы мармуровай буйной рагатай жывёлы сюды завезлі з Венгрыі, – казаў Уладзімір Уладзіміравіч. – У 2012 годзе завозілі такую ж пароду ўжо з Расіі, з Варонежскай вобласці.

Па стане на 1 студзеня 2018 года тут утрымліваецца 1397 галоў. Сярэднясутачныя прывагі складаюць 700 грамаў.

Народжаныя цяляткі знаходзяцца разам з каровай да 7-8 месяцаў. За гэты час яны дасягаюць 215-230 кілаграмаў. Дарослыя рагулі важаць у сярэднім 750 кілаграмаў, быкі значна больш. Малако ў кароў вельмі тлустае, але яго няшмат, бо жывёла не малочнага накірунку. І ўсё ж цялятам хапае і яны добра падмацоўваюць імунітэт на матуліным малачку.

Два гады таму выхад цялят на сто кароў складаў 93%, сёлета  –57%.

Як бачыце, тут чорная парода абердзінаў, а ў Найдзе ў нас чырвоная мармуровая жывёла. Што датычыць кармавой базы, то рацыён звычайны.

Жывёла са своеасаблівым норавам. Калі мы забіраем падрослых цялят, то каровы сцяной становяцца і засланяюць іх ад нас.

Развітваючыся, пажадала жывёлаводам добрых валавых прываг і важкіх кашалькоў!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о