12 прыгожых дзяўчат і 12 мужных хлопцаў 6 красавіка на сцэне абласнога драматычнага тэатра змагаліся за тытул “Міс і містар Гомельская вобласць”.
У выніку даволі складаных спаборніцтваў тытул “Міс Гомельская вобласць” атрымала наша зямлячка Маргарыта Валодзькіна, тытул першага віцэ-містэра ў Аляксандра Яцука з Мышанкі.
Узнагароды “Міс талент” удастоена Юлія Герасіменка з Курыцічаў, а “Містэрам інтэрнэт” стаў петрыкаўчанін Сяргей Ярмалюгін. За якога, між іншым, прагаласавала больш 1000 карыстальнікаў інтэрнэту.
У першым дэфіле ўдзельнікі выйшлі ў вопратцы беларускіх дызайнераў – гэта сучасныя трыкатажныя сукенкі і світшоты, упрыгожаныя “вышыванкай”.
Другі выхад быў прысвечаны класічным вобразам. Элегантныя касцюмы і паліто выгадна падкрэслівалі спартыўныя фігуры.
У трэцім дэфіле была раскрыта тэма купальскай ночы: вянкі з папараці ўпрыгожвалі валасы дзяўчат, а белыя купальнікі дазвалялі разглядзець вытанчаныя фігуры мадэляў.
Апошні выхад, здаецца, сабраў больш за ўсё апладысментаў, – пад рытмы танго нашы героі выконвалі танцавальныя “па” і складаныя танцавальныя падтрымкі.
Варта адзначыць, што на сцэне не менш эфектыўна выглядалі нашы землякі Настасся Серык і Мікіта Еўтушэнка. Упэўнена, што для юнакоў гэта не апошні конкурс. Хто ведае, мабыць, праз час мы будзем глядзець на іх у эфіры конкурсу “Міс і містар Беларусь”. Яны таго варты. Ці правядзем асабісты конкурс у Петрыкаве?
Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,
фота аўтара.
Оставить комментарий