Абвешчаны Прэзідэнтам сёлетні Год малой радзімы падыходзіць да завяршэння. Дастаткова тэматычных праграм і мерапрыемстваў у розных галінах адбылося па ўсёй краіне. Але гэта не значыць, што пра маленькія вёсачкі і людзей, хто застаўся там жыць, па заканчэнні гэтага года мы забудзем. Зразумела, не.

Гэтая тэма глабальная. Не сакрэт, што цяперашнюю моладзь не прывабліваюць ціхія вясковыя вуліцы і адсутнасць выгод. У маленькіх населеных пунктах дажываюць свой век тыя, хто некалі ездзіў на так званыя заработкі і цягнуў на плячах мех зерня, каб пракарміць сям’ю, уручную праполваў на калгасных палях кукурузу, цыбулю, буракі, мяту, выдойваў кароў, карміў цялят і парсюкоў, віламі закідваў на трактарны прычэп гной і такім жа чынам раскідваў яго па палях, будаваў хаты і выхоўваў па меншай меры пяцёх дзяцей. Тыя дзеці вырасталі самастойнымі, працавітымі і таксама станавіліся добрымі бацькамі, бо ведалі, што сям’я – гэта аснова жыцця.

У адзін з кастрычніцкіх дзён бібліятэкар з Камаровічаў Галіна Касінская запрасіла нас паехаць разам у Фаставічы. Яна па сваіх справах: даставіць часопісы і кнігі сваім чытачам, а мы па сваіх – пазнаёміцца і пагутарыць з мясцовымі жыхарамі. Некаторых з іх я ўжо добра ведаю. Пісала, напрыклад, пра жыццё былой настаўніцы Тамары Шурпач. Яна, дарэчы, разгарнула перад намі летапіс вёскі, які складала сама, і пачала распавядаць, адкуль і як узнікла вёска.

Летапіс былой настаўніцы

– Гадоў пяцьдзясят таму са слоў мясцовага жыхара Якіма Чычыкайлы я запісала, што Фаставічы ўзніклі ў 1863 годзе, – адзначыла Тамара Паўлаўна. – 15 гаспадароў выкупілі ў дзяржлясгасе землі і пасяліліся на правым беразе Арэсы. Там, дарэчы, раней плавілі жалезную руду. І да сёння назва ўрочышча засталася “Рудня”. На левым беразе пасля меліярацыі па крузе пачалі будавацца хаты. Так і з’явілася вёска. А назва Фаставічы, напэўна, ад слова “хвост”, канцавыя землі, бо мы на мяжы Акцябрскага раёна і Любаншчыны. У вёсцы было вялікае возера, але пасля асушэння яно знікла. Ну а пазней за возерам “знікла” школа, магазін, пошта, клуб. Але жывём, змагаемся. Што ж будзе з вёскай без людзей?

Сапраўды, па стане на 1 студзеня 2007 года ў Фаставічах колькасць насельніцтва была 156 чалавек. На гэтую ж дату 2018 года налічваецца толькі 76 жыхароў. Як ні сумна, але вёска драбнее.

На вуліцы Набярэжнай у дзень нашага наведвання было гучна і весела: на Арэсе дамашнія статкі гусей і некалькі пар прыгажуноў-лебедзяў ганяліся па вадзе. Гэтая карціна заварожвала. Вось дзе рай для птушак! Не баяцца лебедзі мясцовых жыхароў, напэўна, і зімуюць тут.

Жыццё фаставіцкага бібліятэкара

Фаставічы – прытулак для лебедзяў. Замалёўка пра малую вёску
Марыя Байкова

– Ой, ды яны ў нас тут заўсёды плаваюць, – адзначае Марыя Байкова, сядзіба якой выходзіць на месца “аквапарка” для птушак. – Я родам з гэтай вёскі, дзявочае прозвішча маё Піткевіч. Бацькі мае (светлая ім памяць)  Вольга Пятроўна і Фурсан Адамавіч былі рабочымі. Нас, дзяцей, было чацвёра, засталося толькі двое.

Тут я скончыла шэсць класаў, а потым перайшла ў Камаровіцкую школу. Скончыла яе ў 1962 годзе. Адразу запрасілі ўзначаліць у Фаставічах клуб і бібліятэку. Праўда, праз два гады я паступіла і завочна скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум.

Ведаеце, калі ўладкавалася на працу, у вёсцы пражывала 680 жыхароў. Толькі чытачоў было ў мяне 500! У 1970 годзе быў узведзены новы будынак бібліятэкі. Адпрацавала бібліятэкарам да 2005 года, потым захварэла і паехала на аперацыю. Год на замене была  іншая жанчына, але яна не пажадала гэтага “хлеба”. У тым жа годзе і закрылі нашу бібліятэку.

Муж мой Аркадзь Сцяпанавіч (светлая яму памяць) нарадзіўся ў Камаровічах, а потым з маці пераехаў у Фаставічы. Прыгажун такі быў! Шмат дзяўчат было ў яго, але выбраў мяне. У 1968 годзе ажаніліся: яму было 19 гадоў, мне – 23. Праўда, дзяцей Бог нам не даў.

Праз два гады пасля вяселля пачалі будавацца. Дарэчы, у нашай вёсцы адны і тыя ж майстры ў той час дамы ўзводзілі. Добрыя былі цесляры! Па вуглах станавіліся і майстравалі зрубы. Гэта Аляксей Шурпач, Сяргей Мушын, Міхаіл Герасімавіч Чычыкайла і Міхаіл Піліпавіч Чычыкайла.

Скажу, цудоўна і весела мы жылі ў тыя гады: арганізоўвалі разам з калектывам школы канцэрты, нават п’есы ставілі, ездзілі выступаць у суседнія раёны. А так за сваё жыццё я нідзе далёка не была ад сваёй вёскі, хіба толькі ў санаторыі “Нарач”.

Гусей заўсёды трымала, вось і цяпер статак ёсць: сама рэжу іх, смалю. Раней пер’е драла ды падушкі рабіла, прадавала.

А яшчэ што цікавага ў нашай вёсцы было? Свята Троіцы ў нас заўсёды адзначалася ўсёй вёскай. Асабліва праз тыдзень пасля яго збіраліся вось тут, каля ракі, распальвалі вялікае вогнішча і спальвалі галінкі клёна і бярозы, цэлую ноч спявалі песні. На мост хадзілі, там таксама спявалі. Адну галінку клёна абавязкова пакідалі дома. Такі звычай у нас: яна ахоўвае дом ад усялякіх бед.

Цяпер сумна ў нас, нешматлюдна. Але знаходжу для сябе занятак. Выпісваю “Аргументы і факты”, “Здароўе пенсіянера” і, зразумела, “раёнку”. Ды і Галіна Сяргееўна нам з Камаровіч з бібліятэкі дастаўляе шмат кніг. Вось, бачыце, прынесла мне раманы, люблю я іх. Ды і муж мой заўсёды шмат чытаў: па 15-17 кніг за месяц.

Збіраемся вёскай каля будынка клуба ў дзень выдачы пенсіі, а зімой – у маёй хаце. Хутка, напэўна, і наш клуб закапаюць. Аўталаўкі, праўда, ходзяць тройчы на тыдзень, усяго хапае з прадуктаў.

Ваенным дзецям палёгкі не было

Фаставічы – прытулак для лебедзяў. Замалёўка пра малую вёску
Марыя Вараб’ёва

– Я, Марыя Фёдараўна Вараб’ёва, – далучылася да размовы суседка Марыі Байковай. – Нарадзілася ў 1942 годзе. Маці мая, Ганна, была з Бобрык, бацька Фёдар Новік – з Фаставіч. З вайны ён вярнуўся хворы. Жыццё маё лёгкім не назавеш. Я скончыла толькі чатыры класы.  Памятаю, як разам з маці мы з лесу на санках дровы вазілі. Нас было двое дзяцей – я і брат. Але брат пайшоў у армію, дзе атрымаў вялікую дозу апраменьвання і памёр у 27 гадоў.

Памятаю, як хадзілі за 20 кіламетраў у вёску Калінаўку за перамерзлай бульбай, а потым з яе маці рабіла бліны і яны мелі пах гнілля.

Муж мой Якаў Платонавіч нарадзіўся ў 1939 годзе. Цяпер вось поўнасцю страціў зрок, але інваліднасці мы не дабіваліся, даглядаю яго сама. Ён трактарыстам працаваў у гаспадарцы. З балота торф вазілі, перамешвалі яго з гноем і атрымліваўся цудоўны кампост, якім абагачалі глебу. Я ў паляводчай брыгадзе была занята.

Нарадзілі мы з мужам чацвярых дзяцей. Сынок памёр у 14 гадоў. Дачка Таццяна ў Гомелі, працуе касірам у банку. Лена ў Капаткевічах, мае траіх дзяцей. Яна бібліятэкар. Наташа жыве на Міншчыне. Таксама маці траіх дзяцей.

Дзеці тэлефануюць нам заўсёды, а вось прыязджаюць, як атрымліваецца.

Ніколі я нікуды не ездзіла з Фаставіч, тут жыццё і пражыла. Мала людзей засталося, моладзь наўрад ці калі тут будзе абжывацца, мы ў гэта не верым. Добра, што яшчэ жывёлагадоўчы комплекс працуе, дык людзей на работу сюды возяць, хоць што жывое навокал.

Арэса наша раней чыстая была, месца для купання цудоўнае. Потым рэчышча выпрамілі, стала яна зарастаць чаротам, вада цяпер каламутная. Ды і ў студнях таксама такая ж вада, ды яшчэ пробы паказалі, што з нітратамі. Але ўсё роўна п’ём яе, куды дзенешся?

Сястра Ева замяніла маці

Фаставічы – прытулак для лебедзяў. Замалёўка пра малую вёску
Соф’я Дробава

Соф’я Дробава адзначыла 79 гадоў з дня нараджэння якраз у кастрычніку, 10 чысла. Жанчына жыве ў Фаставічах на Пясчанай вуліцы. Да яе завіталі таксама.

– Вось толькі сярэдні сын Андрэй паехаў ад мяне, тыдзень быў, праведваў, – распачала Соф’я Іванаўна. – Ён на сталічным заводзе МАЗ працуе галоўным электрыкам.

Старэйшы Іван таксама ў Мінску, працаваў у міліцыі.

Дачка Святлана ў Жлобіне. Яна медсястра. Маю шасцёра ўнукаў і тры праўнучкі.

Без мужа жыву даўно, ён на 58-годзе памёр. Аляксей Сямёнавіч мой (светлая памяць) працаваў вадзіцелем аўтобуса. Я крыху ў паляводчай брыгадзе працавала, затым даяркай на ферме. Да 40-гадовага стажу не хапіла тры месяцы.

Дом мы з мужам будавалі, а да гэтага дзесяць гадоў пражылі з яго бацькамі. Абодва мы мясцовыя.

Селішча маіх бацькоў каля маста. Там мая старэйшая сястра Ева жыве. Яна ў лістападзе 90-гадовы юбілей адзначыла. Нікога ў яе няма, бо давялося нас з братам паднімаць на ногі. Нас, дзяцей, шасцёра было. Некаторыя ў вайну ад тыфу памерлі, маці таксама ад гэтай хваробы зараней пайшла з жыцця.

Я вось жыву, як бачыце. Агарод яшчэ даглядаю, дзеці дапамагаюць. Мінулай зімой дачка мяне ў Жлобін забірала. Цяжка сядзець на тых высокіх паверхах. Выйду на вуліцу, дарожкі снегам пазамятала, я прагульваюся, ды неяк няёмка. Чаму я буду людзям перашкаджаць, блытацца пад нагамі? А дачка гаворыць: “Мама, пайшлі гуляць, мы ж таксама людзі, нікому не перашкаджаем!”

Сёлета таксама да Святланы паеду, але няхай марозы прыйдуць, тады і паеду. Унук машынай прыедзе, забярэ. Бо тут жа няма ўжо нікога на вуліцы. Суседка таксама да дзяцей з’язджае. Крый Божа, упадзеш, зламаеш нагу ці руку, то нікога не дазавешся.

Вось такія новыя знаёмствы адбыліся ў Фаставічах. Прыемныя людзі, без гонару і злосці, без патрабаванняў на лепшае дажываюць тут, не здраджваюць родным мясцінам.

Фаставічы – прытулак для лебедзяў. Замалёўка пра малую вёску
Вуліца Набярэжная ў Фаставічах

Дай вам Бог здароўя, доўгіх гадоў жыцця, большых хвілін радасці і ўсмешак. Бо такія вы цудоўныя, калі ўсміхаецеся!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о