На пачатак года ў населеных пунктах раёна налічвалася 725 пустуючых домаўладанняў, потым былі выяўлены яшчэ 39 такіх. За 10 месяцаў сёлета наведзены парадак на 161 участку былых падворкаў: знесены пабудовы, выкарчаваны дрэвы і кустоўі, зямля гатова для выкарыстання.

– Важна максімальна хутка і поўна перадаць зямлю ў карыстанне, лепш у сельгасабарот, каб хутчэй атрымаць аддачу і кампенсаваць затраты, выдаткаваныя на яе добраўпарадкаванне, – акрэсліў прыярытэтны накірунак старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Макарэвіч на пасяджэнні пастаяннай камісіі па экалогіі, развіцці і добраўпарадкаванні населеных пунктаў, якое нядаўна адбылося ў Камаровіцкім сельсавеце.

Менавіта гэты рэгіён Петрыкаўшчыны лічыцца па папярэдніх выніках працы сёлета лепшым. За год тут былі прыведзены ў адпаведны выгляд 29 домаўладанняў. На наступны год таксама зроблены задзел: ужо гатова 21 рашэнне па ўказе № 357 – столькі былых домаўладанняў пойдуць пад знос ці будуць прададзены патэнцыйным гаспадарам.

Пераважная большасць работ сёлета прыйшлася менавіта на вёску Фаставічы, праз якую пралягае праезная дарога з суседняга раёна. Толькі сёлета тут было прыбрана 21 домаўладанне, 15,5 гектара зямлі перададзена ААТ “Камаровічы”. Падрыхтаваны дакументы для зносу ў гэтай вёсцы яшчэ 11 дамоў.

У час наведвання членамі камісіі Фаставічаў старшыня сельвыканкама Любоў Рыбалка расказала, што разам зносіліся і прылягаючыя да такіх участкаў аварыйныя пабудовы, у якіх сёння іх гаспадарам няма патрэбы.

Сяргей Макарэвіч акцэнтаваў увагу членаў камісіі і на падрыхтоўчыя да зносу работы. Сёння ў населеных пунктах Камаровіцкага сельсавета практыкуецца папярэдняе перад зносам добраўпарадкаванне тэрыторый домаўладанняў – разбіраюцца гаспадарчыя пабудовы і агароджы, выразаецца расліннасць. Такі метад дае магчымасць амаль утрая скараціць выдаткі на добраўпарадкаванне адной сядзібы.

Камісійна абмеркавалі дэпутаты і праблему, што ўзнікла пасля зносу ў Бобрыках. Па няцотным боку вуліцы Цэнтральнай былі знесены з дзясятак дамоў,  а перадаць іх участкі сельгаспрадпрыемству немагчыма. Літаральна ўпрытык да былых надзелаў падыходзяць насаджэнні ляснога фонду, а працягнуць іх па цяпер вызваленай плошчы не даюць згоду жыхары. Маўляў, дамы будуць стаяць “у лесе”. Дэпутаты прапанавалі разбіць на гэтых участках паркавыя зоны для азелянення вуліцы. Цяпер важна, каб мясцовыя жыхары далі на тое згоду і дапамаглі сельскаму Савету з пасадкай. А падтрыманнем парадку на гэтых землях абяцаў заняцца ўласна лясгас, прадстаўніком якога ў дэпутацкім корпусе з’яўляецца намеснік старшыні камісіі,  дырэктар лясгасу Юрый Апановіч.

Заслухаўшы на камісіі інфармацыю аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама па рэалізацыі ўказа № 100 “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і лядашчых дамоў у сельскай мясцовасці”, дэпутатамі было прынята рашэнне, дзе адзначана выніковасць работы ў тым ліку ў Бабуніцкім, Капцэвіцкім і Навасёлкаўскім сельскіх саветах. А таксама пастаўлены  канкрэтныя задачы для далейшай працы па навядзенні парадку на зямлі.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о