15 кастрычніка сваё прафесійнае свята адзначалі работнікі фармацэўтычнай
і мікрабіялагічнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь.

З нагоды свята мы сустрэліся з намеснікам загадчыка цэнтральнай аптэкі № 95 Петрыкаўскага раёна Святланай Анатольеўнай Багай.

Фармацэўт – гэта ўрач,  кансультант і нават псіхолагУ грамадстве перыядычна можна пачуць перакананне, што фармацэўты – гэта прататыпы прадаўцоў крамы. Маўляў, што тут такога складанага: прыносіць рэцэпт пакупнік, а фармацэўт прадае яму лекі, выдае здачу і чэк. Ці ж такая праца можа быць цяжкай? На жаль, такія выказванні не маюць пад сабой цвёрдай глебы.
Наша гераіня Святлана Анатольеўна сцвярджае, што ўсё далёка не так проста, як можа здацца на першы погляд. Ведаць усю паднаготную лекаў, іх хімічны склад, дазіроўку і вытворцу – гэта толькі вяршыня айсберга. Каб стаць за прылавак аптэкі, трэба здаць складаныя ўступныя экзамены і правучыцца 5 гадоў у медыцынскім універсітэце, прайсці практыку ў лабараторыі. Вядома, веды ў хіміі і біялогіі тут павінны быць на самым высокім узроўні.

– Прафесію фармацэўта не назаву вельмі складанай, а вось менавіта падрыхтоўку да яе адзначу вельмі сур’ёзнай, – канстатавала наша сураўмоўніца.
Святлана Анатольеўна сёлета адзначае 33 гады працоўнага стажу. Па яе словах, сапраўдны фармацэўт – гэта ўрач, кансультант і нават псіхолаг.

– Трэба памятаць, якія лекі, пры якіх сімптомах трэба прымаць, на якой паліцы яны знаходзяцца, калі ў іх сканчаецца тэрмін прыдатнасці і якія аналагі прэпарата існуюць. А яшчэ ў некаторых пытаннях пракансультаваць і адправіць чалавека на прыём да доктара. Усё яшчэ актуальнай у нашым грамадстве застаецца праблема сарамлівасці: людзі альбо чакаюць, пакуль хвароба сама пройдзе, альбо ідуць у бальніцу ў запушчанай крытычнай сітуацыі, калі боль ужо цярпець немагчыма. Праца з людзьмі сама па сабе нервовая, а праца з хворымі людзьмі – тым больш.
– Нарадзілася я ў Віцебскай вобласці, у Бешанковіцкім раёне, – распавяла пра сябе гераіня. – На фінішы навучання ў сярэдняй школе пачала задумвацца пра будучую прафесію, уяўляла сябе ў сферы медыцыны, але дакладна не вызначыла напрамак. Прайшоў пэўны час, старэйшыя дзяўчыны прыязджалі ў школу і распавядалі пра сваё навучанне ў ВНУ. А

дной такой дзяўчынкай была студэнтка Віцебскага ўніверсітэта. Яна так натхніла мяне аповедам менавіта пра працэс вучобы, лабараторныя эксперыменты, што я адназначна заявіла – буду фармацэўтам!

– Вучобу скончыла ў 1987 годзе. Гэта было першае размеркаванне пасля Чарнобыльскай аварыі. Нас, будучых спецыялістаў, накіравалі ў самыя чыстыя раёны Беларусі, адзін з такіх быў Петрыкаўскі. Так я апынулася тут. І, як многія памятаюць, тады трэба было адпрацаваць 3 гады. На апошні год адпрацоўкі я сустрэла будучага мужа, мясцовага хлопца. Ведаеце, сёння родзічы з віцебшчыны называюць паляшучкай, бо ў мяне нават гаворка змянілася, так я ўкаранілася на Петрыкаўшчыне. Мне вельмі падабаецца жыць у невялікім горадзе, асабліва да душы прырода. Летам правесці адпачынак на Прыпяці – вялікае задавальненне! Пляжы амаль як на Мальдывах.

Увогуле, назаву сваю працу цікавай і займальнай. На зарплату скардзіцца сорамна. Калі параў-наць сярэднюю заработную плату па раёне, то мы не на апошнім месцы. Калектыў добры, яшчэ да пандэміі мы сабе маглі дазволіць сабрацца пасля працы, разам кудысьці схадзіць.

Мы дзяржаўная аптэка, але ў нас гаспадарча-разліковая форма ўласнасці. У гэтым годзе зрабілі рамонт у памяшканні за ўласныя сродкі. Абнавілі шафы, пафарбавалі падлогу, закупіліся новым абсталяваннем.
Наогул ёсць пяць катэгорый аптэк. Усё залежыць ад плошчы і аб’ёму выконваемых работ. Чым больш аптэка, тым вышэй павінна быць кваліфікацыя. Наша аптэка вытворчая, гэта значыць у ёй непасрэдна робяць лекі, мазі, парашкі, эмульсіі. У нас маецца асобны асептычны блок, дзе мы апрацоўваем посуд. Міні-лабараторыя, свайго роду. Раней усе аптэкі былі вытворчыя, нават на вёсцы.
У нас каля 5 тысяч найменняў лекавых сродкаў, рыхтуем па рэцэптах каля 60 адзінак фармацэўтычнай прадукцыі.

Спраўды, ва ўмовах каранавірусу, мы сталі больш адказна ставіцца да бяспекі. Кожныя дзве гадзіны апрацоўваем паверхню ў памяшканнях, праветрываем пакоі, робім вільготную ўборку. Аптэка цалкам абсталявана ўсімі неабходнымі таварамі ва ўмовах COVID-19. Маецца запас масак, антысептыкаў, пальчатак.
Рэкамендую ўсім пазбягаць месцаў масавага збору людзей. Рукі пасля вуліцы абавязкова мыць з мылам ці апрацоўваць антысептыкам.
У кожнага чалавека павінна быць асабістая адказнасць, пры лёгкім недамаганні застацца на самаізаляцыі, выходзіць на вуліцу толькі ў масках. Абараніць такім чынам і сябе, і іншых. Людзям з хранічнымі захворваннямі трэба быць выключна пільнымі і асцярожнымі.

Восень – перыяд сезонных прастудных захворванняў. Зараз варта надаць увагу харчаванню, больш есці садавіны і гародніны. Весці здаровы лад жыцця, вечарамі не сядзець дома перад тэлевізарам, а прайсціся па вуліцы, па парку. У нас не настолькі загружаныя вуліцы, можна шпацыраваць і захоўваць бяспечную дыстанцыю. Людзям рэкамендую ва ўсім шукаць пазітыў, шукаць ва ўсім нагоду для радасці.
Калегам пажадаю моцнага здароўя і пазітыву. Чалавек павінен імкнуцца да шчасця як душэўнага, так і фізічнага.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о