Сучасная інфармацыйная прастора стала звышаператыўнай і насычанай, таму пэўная навіна можа разысціся з дапамогай сучасных камунікацый хутчэй за навальніцу на поплаве. Гэта  мае і станоўчы, і адмоўны эфект адначасова. З аднаго боку карысна хутка атрымаць неабходную інфармацыю, ведаць пра змяненні навокал і мабільна на іх рэагаваць. Разам з тым, закінутая ў сусветнае павуцінне звестка рэдка правяраецца аўдыторыяй, можа сказіць рэчаіснасць, а доказы адваротнага ўжо мала каго будуць цікавіць. Больш таго, даўно даказана, што кепскія навіны прыцягваюць увагу куды больш, чым добрыя. Відаць, такая чалавечая натура – станоўчыя звесткі мы ўспрымаем як належнае, маўляў, так яно і павінна быць, а вось адмоўныя акалічнасці выклікаюць у чалавека рэзкія, негатыўныя эмоцыі.

Факт як маланка Факт як маланка

Мінулы тыдзень так і застанецца ў памяці мноства жыхароў Петрыкаўшчыны нічым не адметным ад астатніх. Але карыстальнакі сацыяльнай сеткі “Одноклассники” пэўна ведаюць пра рэзанансны відэаролік, што шпарка набіраў папулярнасць. Змест відэа просты – у вялізнай кучы гною, сярод вытворчых пабудоў МТФ у Другой Слабодцы ляжалі дзве каровы. 15 секунд хранаметражу, больш за 2 мільёна праглядаў, амаль 33 тысячы падабаек і 6 сотняў рэпостаў, 1,7 тысяч каментарыяў. Такой папулярнасці, хоць і “чорнай”, пазайздросцілі б модныя відэаблогеры.

Здаецца, падобныя відэа і раней з’яўляліся ў інтэрнэт-прасторы, але такіх праглядаў не набіралі. Чым адметны менавіта гэты “рэпартаж”? Усё проста. Пасля візіту Прэзідэнта на аб’екты холдынга “Купалаўскае” напрыканцы сакавіка, дзе жывёла ўтрымлівалася ў неналежных умовах, некаторыя карыстальнікі пачалі выкладваць у сеціва відэа адпаведнага зместу. Так, 6 красавіка ў інтэрнэтпрасторы і з’явілася гора-відэа з Другой Слабодкі. Маўляў, паглядзіце на нас, тут яшчэ горш! Сітуацыя, што апынулася ў полі зроку грамадскасці, знайшла свой водгук. Многія вырашылі падзяліцца ролікам на сваёй старонцы, нямала людзей пакінулі каментарыі пад відэа і гэта іх права. Традыцыйна, большасць каментатараў прынялі выяву за тагачасную рэчаіснасць і абураліся: хто ў адрас працаўнікоў, а хто наконт кіраўніцтва розных ўзроўняў.

Глядзець видэа тут: https://ok.ru/video/957600892221

Мы ж, са свайго боку вырашылі не рабіць паспешлівых высноў і адправіліся на ўжо вядомую ферму, каб пабачыць усё на ўласныя вочы і атрымаць каментарыі, як кажуць, “з першых вуснаў”.

На аб’екце нас сустрэла брыгадзір МТФ Таццяна Века. Дзяўчына распавяла, што працуе брыгадзірам другі месяц і, як быццам, паказаныя ў роліку падзеі павінны былі адбыцца пры яе кіраўніцтве. Таццяна Анатольеўна не ўтойвае – калі прымала справы забруджанасць была, але далёка не такая, як на відэа. Зараз гной прыбіраецца, на падворку працуе Амкадор, ўгнаенне на палі вывозіць трактар. Хацелася б больш тэхнікі, але ідзе сяўба і амаль усе жалезныя кані занятыя на палях. Жывёлу выгналі на пашу, таму ў хуткім часе без перашкод бруд тэрмінова будзе прыбраны са стойлавых месцаў.

Брыгадзір адзначае, што гэты відэаролік быў зняты, хутчэй за ўсё, каля двух гадоў таму. Тады на ферме працавала каля 7 чалавек, калектыў заўсёды змяняўся, некаторыя працаўнікі злоўжывалі алкаголем і часам здымалі вынікі сваіх жа “дасягненняў” на тэлефон. Зараз калектыў адноўлены, тут працуе больш дзясятка чалавек, што даглядаюць каля 260 кароў (200 з якіх дойныя) і 400 цялятак. Усе работнікі адносяцца да абавязкаў адказна, канфліктаў не ўзнікае, таму і надоі на МТФ павялічваюцца. У хуткім часе чакаецца папаўненне – да здачы рыхтуецца новы хлеў, які будзе ўтрымліваць яшчэ каля дзвюх соцень галоў.

Сітуацыю патлумачылі і кіраўнік Чалюшчавіцкага сельсавета Ігар Русак з брыгадзірам зарэчнага комплексу той жа гаспадаркі Наталляй Войцэх. Відэа нашы суразмоўцы бачылі яшчэ гады два таму, тады ролік “скакаў” па тэлефонах і хутка пра яго забыліся. У святле апошніх падзей ён з’явіўся і інтэрнэце і пачаў набіраць папулярнасць. Спрацаваў так званы інфармацыйны рыкашэт – калі старыя дадзеныя з-за адсутнасці праверкі ўспрымаюцца аўдыторыяй як надзённыя.

Зразумела што і верагодныя аўтары відэа, там зараз не працуюць. Магчыма, як лічаць вяскоўцы, з-за міжасабовых канфліктаў з кіраўніцтвам гаспадаркі, ці з-за зайздрасці да поспехаў адноўленага калектава відэа і вырашылі апублікаваць. Толькі каму яно прынесла славу? Ці палічаць учынак аператара роліка разумным землякі? Вырашайце самі, паважаныя чытачы…

Арцём ГУСЕЎ,

Фота аўтара

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о