Часцей за ўсё гэты знакавы для ўсёй краіны дзень мы называем менавіта Днём Незалежнасці, памятаючы найперш пра тых, чыім вайсковым подзвігам была гэта незалежнасць здабыта. Але ёсць і іншая назва свята – Дзень Рэспублікі, краіны, якая ўзнялася з руін, ганарыцца сваімі дасягненнымі і героямі працы.
Сёння наша павага і ўдзячнасць у тым ліку і ім, хто будаваў краіну, зрабіў свой неацэнны, важкі ўклад у росквіт, суверэнітэт рэспублікі, даў магчымасць нам, нашчадкам, з гонарам гаварыць: “Мы, беларусы, вольныя людзі…”

Адзін век

Изображение 022_1

Працоўнае жыццё Івана Яшчыкоўскага з Петрыкава – гісторыя суднарамонтнага-суднабудаўнічага завода. Зразумела, завод у Петрыкаве быў і да вайны – дашчатыя збудаванні, ручная праца. Але росквіт прадпрыемства атрымала менавіта ў пасляваенныя гады.

У 44-м больш трох дзясяткаў петрыкаўскіх сем’яў хаваліся ад немцаў у лесе пад Гаравахай. Большасць – сем’і з дзецьмі, падлеткі і моладзь, якім пагражала выгнанне ў Нямеччыну. Па начах двое палонных мужчын, што прыбіліся да куранёў, хадзілі ў Петрыкаў за прадуктамі. Аднойчы іх схапілі, катавалі. Яны і паказалі на лясное пасяленне. Была аблава. Палонных павялі ў Гараваху. Праз тыдзень на “кукушцы” перавезлі ў Капцэвічы. Далей па чыгунцы – Жыткавічы, Лунінец, Пінск, польскі Граева, Германія. Сямнаццацігадовы Іван трапіў да “баўэра”, працаваў у полі, даглядаў жывёлу.

– Тры дні не хапіла нам у Гаравасе, каб дачакацца нашых войскаў, – узгадвае Іван Якаўлевіч у час нашай сустрэчы. – Толькі ў 46 годзе вярнуўся дадому. Праз год паехаў вучыцца ў Пінскае рамеснае вучылішча. Яшчэ год адпрацаваў у гэтым горадзе на суднабудаўнічым заводзе. Потым сястра, яна была медыкам, дапамагла “зрабіць” даведку, што ў мяне хворыя лёгкія, каб можна было адтуль звольніцца.

Працоўныя рукі патрэбны былі ўсюды і звальненне па ўласным жаданні лічылася сабатажам, а гэта – турма. Дадому, аднак, вельмі хацелася.

Тут адразу працаўладкаваўся на наш суднабудаўнічы завод на паравую машыну. Гэты агрэгат у 60 конскіх сіл прыводзіў у рух станкі, пілараму. Але магутнасці паравой машыны было мала, бо аб’ёмы працы былі вялікімі. Праз некаторы час да нас прывезлі трафейную нямецкую машыну, якая выпрацоўвала электрычны ток. Ужо наш завод разам з прамкамбінатам пачаў падаваць электрычнасць і на горад. Калі правялі электралінію з Васілевіцкай падстанцыі, у паравой машыне ўвогуле адпала неабходнасць, тады я перайшоў у слесары. Так да 62 гадоў і працаваў.

Гэта тое, што расказаў Іван Якаўлевіч пра сябе адразу. Астатняе – пакрыху, адказваючы на пытанні, не вельмі ахвотна.

Слесары атрымлівалі зарплату ад выпрацоўкі. На той час у Івана Яшчыкоўскага ўжо была жонка Яўгенія Васільеўна. Трэба было будавацца, неяк карміць і гадаваць дзетак. Здаралася, што слесары, і найперш ён, малады мужчына, выпрацоўвалі па 300% нормы за змену, але нярэдка нормы здымалі, каб не паказваць перапрацоўку.

Летам завод абслугоўваў водны транспарт, зімой – рамантаваў. Увесь час спускаліся на ваду новыя судны, брандвахты. Драўляныя карпусы саступілі месца металічным. Ды і ўмовы працы паляпшаліся. Замест драўляных збудаванняў з’яўляліся новыя цагляныя цэхі. Пры максімальнай магутнасці на заводзе ў дзве змены працавалі 8 брыгад па восем чалавек.

Спачатку неяк сціпла Іван Якаўлевіч гаварыў пра свае ўзнагароды. Але потым паказаў іх, складзеныя ў спецыяльныя скрыначкі, – медалі “За шматгадовую добрасумленную працу” і “За працоўную адзнаку”, ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені, нагрудныя знакі ўдарніка 9 і 10 пяцігодак, пераможцы сацыялістычных спаборніцтваў 1978 і 1979 гадоў, Грамату і Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР. Знак “Вязень нацызму” ляжыць побач з юбілейнымі медалямі  ў гонар 70-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь, 65-годдзя і 70-годдзя Перамогі.

– У хуткім часе пасля таго, як я пайшоў на пенсію, і завод пачаў гібець, – са скрухаю гаворыць ветэран працы. – Так што мы з ім жылі адзін век, пражылі адзін лёс.

Здаецца,  што я з жалеза…”

IMG_2267_1

Алена Пашук з Галубіцы толькі адну ўзнагароду атрымала за ўсё жыццё – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. І тую называе “бляшанка”. Кажа: “Лепш бы мне тады капейчыну далі на сукенку якую паркалёвую. Апрануць жа зусім не было чаго”.

У 50-м годзе іх, моладзь з Галубіцы, Вышалава, Дарашэвічаў, выправілі на надзелы кок-сагызу ў Курыцічы. Пяць дзён з сакавіка па лістапад са світанкам выходзілі ў поле, на змярканні вярталіся. У суботу пешшу ішлі дадому – прадуктаў узяць, бацькам дапамагчы.

– Жылі ў Курыцічах па кватэрах, спалі покатам, – узгадвае жанчына за сталом пад галінамі старой яблыні. – Раніцай, пакуль гаспадыня паліць у печы, прыставіш свой чыгунок з бульбай – гэта на ўвесь дзень. У калгасе тады працавалі за працадні. А тут патроху грошы давалі. За тры гады зарабіла сабе на ложак, шафу, купіла паліто і швейную машынку. Ды яшчэ ордэн далі. А потым трынаццаць гадоў у саўгасе. І касілі, і жалі, і тыднямі за ракой сена грэблі ў балоце.

Потым у вёсцы арганізавалі арцель па пашыве. Бралі тых, у каго ёсць машынкі свае. Трапіла туды і я. Тут і зарплату плацілі, ад выпрацоўкі, праўда. Але ўжо не з’ядалі слепакі на сенажаці ды сонца не выпякала ў полі. Дваццаць тры гады прасядзела за машынкай, двойчы ў тыдзень – выезды з продажам. Шылі халаты для пякарні, камбінезоны для механізатараў, камізэлькі, коўдры. Здаралася, за зімовы выезд у металічнай будцы машыны так вымерзнеш, што на ногі стаць балюча. Але ведаеш, што зарплату дадому прынясеш.

У 1953 годзе Алена Лаўрэнцьеўна выйшла замуж. Яе суджаны Уладзімір адслужыў пяць гадоў на Балтыйскім флоце, прыехаў, згулялі вяселле, і яшчэ год службы. Маладой сям’і трэба было абжывацца і пачыналі з хаты. Будаваліся на падворку бацькоў Алены. Тады грошай не было ні ў каго. Плацілі будаўнікам харчаваннем ды прадуктамі. Пакуль збудавалі зруб, самім засталіся гуркі, бульба ды алей. Ледзь ногі цягалі ад голаду. Усё астатняе ў доме гаспадар зрабіў сваімі рукамі. Вымушаны быў стаць і столярам, і печніком, і тынкоўшчыкам.

“Залатыя рукі і мудрая галава” – так кажа пра яго жонка, паказваючы зорачкі ў шалёўцы хаты, акуратна выбраныя ўручную каробкі дзвярэй, ладную летнюю кухню, састарэлы, але ўраджайны сад, непатрэбныя без гаспадара рыбалоўныя снасці.

– Шэсцьдзесят адзін год мы з ім пражылі, – дрыжыць голас жанчыны. – Сына з дачкой выгадавалі, усё адбудавалі, пенсію добрую зарабілі. Жыць бы “царамі”. Ды здароўя і сіл няма. Тры гады ўжо, як яго пахавала, пасля чацвёртага інсульту.  Спадзявацца даводзілася толькі на сябе. Спачатку ён працаваў у леспрамгасе. А калі ты не калгаснік, то зямлі табе давалі толькі 15 сотак. А ў двары свінні, карова. Шукалі па жменьках зелля, па лапіку травы, каб худобу кракарміць. Бо тады ў вёсцы можна было жыць толькі са сваёй гаспадаркі:   выгадаваў – будзеш есці. Калі не – галадай. Не ведаю, як вытрымалі, здаецца, з жалеза былі людзі.

– Вайна – вось бяда! – працягвае Алена Лаўрэнцьеўна. – Маладыя гэтага не разумеюць, а мы, старыя, адно Бога просім: каб міру даў нам. За чатыры гады вайна вытаптала нашу зямлю: стралялі, палілі, катавалі. Сёння ж толькі працуй на зямлі ды радуйся. Гляджу вось на пустыя агароды і душа баліць. Некалі той лапік зямлі жыцця каштаваў, а сёння нікому не патрэбен. Значыць, жывём лягчэй. Можа, гэта і правільна.

Жыццё – сваімі рукамі

IMG_2322_1

Пасля атрымання спецыяльнасці механізатара Сцяпан Траяноўскі вярнуўся ў саўгас “Галубіцкі”, які даў яму накіраванне на вучобу. З роднай Рубчы штодзень, спачатку пешшу, потым на веласіпедзе, ён дабіраўся пяць кіламетраў, каб сесці ў кабіну трактара. І ўвесь час меў справу з “цяжкай” тэхнікай. Напачатку юнака пасадзілі за руль гусенічнага трактара. Зімой па бездарожжы цягаў на маслазавод у Петрыкаў цыстэрну з малаком, летам – вазіў сена ў зарэчнай зоне.

У арміі таксама быў побач з тэхнікай. Скончыўшы школу марскіх часцей пагранвойскаў у Анапе, службу нёс вадзіцелем малых катэраў у Баранцавым моры, ад Нарвегіі да Новай Зямлі. Аднойчы за прафесіяналізм і майстэрства ў час паломкі ў адкрытым моры быў узнагароджаны водпускам. Тады ў рубчанскім клубе на танцах і сустрэў сваю Людмілу. Дзяўчына дачакалася, ажаніліся, у хуткім часе з’явіліся дзве дачушкі.

Пачынаў працаваць пасля службы ў РЭСе. Дабірацца кожны дзень у Петрыкаў было складана. Перайшоў у рубчанскае лясніцтва. Але і тут не доўга працаваў – вярнуўся ў саўгас, які ўжо стаў родным.

– Першую сваю ўзнагароду атрымаў у 1973 годзе – медаль “За працоўную доблесць”, – расказвае Сцяпан Мікітавіч. – Тады працаваў у атрадзе па нарыхтоўцы торфу. Нарыхтоўка яго ў тыя гады была адной з важных дзяржаўных задач, таму і працавалі “ на знос” – з пяці раніцы да позняга вечара. На той час я ўжо быў камуністам і, як таго патрабаваў партбілет, павінен быў быць на перадавой, у радах першых. Потым скончыў завочнае навучанне ў Буда-Кашалёўскім саўгасе-тэхнікуме і перасеў на карчавальнік – быў пры саўгасе атрад меліяратараў. Тады і атрымаў ордэн “Знак пашаны”, затым ордэн Акцябрскай рэвалюцыі, Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР.

Выклаўшы гэтыя ўзнагароды і некалькі нагрудных знакаў ударніка пяцігодак, пераможцы сацыялістычных спаборніцтваў, Сцяпан Мікітавіч з горыччу пачаў расказваць і пра іншыя гады – дзевяностыя, калі гаручага не стала, тэхніка не аднаўлялася, зямлю не аралі, а “скурку здымалі”, зарплату давалі двойчы на год. Усё, што будавалі, дзеля чаго ахвяравалі, разбуралася, раскрадалася.

– Дачок трэба было адпраўляць вучыцца, – працягвае гаспадар. – А як з Рубчы дабірацца да аўтобуса? Многа гадоў да таго мы з жонкай збіралі капейку да капейкі, каб купіць машыну, здавалі сваіх бычкоў, свіней, клалі грошы на ашчадкніжку. А чарга ў райвыканкаме была 700 чалавек, на АПК у год давалі па два аўтамабілі. Але я  выхадзіў-такі для сябе свой “Масквіч-комбі”. Напэўна, партбілет ды ўзнагароды дапамаглі мне адчыняць дзверы ў кабінеты розных начальнікаў. А праз год – развал Саюза, увесь народ застаўся без сваіх зберажэнняў. А мой “Масквіч” і сёння на хаду, далёка, праўда, не ездзім, больш – у лес.

У двары Траяноўскіх стаіць і свой трактарэц, у розных закутках папіскваюць кураняты, індычаняты, гусяняты. І сёння гаспадарам не сядзіцца без справы. Іх сядзіба, наколькі мы паспелі ўбачыць вёску, здаецца, самая добраўпарадкаваная. Парадак і дабрабыт, створаныя сваімі рукамі, гэта адметная рыса тых, хто перажыў цяжкасці пасляваеннага жыцця, будаваў і шанаваў працу сваю і іншых, сам ствараў сваё жыццё і не чакаў дапамогі ні ад каго.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о