Адгучаў апошні званок, здадзены школьныя экзамены… Можна набраць пабольш паветра ў грудзі і выдыхнуць. Лёгкае галавакружэнне, нейкае новае пачуццё. Што гэта? Гэта пачуццё свабоды, нязведанага самастойнага жыцця. Бывай, школа, дарагія сябры-аднакласнікі, любімыя настаўнікі, знаёмы ганак і парта…

З шыкоўнымі прычоскамі і макіяжам, у дарагіх сукенках і касцюмах, бліскучых лакавых і замшавых туфлях сабраліся на гарадской плошчы ў пятнічны вечар сёлетнія выпускнікі дзесяці школ Петрыкаўшчыны.

Гэта традыцыйнае свята праводзіцца ў горадзе каторы раз, але кожны раз для бацькоў выпускнікоў яно непаўторнае, самае цудоўнае і крышачку сумнае. Выходзяць у дарослае жыццё нашы дзеці. Што іх чакае наперадзе? Дай Бог, каб ім сустрэліся ў жыцці надзейныя сябры, справядлівыя выкладчыкі і проста добрыя людзі, якія не пакрыўдзяць, дадуць слушную параду, дапамогуць у складанай сітуацыі.

Шчырыя словы пажадання поспехаў у далейшым жыцці выпускнікі пачулі на ўрачыстасці ад старшыні райвыканкама Аляксандра Наўныкі, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святланы Сенька, настаяцеля Свята-Увазнясенскай царквы айца Дзмітрыя і іншых запрошаных на свята ганаровых гасцей.

На дывановую дарожку выстраіліся тыя, хто сваёй працай і талентам на працягу навучальнага года заваяваў высокія ўзнагароды. З рук старшыні райвыканкама юнакі і дзяўчаты атрымалі падарункі і грашовыя прэміі. Лепшым вучням з сёлетняга выпуску кіраўнік раёна ўручыў медалі. На сцэну запрасілі і некаторыя сем’і, хто заслужыў падзяку за сваю “бацькоўскую” працу.

Дзякуй і тым, хто падрыхтаваў для гэтага свята вакальныя і танцавальныя нумары, прадэманстраваныя выхаванцамі і вучнямі ўстаноў адукацыі горада.

Урачыстасць адчувалася ў кожнай хвіліне гэтага двухгадзіннага шэсця. Дзякуй усім за падрыхтоўку і правядзенне вечара.

Яшчэ доўга чулі на свой адрас выпускнікі добрыя словы ад настаўнікаў, дырэктараў і завучаў школ, бацькоў і гасцей на выпускных вечарах, якія мелі працяг у кожнай школе. Фаер-шоу, прысмакі, фота і відэа на памяць, сустрэча світанку разам… Гэта застанецца ў памяці кожнага выпускніка на ўсё жыццё.

У добры шлях, дарагія нашы дзеці! Поспеху вам у тэсціраванні і паступленнях, якія яшчэ чакаюць вас наперадзе. Будзьце шчаслівыя!

IMG_8686 IMG_7746 IMG_7775 IMG_7798 IMG_7838 IMG_7984 IMG_8011 IMG_8019 IMG_8088 IMG_8101 IMG_8252 IMG_8280 IMG_8302 IMG_8306 IMG_8316 IMG_8334 IMG_8424 IMG_8563 IMG_8619 IMG_8669

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Больш фота і лепшай якасці — http://petrikov.by/fotogalereya/2017-2/vypusknik-2017-2-2/

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о