Жывёльны свет Беларусі вельмі разнастайны і дзіўны. Нацыянальны парк “Прыпяцкі” – менавіта тое месца, дзе прысутнічае мноства відаў жывёл. Еўрапейская норка – адзін з самых рэдкіх і знікаючых відаў жывёл Прыпяцкага парку і Беларусі ў цэлым. Ён занесены ў Чырвоную кнігу РБ пад першай катэгорыяй аховы.

Еўрапейская норка – знікаючы від
Еўрапейская норка – драпежная жывёла сямейства куніцыных, якая належыць да роду тхароў. Гэты сімпатычны звярок добра прыстасаваны да пражывання ў вадаёмах і невялікіх рэках, таму мае абцякальнае, гнуткае цела даўжынёй 25-43 см. Маса цела ў дарослых асобін складае 0,5-1,1 кг. Афарбоўка еўрапейскай норкі вар’іруе ад рудавата-бурага да цёмна-карычневага. Галава звярка выцягнутая, з маленькімі круглявымі вушамі. Адметнай асаблівасцю з’яўляецца наяўнасць на мордачцы белай плямы, якая захоплівае падбародак, ніжнюю і верхнюю вусны. Хвост не вельмі пухнаты і адносна кароткі, яго даўжыня 13-19 см. Канечнасці кароткія, паміж пальцамі лап маюцца невялікія плавальныя перапонкі. Валасяны покрыў слаба макрэе.
Асноўны рацыён харчавання еўрапейскай норкі складаюць жабы, вадзяныя палёўкі, рыба і розныя водныя насякомыя. Таксама яна не супраць паласавацца малюскамі.
Рассяляцца падабаецца звярку ў лясных рэчках і ручаях з незамярзальнымі ўчасткамі, з моцна зарослымі берагамі густым падлескам. Норы будуе па берагах рэк, пустэчах сярод каранёў. Гнездавая камера можа складацца з 2 аддзяленняў і мае да 4 выхадаў, частка якіх часам выходзіць у ваду.
Малыя еўрапейскай норкі нараджаюцца ў красавіку-маі ад 2 да 7 асобін у прыплодзе. Яны сляпыя і лысыя. Растуць хутка, пачынаюць бачыць праз 30-35 сутак. Вывадкі звычайна распадаюцца ў жніўні. Палавой сталасці маладыя звяркі дасягаюць на наступны год.
Умовы існавання для еўрапейскай норкі значна паляпшаюцца ў месцах, заселеных рачным бабром, за кошт павелічэння колькасці зручнага жылля, сховішчаў, больш вольнага доступу да вады зімой праз бабровыя норы і вылазы на паверхню. З замярзаннем рэк і стварэннем пустэч пад лёдам, яна вядзе малапрыкметны лад жыцця. Карыстаючыся гэтымі пустэчамі, робячы хады, норы ў глыбокім снезе, многія звяркі часам тыднямі не паказваюцца на паверхню, не пакідаюць ніякіх слядоў на снезе.
Афіцыйных дадзеных па колькасці еўрапейскай норкі на дадзены момант у Беларусі няма. У 2003 годзе ў Беларусі папуляцыі былі ацэнены ў 200 асобін. Можна меркаваць, што скарачэнне колькасці еўрапейскай норкі звязана з фізічным выцісненнем і канкурэнцыяй за месца больш агрэсіўнай і акліматызаванай амерыканскай норкай, якая ўпершыню была завезена ў Беларусь яшчэ ў часы СССР у 1953 годзе. У адрозненне ад еўрапейскай, амерыканская з’яўляецца больш буйным і пластычным відам. Ва ўмовах Беларусі даўжыня цела дарослых самцоў амерыканскай норкі складае 37-47 см, дарослых самак – 33-42 см. Маса цела дасягае 0,9-1,8 кг. Валасяны покрыў амерыканскай норкі вельмі густы і больш высокі, чым у еўрапейскай, бліскучы. На спіне і баках звычайна мае карычневую або цёмна-карычневую афарбоўку. Характэрная прыкмета, па якой можна адрозніць гэтыя віды – у еўрапейскай норкі белая пляма ахоплівае падбародак, ніжнюю і верхнюю вусны, а ў амерыканскай белае пляма ахоплівае толькі ніжнюю частку мордачкі.
Магчыма, адзіным выратаваннем еўрапейскай з’яўляецца стварэнне астраўных папуляцый гэтага віду, ізаляваных ад амерыканскай норкі.
У 1981-1989 гадах расійскімі біёлагамі была праведзена інтрадукцыя еўрапейскай норкі на Курыльскія астравы. Гэта рабілася для таго, каб стварыць рэзервовую папуляцыю, нясхільную да скрыжавання з амерыканскай норкай. Інтрадукцыя была беспаспяховай, стабільнай папуляцыі на астравах знайсці не ўдалося. Няўдалыя спробы выпуску еўрапейскай норкі на Курыльскіх астравах, дзе на гэты від амерыканская норка ў сілу сваёй адсутнасці ўплываць не магла, робяць сумніўнай гіпотэзу фізічнага выціснення еўрапейскай норкі амерыканскай.
Па-другое, зніжэнне колькасці еўрапейскай норкі пачалося да з’яўлення амерыканскай норкі ў Беларусі. Гэты факт робіць яшчэ больш сумніўнай гіпотэзу выціснення еўрапейскай норкі амерыканскай.
На працягу многіх дзесяцігоддзяў людзі ставіліся да еўрапейскай норкі з пункту гледжання спажыўца, якога цікавіць толькі яе прыгожы мех. Забыліся, праўда, пра тое, што бескантрольнае паляванне і знішчэнне месцаў, дзе ў дзікай прыродзе жывуць гэтыя звяркі, а таксама інтрадукцыя амерыканскай норкі, якая адбылася пазней, прывядуць да памяншэння колькасці папуляцыі. Зразумелі гэта позна, калі ўжо ад ранейшага шырокага арэала пасялення еўрапейскай норкі засталіся толькі невялікія астраўкі, дзе гэтыя жывёлы пакуль яшчэ сустракаюцца.

Віталь ПРАКАПОВІЧ, малодшы навуковы супрацоўнік НП «Прыпяцкі».

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о