Чарговы рэйд з аглядавай камісіяй Пціцкага сельвыканкама адбыўся ў першы лістападаўскі дзень. Змрочнае неба, дробны дождж нагадаў усім пра тое, што хутка вуліцы пачне замятаць снегам. Ацяпляльны перыяд пачаўся даўно, і мы на пачатку восені былі ўжо на аглядзе прыватных сядзіб у гэтым сельсавеце. Больш увагі ўдзялілі тады асацыяльным. На гэты раз старшыня сельвыканкама Ганна Пырко абрала для наведвання домаўладанні, дзе выхоўваюцца непаўналетнія дзеці. Ды і час як раз быў канікулярны. Цікава, як і з кім бавяць час школьнікі? І ў якіх умовах знаходзяцца ацяпляльныя прыборы ў дамах, дзе пражываюць дзеці?

На вуліцы Маладзёжнай у Пцічы завіталі да Ядзвігі Прадзед. Жанчына – маці дваіх сыноў, пражывае з малодшым, Аляксандрам, 2002 года нараджэння. У добрай гаспадыні камісія ніякіх заўваг не знайшла. А вось супрацоўнік РАНС Максім Машук, агледзеўшы аўтаномны пажарны апавяшчальнік, заўважыў, што ён не спрацоўвае, бо запыліўся. Параіў жанчыне прадуць яго ад пылу фенам ці пыласосам.

На вуліцы Школьнай наведаліся да Наталлі Сігай. У доме гаспадыні пражывае сын з сям’ёй, а дакладней, з нявесткай і двума дзеткамі, шасці і двух гадоў. Да таго, у гэты дзень была і дачка з дзецьмі ў гасцях. У доме ва ўсім парадак і заўваг па правілах пажарнай бяспекі тут няма. Ацяпленне пячное, спраўнае, аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, як і трэба, устаноўлены ў спальных пакоях.

На першым завулку Калгасным завіталі ў сям’ю Говіных. Дарослых дома не было, дзверы адчыніла дзяўчынка-школьніца. Члены аглядавай камісіі ў дом не пайшлі, а старшыня заверыла, што сям’я добранадзейная і ўсё тут, як мае быць.

Тое ж можна сказаць і пра маладую сям’ю Ішкічэкавых, дзе выхоўваецца двое дзяцей, 2011 і 2016 гадоў нараджэння. Гаспадар – супрацоўнік МНС, працуе ў гарпасёлку, так што перш за ўсё сам адказны за тое, каб дома правілы пажарнай бяспекі захоўваліся па ўсіх пазіцыях.

У кватэры гаспадыні  Алены Яфіменка па вуліцы Савецкай цэнтральнае ацяпленне. Здавалася б, у такіх дамах менш верагоднасці ўзнікнення пажараў. І ўсё ж наведваць сем’і абавязкова трэба, асабліва з так званай “групы рызыкі”. Тут выхоўваецца непаўналетні хлопчык Ігар, 2006 года нараджэння, якога мы разам з маці засталі дома. У адным з пакояў адсутнічала святло. Як аказалася, нешта адбылося з праводкай і яе будуць замяняць. Выключальнік і разетка раскручаны, адкрыты. Была зроблена заўвага гаспадыні, каб адкрытыя крыніцы закрылі.

На гэтай жа вуліцы наведаліся да Ларысы Яфіменка, якая выхоўвае сына Уладзіміра, 2012 года нараджэння. У кватэры пражывае таксама састарэлая маці жанчыны. Тут усё ў парадку: два АПА ўсталяваны ў жылых пакоях і спраўныя.

У Святланы Пракапенка на завулку Чапаева пасля рамонту ў доме выпраўлены ўсе патрабаванні па пячным ацяпленні. Устаноўлены і два пажарныя апавяшчальнікі, бо жанчына адказная не толькі за сваё жыццё, але і пяцігадовага сына Кірыла

Як аказалася, толькі ў двары дома ёсць пагроза: па пытанні спілавання аварыйнага дрэва жанчына звярталася ў сельсавет. Старшыня Ганна Пырко абяцала ў бліжэйшы час аказаць дапамогу з вырашэннем гэтай праблемы.

Завіталі да састарэлай Веры Шут, якая пражывае з дарослым сынам-інвалідам. Было заўважана, што ў доме зроблены рамонт грубкі, але яна не патынкавана. Да таго, у пажарным апавяшчальніку не было элемента сілкавання.

Далей члены камісіі працягнулі работу, а мы з Максімам Машуком накіраваліся ў мясцовую школу-сад, дзе нас чакалі наведвальнікі дзённага лагера, што быў арганізаваны ў час канікул. Пятнаццаць вучняў пачатковых класаў запрасілі ў клас разам са сваёй настаўніцай Наталляй Кушнер.

Дзяцей пільнуем  не толькі на канікулах
Супрацоўнік РАНС Максім Машук гутарыць з вучнямі ў школе

Супрацоўнік інспекцыі нагляду і прафілактыкі пачаў з дзецьмі гутарку з элементамі гульні. Ён задаваў пытанні і, што прыемна, хутка атрымліваў адказы. Было бачна, што вясковыя дзеці добра ведаюць, што такое пячное ацяпленне, як трэба паводзіць сябе ў выпадку ўзнікнення ўзгарання ў доме, куды тэлефанаваць і якія іншыя дзеянні трэба прымаць у надзвычайнай сітуацыі.

Гэтая сустрэча была праведзена ў рамках рэспубліканскай акцыі “За бяспеку разам!” На развітанне  супрацоўнік пажарнай службы раздаў дзецям кніжныя закладкі з выявамі герояў мультыплікацыйнага фільма “Чароўная кніга”. На іх таксама размешчаны галоўныя парады для дзяцей на выпадак пажару.

Інга ГІЛЕНКА.

Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о