Выкраданне грошай абанентаў сотавай сувязі адбываецца праз мабільны дадатак, які прадстаўляе аператар сотавай сувязі. Для махінацыі зламысніку дастаткова пары хвілін.

Дзясяткі жыхароў Гомельшчыны пацярпелі ад злодзеяў, якія ўчынілі крадзяжы з дапамогай мабільнага банкінгу.

У канцы мінулага года і сёлета былі затрыманы адразу некалькі такіх “умельцаў”. У красавіку адзін з іх, 20-гадовы гамяльчанін, судом Чыгуначнага раёна Гомеля асуджаны па частцы 2 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса “Крадзёж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі” да трох гадоў пазбаўлення волі з прымусовым лячэннем ад наркаманіі. Да гэтага ён паспеў па складзенай схеме ашукаць каля сарака чалавек. Астатнія зламыснікі яшчэ чакаюць рашэння суда.
Схема крадзяжу простая, тым і небяспечная. Галоўнае для злачынцы – атрымаць у рукі смартфон даверлівага чалавека. Падставы абсалютна розныя: няма грошай на тэлефоне, скончыўся лімітаваны інтэрнэт, ці апарат няспраўны, а яму вельмі тэрмінова трэба штосьці там зрабіць, адправіць, звязацца… Затым зламыснік устанаўлівае мабільны банкінг, загрузіўшы з магазіна дадаткаў і актывізуе яго. З дапамогай гэтай праграмы можна кіраваць банкаўскімі картамі, аплачваць паслугі і тавары, перакладаць грошы з карты на карту. Некаторыя аператары сотавай сувязі нават даюць пэўную суму электронных грошай, якія можна выкарыстоўваць па сваім меркаванні. Часцей гэта 100 рублёў, якія злачынцы імгненна перакладаюць на іншы нумар тэлефона ці банкаўскі рахунак. Пасля чаго злачынца выдаляе софт, СМС-паведамленні, якія пацвярджаюць падключэнне паслугі.
Уладальнік смартфона нават не падазрае пра тое, што падключаны на паслугу і ўзяў нейкія грошы ў кампаніі. І толькі калі прыходзіць напамінак ад аператара сотавай сувязі пра наяўнасць запазычанасці і неабходнасць яе пагашэння, ашуканы кідаецца высвятляць, чаму так атрымалася. Вось толькі яму мала чым дапамогуць – грошы давядзецца вяртаць, як і ўносіць абаненцкую плату за выкарыстанне паслугі. Зразумелая справа, што пацярпелыя тут жа звяртаюцца ў міліцыю.
Да гонару праваахоўнікаў, такіх ашуканцаў выяўляюць даволі хутка. Але пакуль першыя пацярпелыя пачнуць звяртацца ў міліцыю, пакутуюць дзясяткі наступных. На сёння можна гаварыць пра амаль 70 падобных выпадкаў ва ўсіх раёнах абласнога цэнтра і вобласці.
Нядаўна гэты від злачынстваў папоўніўся і іншым, ужо зарэгістраваным ў абласным і раённых цэнтрах. Зламыснікі ў сацыяльных сетках знаходзяць нумары сотавых тэлефонаў, робяць званок, называюць сябе сотавым аператарам і паведамляюць абаненту, што зусім “выпадкова” перавялі яму значную суму грошай. Прапануюць у гэтым пераканацца, толькі трэба ўсталяваць мабільны дадатак і праверыць суму. Нічога не падазраючы, чалавек усталёўвае яго і сапраўды бачыць, што на рахунку ёсць грошы, якія не пералічваў. Не разумеючы, што гэта найчыстай вады падман, згаджаецца выконваць інструкцыі “аператара” і праводзіць транш на яго нумар тэлефона або картку. Вынік заканамерны: праз некаторы час прыходзіць паведамленне пра запазычанасць. Далей – неразуменне сітуацыі, спроба высвятліць ісціну і зварот за дапамогай у міліцыю.
Гэтыя дзеянні злачынцаў ужо трапляюць пад іншы артыкул Крымінальнага кодэкса – 209 “Махлярства”. А там і пакаранне прадугледжана іншае, больш суровае.
Свой сотавы тэлефон ні пад якой падставай не перадавайце незнаёмым ці малазнаёмым людзям. Усталюйце на смартфон блакаванне. Быў выпадак, калі злачынца ўсталяваў дадатак на знойдзены ім тэлефон без блакавання і так выкраў грошы.

Аляксандр БЛІНЕЦ,
намеснік начальніка РАУС.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о