Выпускныя прайшлі. Установы адукацыі развіталіся са сваімі адзінаццацікласнікамі. Але засталіся яшчэ словы, якія патрэбна сказаць…

– Данііл Грыб – гэта адназначна “мозг” нашай каманды. У гэтым сезоне гульняў КВЗ “NaStile” яму належыць большая частка нашых сцэнак, – расказала педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ірына Рамашэўская. – Пасля першай рэпетыцыі ён стаў паўнавартасным членам нашай каманды! Хлопец – стрыжань каманды: на яго можна спадзявацца ў любой сітуацыі. Крысціна Навацкая – таксама выпускніца каманды КВЗ. Няўрымслівая, звышпазітыўная і вельмі ранімая! Мне, ды і, упэўнена, усёй камандзе, будзе вельмі яе не хапаць. Асабліва яе прамых эфіраў з нашых гульняў і фразы: “Русланаўна, усё будзе добра!”
Галоўнае дасягненне ў абодвух – трэцяе месца ў вобласці ў сезон гульняў КВЗ! Да гэтага яны ішлі два гады.

Дзякуй за працу!Данііл Грыб, выпускнік гімназіі:
– 11 клас мне запомніўся тым, што я вельмі змяніўся, калі параўноўваць з 10 класам. Кожны тыдзень наведваў Цэнтр творчасці, каб рыхтавацца да КВЗ. Мне вельмі падабалася прыдумляць жарты, складаць сцэнарый, а самае галоўнае – мець зносіны з аднадумцамі. Мы вельмі пасябравалі. Таксама запомніліся мерапрыемствы, канцэрты, у якіх я прымаў удзел. Гэта дапамагло мне раскрыцца і праявіць свой артыстызм.
Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць педагам Цэнтра творчасці, а ў прыватнасці нашаму трэнеру па КВЗ Ірыне Рамашэўскай, музычнаму кіраўніку – Жанне Пінчук, дырэктару ўстановы Надзеі Слабадзянюк.
Таксама хочацца сказаць словы падзякі маім бацькам Таццяне і Аляксею за тое, што яны падтрымлівалі мяне ў маіх пачынаннях. Дзякуй настаўнікам і адміністрацыі гімназіі. Яны дапамаглі мне стаць чалавекам.

Дзякуй за працу!Крысціна Навацкая, выпускніца сярэдняй школы № 1:
– Я вельмі шмат часу праводзіла ў Цэнтры творчасці. Там у мяне ўклалі шмат сіл. Я вельмі ўдзячная Ірыне Русланаўне, яна верыла ў мяне, дапамагала. Гэтак жа хачу сказаць дзякуй Жанне Пінчук і Надзеі Слабадзянюк. Цэнтр творчасці назаўжды ў маім сэрцы.
Да іспытаў я рыхтавалася з пачатку года, вусныя прадметы вучыла на памяць. Я пакуль не агучваю, куды хачу паступаць, але скажу, што звязана з творчасцю. Увесь гэты год мне дапамагалі мае бацькі, якім я вельмі ўдзячная, яны верылі ў мяне.

 

 

– Мая вучаніца Ірына – гэта мікс працавітасці і адказнасці, натуральнасці і пяшчоты. – распавяла Надзея Слабадзянюк. – Яна ўдзельніца шматлікіх мерапрыемстваў і конкурсаў па-за межамі раёна. Правая рука ў складаных сітуацыях. Нашай установе будзе вельмі не хапаць такой навучэнкі.

Дзякуй за працу!Ірына Кавальчук, выпускніца гімназіі:
– Гэты год быў насычаным, як ніколі раней. Але гэтак жа быў і цяжкім. Вольнага часу было мала, бо была занятая падрыхтоўкай да экзаменаў і ЦТ. У гэтым дапамагалі факультатывы.
Гімназія для мяне стала другім домам. Гэта велізарны і вельмі важны крок у дарослае жыццё і здзяйсняючы першыя крокі, хочацца падзякаваць усім настаўнікам і адміністрацыі за вялікі ўклад кожнага з нас.
Дзякуй класнаму кіраўніку Галіне Туравец, што свой вольны час яна аддавала нам. І дзякуй дырэктару гімназіі Людміле Хільман.
Я ўдзячна Цэнтру творчасці дзяцей і моладзі. Любімы “Тэатр мод” назаўжды застанецца ў маім сэрцы, як і педагогі цэнтра. Дзякуй, што навучылі бачыць прыгожае ў простым. Хачу сказаць дзякуй маім бацькам Святлане і Вадзіму Кавальчукам.
Увесь год з намі, выпускнікамі, займалася Анастасія Андрук. Мы рыхтаваліся да “Вальса-2020”. І ў нас усё атрымалася. Хоць конкурс і праходзіў у фармаце відэа, было крута.

– Юлія Талстунова – сур’ёзная, адказная вучаніца, якой мне будзе не хапаць, – канстатавала педагог дадатковай адукацыі па чырлідынгу Наталля Чарняўская. – Моцны спартсмен – гэта заўсёды вялікая адказнасць. Наша каманда дзякуе Юліі, пераможцы абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў, і я спадзяюся, што дзяўчына знойдзе сябе ў іншай камандзе.

Дзякуй за працу!Юлія Талстунова, выпускніца сярэдняй школы № 2:
– Выпускны прайшоў добра, але вельмі шкада, што нам не ўдалося прайсці па чырвонай дарожцы на плошчы. Гэтак жа шкада, што сам вечар прайшоў у скарочанай форме.
Навучальны год запомніўся цалкам усім, бо гэта апошні год у школе. З мая распачала амаль увесь вольны час аддаваць на падрыхтоўку да іспытаў. З будучай спецыяльнасцю не вызначылася. Спачатку здам ЦТ, а там ужо пагляджу, куды праходжу па балах. Вялікі дзякуй маім бацькам і настаўнікам за тое, што на працягу 11 гадоў падтрымлівалі мяне, давалі парады, за цярпенне і любоў. Вялікі дзякуй майму класнаму кіраўніку Алене Пацярайла. За гэтыя 7 гадоў мы столькі ўсяго прайшлі разам! Дзякуй за тое, што ставіліся да кожнага з дабрынёй і разуменнем. Абяцаю не забываць Вас і памятаць усе Вашы парады.

Галіна Пантюк і Алеся Юркавец вельмі доўгі час займаліся ў На-дзеі Ярыгі ў танцавальным калектыве “Надзея” і фальклорным ансамблі “Вясковыя музыкi”. Пастаянныя ўдзельніцы ўсіх мерапрыемстваў у Бабунічах і ў Цэнтры творчасці.

Дзякуй за працу!Галіна Панцюк, выпускніца Бабуніцкай сярэдняй школы:
– Мне, безумоўна, 2020 год запомніўся станоўча, нягледзячы на з’яўленне каронавіруса і адмену апошняга званка.
Прыемнай была перамога ў конкурсе “Школьны вальс-2020”. Я атрымала шмат незабыўных эмоцый.
Не магу не падзякаваць сваім настаўнікам за веды, штодзённую працу, мудрыя парады, за жаданне зрабіць нас лепшымі, дабрэйшымі і больш паспяховымі.
Дзякуй маім любімым бацькам за падтрымку, патрэбныя парады, разуменне, бязмежную любоў.
Хачу паспрабаваць сябе ў эканамічнай сферы. Вынікі ЦТ вызначаць маю будучую спецыяльнасць.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота з сацыяльных сетак

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о