У аўторак, 27 снежня, у “Петрыкаўскім дзяржаўным спецыяльным прафесійна-тэхнічным вучылішчы закрытага тыпу №1 лёгкай прамысловасці” прайшла навагодняя ёлка, на якую завіталі высокія госці з падарункамі.

У поўдзень у актавай зале распачалася святочная імпрэза. Традыцыйныя для нашай народнай культуры нячысцікі – кікімара і Баба Яга, упэўненыя ў сваёй прыгажосці, збіраліся на навагоднія святы, забаўляючы гледачоў разнастайнымі конкурсамі. Прысутным прапанавалася паказаць сваё ўменне танчыць, прадэманстраваць акцёрскае майстэрства і кемлівасць, адказваючы на загадкі і пытанні пра зімовую пару і Новы год. Трэба адзначаць, што госці свята – міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі  Андрэй Хмель, дырэктар “Белкамунпраекта” Аляксей Чыгір і дырэктар “Петрыкаўскага райжылкамунгаса” Сяргей Гайчук актыўна ўдзельнічалі ў навагодніх забавах.

Па сюжэце казачныя персанажы сустрэлі сучасных дзяўчын, якія падказалі, што вобразы нячысцікаў слаба адпавядаюць сучасным густам, таму не лішнім перад святамі кікімары і Бабе Язе будзе звярнуцца да паслуг стылістаў. Урэшце, гераіні прывялі свой знешні выгляд у прывабны стан і канчаткова зразумелі, што як бы яны не чакалі святочных тусовак, свята без галоўнага навагодняга персанажу Дзеда Мароза не адбудзецца.

Навагодні чараўнік запаліў агні на Ёлцы, паслухаў вершы ад дзетак і ўручыў ім падарункі. Стары нават пагадзіўся быць больш сучасным, каб адпавядаць густам моладзі і прачытаў рэп. Імпрэза праходзіла ў суправаджэнні вакальных нумароў, зразумела, госці неаднаразова вадзілі каля навагодняга дрэва карагоды.

Напрыканцы ўрачыстасці пачэсны госць свята міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель падзякаваў дзяўчынам і педагагічнаму калектыву за падораны шчыры святочна настрой. “Я наведваю вашу навучальную ўстанову ўжо трэці раз і кожны год чакаю гэтага моманту. Жадаю вам ад імя ўрада Рэспублікі Беларусь і калектыва міністэрства ЖКГ усяго самага найлепшага. Тая цеплыня, што вы нам падарылі, будзе захоўвацца ў нашых сэрцах на працягу ўсяго года і варта спадзявацца, што ўжо ў канцы 2023-га мы сустрэнемся зноў!”. Да віншаванняў далучыўся і дырэктар УП “Белкамунпраект” Аляксей Чыгір: “Я завітаў да вас упершыню і вельмі ўражаны. Дзяўчыны, педагогі, дзякуй вам вялікі! Вы вельмі таленавітыя і я ўпэўнены – усе вашыя пачынанні будуць цудоўна рэалізаваныя, усё, што б вы не планавалі – атрымаецца”.

Дырэктар Петрыкаўскага райжылкамунгаса далучыўся да віншаванняў і перайшоў да чаканых падарункаў. Акрамя салодкіх прысмакаў для выхаванак СПТВ, установа атрымала тры рэцыркулятары, дзве мікрахвалёвыя печы і пыласос. Завяршылася мерапрыемства памятным фота.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о