Заключным мерапрыемствам Тыдня нацыянальнай культуры ў гарадской гімназіі стала сустрэча паэтаў Петрыкаўшчыны з навучэнцамі гэтай установы адукацыі.
Трэба адзначыць, што не кожны госць гімназіі збірае такую вялікую аўдыторыю – каб размясціць усіх гледачоў, арганізатарам давялося забяспечыць дадатковыя пасадачныя месцы.

Дзве гадзіны творчасці
Месяц таму мясцовыя дзесяцікласнікі прынялі ўдзел у прэзентацыі кнігі Антаніны Рыбалка “Голас душы”, якая прайшла ў раённай бібліятэцы. Пасля гэтага навучэнцы выказалі жаданне працягнуць такія сустрэчы. Напэўна, магчымасць асабістага знаёмства з таленавітымі землякамі і стала прычынай поўнай залы.
На сустрэчу былі запрошаны добра вядомыя ў нашым раёне паэткі, не аднойчы друкаваныя на старонках раённай газеты, аўтары паэтычных зборнікаў Любоў Арлова, Антаніна Рыбалка, Ірына Тарасевіч, аўтар і выканаўца ўласных песень Людміла Яцухна (на здымку), пра творчы шлях якой мы некалькі гадоў таму таксама расказвалі нашым чытачам.
Пасля непрацяглага аповеду пра сябе Любоў Арлова прачытала некаторыя свае вершы. А адказам на пытанне, чаму вярнулася праз многа гадоў з Украіны на радзіму ў Петрыкаў, стаў верш “Настальгія”.
З нагоды свята жанчын і мінулага Дня абаронцаў Айчыны Антаніна Рыбалка прачытала вершы ў тэму. Адзначыўшы, што яна бадай адзіны мясцовы аўтар нашага краю, які піша гумарыстычныя вершы, зачытала свой твор “Зязюля”. А закончыла выступленне новым вершам, прысвечаным Году малой радзімы, “Закахацца ў сінія пралескі”.
Асабліва нечаканым фактам для гімназістаў стала тое, што запрошаная на сустрэчу Ірына Тарасевіч з’яўляецца роднай сястрою іх любімай настаўніцы матэматыкі – Галіны Серапінай. Гэты факт дадаў цікавасці да яе асобы.
“У школе няма непатрэбных прадметаў” – запэўніла Ірына Анатольеўна, расказаўшы, як рыхтавалася стаць актрысай, а вывучылася на медсястру. Цяпер працуе настаўнікам біялогіі і хіміі.
Большасць яе вершаў, некалькі з іх прагучалі, маюць духоўную тэматыку, бо з часам яна стала глыбока веруючым чалавекам. У сваім выступленні яна таксама прапанавала слухачам вершы, прысвечаныя сыну.
Заключным і дастаткова яркім было выступленне барда Людмілы Яцухна. Па-майстэрску валодаючы аўдыторыяй, яна перамяжала ўласныя вершы і песні, расказы пра конкурсы, у якіх удзельнічала, і парады на будучыню для моладзі. Пад яе акампанемент зал дружна выканаў песню Юрыя Візбара “Сонейка маё”.
Пасля амаль двух гадзін цікавай сустрэчы гледачы і госці не спяшаліся разыходзіцца. Любоў Арлова падарыла бібліятэцы гімназіі зборнікі вершаў, якія стварыла на Петрыкаўшчыне ў апошнія гады. Антаніна Рыбалка ў вялікай кагорце дзяцей убачыла дзяўчыну – васьмікласніцу Валянціну Ліпскую, як яна сказала, моцна падобную на яе ўнучку, якая таксама паспяхова піша вершы, і падарыла Валі свой зборнік з подпісам. Старшакласнік Раман Ліцвін, які таксама выдатна валодае гітарай, атрымаў майстар-клас ад Людмілы Яцухна і прапанову папрацаваць разам. А ўсіх ўдзельнікаў сустрэчы Людміла Лаўрэнцеўна запрасіла на свой творчы вечар, які мяркуецца адбыцца у красавіку.
Сачыце за аб’явамі, паважаныя чытачы. Сустрэчы з такімі таленавітымі людзьмі каштоўныя. Не прамініце.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о