У Беларусі адзначаецца сумная дата – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Гэты дзень – заўсёды самы доўгі светлавы дзень у годзе. Але ў 1941 годзе 22 чэрвеня стала крывавым днём для мільёнаў жыхароў вялікай краіны. Не спеў птушак абудзіла людзей, а гул варожых самалётаў. І плакалі маці, праводзячы сыноў, і больш ніколі не ўбачылі бацькоў сотні дзетак, і сталі ўдовамі маладыя жонкі. Вялікая Айчынная вайна стала сінонімам болю, жаху, адчаю і нават праз дзясяткі гадоў жыве памяць у сэрцах людзей, чые дзяды і прадзеды аддавалі жыццё за Вялікую Перамогу, сыходзілі на фронт маладымі хлопцамі, ішлі ў бой і знаходзілі сваю смерць за сотні кіламетраў ад Радзімы. А колькі іх у брацкіх магілах на чужой зямлі?
Вялікая Айчынная вайна – гэта небывалая ў гісторыі па сваіх маштабах і жорсткасці бітва савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мы схіляем галовы перад светлай памяццю тых, хто ў жорсткіх бітвах адстаяў свабоду і незалежнасць Айчыны, падарыў нам магчымасць жыць і працаваць, выхоўваць дзяцей на самай цудоўнай у свеце зямлі і прапануем вашай ўвазе меркаванні жыхароў нашага горада рознага ўзросту пра падзеі, якія пакінулі ў іх сэрцах глыбокі след.

Дзень памяці і смутку

Пінькоўская Яўгенія:
– Першыя дні Вялікай Айчыннай вайны запомніліся бясконцым гулам нямецкіх самалётаў. Там, за ракою, прызямляліся парашутысты. Вось у гэтым садзе паміж двума грушамі пачалі капаць бомбасховішча. Не ведаю, адкуль бралі бярвенне, уваход затыкалі падушкамі. Так і хаваліся. Салдаты трымалі абарону да апошняга. У маіх вачах да гэтага часу стаіць той малады салдацік, які прыкрываў адступленне нашай групы войск. Ворагі сарвалі з яго пагоны, усе зорачкі.
Цяжкім было жыццё пад немцамі: голад, вошы, часотка.
Ад тыфу мы ўцяклі ў лес. Пабудавалі курані.Так і жылі. Нехта навёў на нас немцаў. Схаваліся ў балоце. Стралялі па нас кулямётнай чаргой. Дзеці плакалі.
– Русіш, партызан, здавайся!
А якія мы партызаны? Дзеці, жанкі, якія ўцяклі ад вайны.
Не дай Божа, дзеткі, тое перажыць. Схапілі нас, каго ў нямеччыну, каго ў лагеры. Нас не паспелі пераправіць, бо самі ўжо ўцякалі.
А калі нашы салдацікі прыйшлі, рукі ім цалавалі. Такая радасць была!
Сёння мы жывем у шчасці, у міры. Усяго нам хапае. Я пражыла доўгае жыццё, але не забуду ніколі тых дзён…

Дзень памяці і смуткуВяракса Уладзімір:
– Я нарадзіўся пасля вайны. Мой бацька распавядаў мне пра жудасныя падзеі, якія адбываліся ў нашым горадзе. На тым месцы, дзе зараз “Родны кут”, фашысты ўсталявалі гета. Мая бабуля нейкім цудам пазбегнула кары за дапамогу няшчасным пакутнікам. Бацьку не пашанцавала. Яго адправілі ў канцэнтрацыйны лагер. Чаго толькі не перажыў, удалося збегчы. Усё жыццё ўспамінаў тыя жудасныя дні і пакінуў нам, дзецям, запавет, што трэба берагчы мір. У нас няма часу ісці назад і праходзіць пройдзенае. Нам усім, хто бачыць свет па-рознаму, варта ўсвядоміць, што ў нас адзіная каштоўнасць – кавалачак зямлі ў цэнтры Еўропы. Іншага не да-дзена. І ў імя захавання яго для дзяцей, давайце перавернем старонку пройдзенага і будзем разам пісаць новую старонку незалежнай Беларусі.

Дзень памяці і смутку

Пырко Аляксандр:
– Напярэдадні дня памяці і смутку на розум прыходзяць словы Арыстоцеля: “Калі забываюць вайну, пачынаецца новая”. Мы не хочам новых войнаў, хочам мірнага неба над галавой, памяць пра вайну неабходна перадаваць з пакалення ў пакаленне, каб не рыхтавацца да новай. Жахі вайны застаюцца ў нашых сэрцах…

Дзень памяці і смутку

 

 

Сінчанка Анастасія:
– Вайна … Страшнае слова. Кожная літара прасякнутая крывёй і болем. Нам, маладому пакаленню, складана прачуць трагедыю тых дзён. Дзеля перамогі людзі аддавалі свае жыцці. Не абышла вайна і нашу сям’ю. Мой дзядуля – равеснік вайны. Цяжка было жыць. Са шматдзетнай сям’і выжылі толькі двое: мой дзядуля і яго старэйшы брат. Бацька іх прапаў без вестак. У сэрцах старэйшага пакалення вайна – незагойная рана. Гэта няздзейсненыя мары, страчаныя надзеі на шчаслівае жыццё. Гэта апошні поціск рукі, апошні пацалунак, апошні погляд блізкага чалавека. Гэта люты холад, жудасны голад, кроў і смерць. Гэта страшна. Мы, моладзь, за мір!

Святлана ТАРАСЕВІЧ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о