Амаль 1200 гектараў плошчаў плануецца засеяць азімымі культурамі гэтай восенню ў ААТ “Курыцічы”. Пра гэта паведаміў галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Зубар. На раніцу панядзелка, калі карэспандэнты раёнкі наведвалі палеткі гаспадаркі, пасяўныя работы закончаны былі на 330 гектарах. У зямлю кінуты 15,7 тон элітнага насення азімага жыта, астатнія з 270 гектараў жытніх палёў засяваюцца ўласным семянным фондам, як і 60 гектраў трыцікале.

Дзень механізатара – полеАндрэй Картыннік Дзень механізатара – полеРуслан Чарнобылец

– Дзень-два і закончым сяўбу азімых на зерне, прыступім да сяўбы каласавых на зялёны корм, – пазначыў Уладзімір Зубар. – У першую чаргу працавалі на палях, дзе сабраны яравыя культуры, цяпер пераходзім на тыя, што вызваліліся пасля збору ўраджаю кукурузы. Гэта землі найбольш урадлівыя, не забруджаныя пустазеллем.
Аграном адзначыў таксама, што летась гаспадарка крыху адстае ад тэмпаў мінулагодняй пасяўной, але з заданнем справяцца своечасова. У механізатараў ёсць вялікі патэнцыял. Умовы для іх працы створаны – гарачымі абедамі іх забяспечваюць прама ў полі. Ды і заробкі ў пасяўную немалыя: ёсць норма ці звыш яе – адпаведна і зарплата.
На сёлетняй пасяўной працуюць тры адзінкі магутных трактараў Беларус-3022 і Беларус-3522. На пасяўным агрэгаце АПП-6 Чарнобылец Руслан за дзень засявае 30-35 гектараў. Сам механізатар пазначае, што тэхніка не падводзіць. Некалі 8 гадоў таму атрымаў новы трактар, сочыць за яго станам пільна, тэхабслугоўванне праходзіць своечасова. Таму і атрымліваецца без збояў адпрацаваць пасяўную, працоўны дзень якой амаль 12 гадзін. А ў самы гарачы час нават без выхадных.
Пяць гадоў на сваім Беларусе-3522 працуе і Андрэй Картыннік. За дзень у пасяўную пераворвае 18-19 гектара. Хаця ў поле з плугамі ці дыскамі выходзіць кожны працоўны дзень акрамя зімы, калі ў механізатараў ёсць магчымасць пайсці ў водпуск – праца ў полі заўсёды ёсць. Паспець бы за пасяўным агрэгатам.
Цяпер у полі з дыскатарам працуе яшчэ і Дзмітрый Качэля. Сеялка прыспешвае, не даючы перапынку і механізатару Мікалаю Картынніку, які заняты на падвозцы насення.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о