Напэўна не засталося ў свеце такіх “мужчынскіх” прафесій, якія не асвоілі б жанчыны. Ва ўсіх галінах жыццядзейнасці адчуваецца рука жанчыны, яе мысленне, творчы падыход і здольнасць знаходзіць варыянты для вырашэння складаных сітуацый у працоўных момантах.

Дзень энергетыка. Лілія Петрачэнка надае энергіі правільны курс
Амаль тры гады мінула, як Лілія Петрачэнка была запрошана на пасаду цеплатэхніка ў філіял Энерганагляду РУП “Гомельэнерга” Мазырскага аддзялення Петрыкаўскай РЭІ. Да гэтага на рахунку Ліліі Барысаўны быў назапашаны шаснаццацігадовы працоўны стаж энергетыка на керамзітавым заводзе. Пасля аптымізацыі вымушана была шукаць сабе іншае месца працы.
Муж Уладзімір Уладзіміравіч таксама мае шматгадовы стаж у галіне энергетыкі: працаваў на керамзітавым заводзе, ТАА “Пасат”, КУП “Петрыкаўскі ПМС”. Цяпер заняты на пасадзе інжынера-энергетыка ў ТАА “Еўрагандаль”. Але гэта яшчэ не ўсе энергетыкі ў сям’і Петрачэнка. Спецыялістамі гэтай галіны вырашылі стаць і сыны. Дзмітрый працаваў энергетыкам у прадпрыемстве меліярацыйных сістэм у Петрыкаве. Нядаўна дэмабілізаваўся пасля тэрміновай службы ў войсках артылерыі, што ў Асіповічах. У бліжэйшых планах – працягваць набываць завочна вышэйшую адукацыю ў БНТУ. Малодшы Арцём навучаецца ў Мінскім энергетычным каледжы, пасля заканчэння якога стане спецыялістам цеплаэлектрастанцый.
Лілія Барысаўна ў свой час набывала вышэйшую адукацыю ў Данбаскім горна-металургічным інстытуце. Яна – бакалаўр-электрамеханік.
Задача цеплатэхніка – здзяйсняць нагляд за захаваннем дагаворных абавязацельстваў па забеспячэнні цеплаэнергіяй паміж энергазабяспечвальнымі арганізацыямі і спажыўцамі, правяраць тэхнічны стан сістэм ацяплення. Прасцей кажучы, Лілія Барысаўна кантралюе ўсё, што ідзе ад катла і далей. Дарэчы, на кантролі ў спецыялістаў энерганагляду 118 цеплакрыніц і 130 спажыўцоў.
З чэрвеня па верасень ідзе маштабная работа па падрыхтоўцы цеплакрыніц да асенне-зімовага перыяду. Без подпісу работніка энерганагляду прадпрыемства і арганізацыя не атрымае пашпарт гатоўнасці сваіх цеплакрыніц. У большасці недапрацовак у гэтым пытанні Лілія Барысаўна называе з боку адказных спецыялістаў несвоечасовую рэвізію запорнай арматуры, недагляд па цеплаізаляцыі крыніц, падаючых цяпло, уцечку вады з іх.
У мужчынскім калектыве Лілія Барысаўна адна, але адчувае сябе паўнавартасным спецыялістам гэтай галіны. Працуе з задавальненнем і пазітыўным настроем.
З прафесійным святам вас, паважаныя энергетыкі! Моцнага вам здароўя, дабрабыту, асабістых і працоўных поспехаў!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о