Сённяшняя дата на календары, безумоўна, вядомая кожнаму – хрысціяне каталіцкага веравызнання адзначаюць Ражство Хрыстова, з чым мы іх і віншуем. Але не кожны ведае, што для Петрыкаўшчыны гэты дзень адметны і яшчэ з адной нагоды – нараджэннем нашага славутага земляка Васіля Ісакавіча Талаша, ці, як празвалі яго ў народзе, Дзеда Талаша.

Дзеду Талашу 175!

На жаль? не кожны зараз прыгадае, чым вядомы гэты паляшук. З аднаго боку адразу адчуваюць людзі ўпэўненасць, маўляў, хто пра яго павінен ведаць, калі не я?! З іншага боку ў суразмоўцаў, асабліва больш маладога пакалення, узнікаюць напрацаваныя, але не звяныя паміж сабою асацыяцыі – Вялікая Айчынная вайна, партызан, герой. Калі вы вырашылі ўзнавіць свае веды, ці ўшанаваць памяць славутага земляка – прапануем невялічкі дайджэст.
Што пачытаць? Першае, што мы прапануем вашай увазе – аповесць класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа «Дрыгва».
Што паглядзець? Калі не маеце часу ці жадання чытаць, можна паглядзець ваенную драму-серыял «Талаш», што здымаўся па матывах аповесці Коласа і быў прадстаўлены грамадскасці ў 2011 годзе. Але варта адзначыць, што да сучаснага відовішча замежных блокбастэраў стужка, шчыра кажучы, не дацягвае. Няма ў ёй выдатнай разнапланавай аператарскай работы, не пабачыш якасна пастаўленых, адпрацаваных баявых сцэн. Некаму нават будзе падавацца, што персанажы, за 3,5 гадзіны экраннага часу, канчаткова не раскрытыя… Разам з тым, сюжэт тут дастаткова багаты, падзеі і ўчынкі людзей блізкія і зразумелыя гледачу.
Куды наведацца? Безумоўна, у аддзел гісторыі нацыянальнага героя Дзеда Талаша і партызанскага руху Петрыкаўшчыны гісторыка-краязнаўчага музея. А карацей, у Дом-музей Дзеда Талаша ў вёсцы Навасёлкі. Са спецыялістам гэтай установы, старэйшым навуковым супрацоўнікам Надзеяй Муратшынай, мы і пагутарылі пра нашага знакамітага земляка. Падрабязнасці чытайце ў бліжэйшых нумарах раёнкі, на сайце «Петрыкаўскіх навін» і ў сацыяльных сетках.
Віншуем з гэтай адметнай падзеяй і спадзяемся, што памяць пра знакамітых продкаў, ураджэнцаў Петрыкаўшыны будзе жыць у свядомасці землякоў.

https://www.youtube.com/watch?v=fQYAX_V4sWs

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о