Зімоўка жывёлы – самы складаны час у жыцці жывёлаводаў. Ад іх зладжанай і дэталёва спланаванай працы ў зімова-стойлавы перыяд залежыць колькі каровы дадуць малака і, адпаведна, колькі гаспадарка на гэтым заробіць. Ну а добрая зімоўка – гэта яшчэ і паказчык таго, як да яе падышлі летам, нарыхтоўваючы кармы і рыхтуючы хлявы да сезону халадоў.

Студзеньская суботняя выязная нарада пад кіраўніцтвам першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалая Місюры прайшла ў ААТ “Навасёлкі”. Аб’ектам для наведвання была выбрана МТФ “Ванюжычы”.

Пра справы мясцовых жывёлаводаў у лічбах
Агульнае пагалоўе жывёлы ў сельгаспрадпрыемстве налічвае 1537 галоў, з іх 660 – дойны статак, астатнія – гэта маладняк і цялушкі. Што да “Ванюжычаў”, то тут утрымліваецца 645 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 420 – дойны статак.
Сёлетнія студзень і люты выдаліся сцюдзёным: без стомы ціснуць маразы, асабліва па начах, хоць і днём даволі працяглы час трымаецца за мінус 10 градусаў. Людзей у большасці сваёй гэта радуе і падбадзёрвае. Іншая справа – жывёла.

Цяпер самы час падтрымаць яе добрым доглядам, клопатам ды якаснымі кармамі. Тады будзе і малако, і мяса, і прыплод. Што да прыплоду, то значнымі паказчыкамі гаспадарка пахваліцца не можа. У мінулым месяцы на свет з’явілася 34 цяляці. На пытанне: ці не мала гэта, дырэктар гаспадаркі Мікалай Азёмша сумна разводзіць рукамі, адзначаючы пры гэтым, што, па выніках студзеня, па гэтым паказчыку гаспадарка мае адзін з лепшых вынікаў у раёне. Да таго ж сёлета ўдалося прыбавіць у параўнанні з мінулым годам – на 21 расцёл гаспадарка мае болей.

У планах па паляпшэнні сітуацыі – павелічэнне захаванасці статка, тым больш, што вырашана нарэшце кадравае пытанне – з’явіўся свой асемянатар.

Са з’яўленнем хоць і невялікага прыплоду валавы надой малака не павялічыўся. За студзень ён склаў 62 тоны, што складае 46% да ўзроўню 2020 года. Між іншым, на сённяшні дзень МТФ “Ванюжычы” – гэта вытворчы аб’ект з сучаснай даільнай залай, дзе ў аўтаматызаваным рэжыме вядзецца ўлік надою ад кожнай каровы. Аднак ні высокімі надоямі, ні той жа якасцю малака гаспадарка пахваліцца не можа. Дзе выйсце? Па словах Мікалая Уладзіміравіча, выйсце са становішча крыецца ў рабоце над павелічэннем пагалоўя, ды і цялушак раздойваць трэба лепш. У бліжэйшы час (люты, пачатак сакавіка) чакаецца яшчэ каля 50 расцёлаў.
Дзе прывагі?
Прывагі таксама не тыя, каб атрымліваць стабільна высокі прыбытак. Дзіўна і незразумела, бо з кармамі ж сёлета праблем увогуле быць не павінна: цёплае дажджлівае лета працавала ў гэтым сэнсе на карысць аграрыяў. Так, хапае сена, сенажу, сіласу. Аднак пэўны час былі цяжкасці з набыццём камбікорму, які, зразумела, мог бы палепшыць сітуацыю з прывагамі, а значыць і з прыбыткам. На сённяшні дзень пытанне з камбікормам часткова вырашана.

Пра гаспадарлівасць і кадры
Працягваем знаёмства з МТФ “Ванюжычы”. Хоць і не ў вялікай колькасці, але маецца арганіка, якая павінна быць у полі, а не на тэрыторыі фермы. Хлявы, вокны ў іх, як і ўваходныя групы, не ўсе ўцеплены. Памяшканні для ўтрымання жывёлы маюць патрэбу ў тэрміновай пабелцы. Сістэма гноевыдалення працуе не ва ўсіх хлявах. Аднак адзначым, што на момант наведвання ішлі рамонтныя работы ў адным з хлявоў.
Вывад відавочны: адзін з важнейшых фактараў поспеху ў любой справе, і жывёлагадоўля не выключэнне – надзейныя кадры. Ступень надзейнасці вызначаецца найперш адносінамі да сваёй справы, належным выкананнем тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны і, вядома ж, такімі асабістымі рысамі як працавітасць, адказнасць, гаспадарлівасць.
Жывёлаводы круглы год у цяжкай фізічнай працы. Іх прафесія не прэстыжная, а зарплата невялікая, таму і прысутнічае фактычна ў кожнай гаспадарцы раёна вялікі попыт на надзейныя кадры.

Аднак, выйсце трэба шукаць з любой сітуацыі.
Лічыцца, што такога меркавання прытрымліваюцца толькі перакананыя аптымісты. А жыццё пастаянна пераконвае нас у тым, што вынікаў хутчэй даб’ецца той, хто не апускае рукі, а ўпарта шукае гэтыя самыя шляхі і выйсце. Да таго ж без глыбокага аналізу ўжо дасягнутых вынікаў і існуючых недахопаў тут ніяк не абысціся.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о