Дадатковая сустрэча старшыні райвыканкама Аляксандра Наўныкі з насельніцтвам Галубіцкага сельскага Савета прайшла на мінулым тыдні ў сельвыканкаме.

Дзе ўважлівасць да людзей?Выязныя сустрэчы кіраўніцтва раёна з жыхарамі населеных пунктаў – добрая традыцыя, якая дазваляе дыялог зрабіць дзейсным і адкрытым, ды і магчымасць для адваротнай сувязі на такіх сустрэчах заўсёда ёсць.
Сваё выступленне перад жыхарамі Галубіцы старшыня райвыканкама пачаў з вынікаў работы раёна за 2020 год, засяродзіўшы ўвагу прысутных на функцыянаванні такіх галін як сельская гаспадарка, медыцына, адукацыя, транспарт і гандаль. Асобна Аляксандр Міхайлавіч спыніўся на статыстыцы пажараў у сельсавеце, пагрозе паводкі і захаванні правапарадку на тэрыторыі сельвыканкама, частка вёсак якога знаходзіцца ў зарэчнай зоне. Аднак старшыня сельваканкама Уладзімір Аляксандраў – кіраўнік з вопытам, таму акрэсленыя кіраўніком раёна пытанні заўсёды трымае на кантролі.

Ад прысутных на сустрэчы мясцовых жыхароў паступіла не столькі пытанне, колькі просьба дапамагчы разабрацца ў сітуацыі, заложнікамі якой сталі жыхары трох васьмікватэрных дамоў у Галубіцы. Справа ў тым, што супрацоўнікі энергазбыту “адрэзалі электрычнаць” у пад’ездах шматпавярховак. Так, лічыльнікі на лесвічных пляцоўках адсутнічаюць з часоў, калі пабудаваныя некалі калгасам дамы здалі ў эксплуатацыю, аднак кіраўніцтва энергазбыту не прапанавала выйсця з сітуацыі, што склалася не па віне жыльцоў – адразу пазбавілі выгод цывілізацыі. Цяпер і самі жыхары, і іх наведвальнікі, сярод якіх і прадстаўнікі розных службаў, вымушаны па пад’ездзе перамяшчацца навобмацак.

Зноў, як адзначыў старшыня, каменціруючы сітуацыю, зроблена ўсё, здаецца, па законе: няма прыбору ўліку спажывання электраэнергіі – няма і электраэнергіі. Аднак, дзе ўважлівасць кіраўніцтва чарговай службы да жыцця людзей, дзе клопат пра дабрабыт і дзе жаданне ўнікнуць у сітуацыю?
Як стала вядома з размовы, жыхары дамоў не супраць калектыўна ўсталяваць той прыбор, але пакуль працягваюць жыць у цемры і чакаць, калі іх пачуюць і ў пад’езды вернецца святло. Па даручэнні Аляксандра Міхайлавіча, накіраваны запыт у энергазбыт, а разам з ім і даручэнне вырашыць сітуацыю.

Прагучалі на адрас старшыні ў час сустрэчы і словы падзякі за аператыўнае вырашэнне пытання рэгістрацыі кааператыва №2 па газіфікацыі вёскі Галубіца, дзякуючы чаму ўдалося ў кароткі тэрмін адкрыць крэдытную лінію і правесці газ. Такім чынам, на сённяшні дзень усе жадаючыя ў населеным пункце газіфікавалі свае дамы.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о