19 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урачыстая цырымонія адкрыцця міжнароднага дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2018» праходзіць у Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа» ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Цырымонія традыцыйна стартавала з чырвонай дывановай дарожкі, па якой прайшлі ўсе 20 дэлегацый краін-удзельніц. Гэта першая сустрэча ўсіх канкурсантаў, якія змаглі прэзентаваць сябе і сваю каманду. Адразу пасля прывітальнага дэфіле ўдзельнікі падняліся на сцэну, каб загадаць жаданне.

У адкрыцці прынялі ўдзел больш за 300 чалавек. Беларусь на міжнародным дзіцячым конкурсе прадстаўляе Даніэль Ястрэмскі.

Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа» трансфармаваўся ў вялікую мультымедыйную пляцоўку. Адным з самых яркіх элементаў цырымоніі адкрыцця стане 3D Mapping Show, што ўключае розныя жанры сцэнічнага мастацтва: танец, фальклорную музыку ў сучаснай апрацоўцы, камп’ютарную графіку і святло-праекцыйнае 3D-шоу.

Дзіцячае «Еўрабачанне-2018» у Мінску паставіла рэкорд па колькасці ўдзельнікаў. Два дзясяткі выканаўцаў у гэтым фармаце не спаборнічалі яшчэ ні разу.

У тэлеэфіры ўрачыстую цырымонію адкрыцця змогуць убачыць не толькі беларускія гледачы, але і паклоннікі дзіцячага «Еўрабачання» ва ўсіх краінах Еўропы, а таксама ў Аўстраліі. Белтэлерадыёкампанія будзе весці запіс цырымоніі і забяспечыць трансляцыяй усіх жадаючых вяшчальнікаў — членаў ЕВС. Каналы «Беларусь 1» і «Беларусь 24» пакажуць тэлеверсію адразу пасля «Панарамы». Таксама яе можна будзе ўбачыць на афіцыйным сайце медыяхолдынга www.tvr.by.

Фінал міжнароднага дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2018» пройдзе ў Беларусі 25 лістапада. Арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў музычнага праекта выступае Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў краіне член Еўрапейскага вяшчальнага саюза (ЕВС).

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о