12334 жыхары раёна сёлета прайшлі скрынінг на ВІЧ-інфекцыю. У сямі выпадках даследаванне крыві дало станоўчы паказчык. Яшчэ тры носьбіты інфекцыі былі выяўлены ў час даследавання па клінічных паказчыках.

Скрынінг, праведзены ў Гомельскай вобласці, дапамог выявіць 59% выпадкаў з усіх новых сёлетніх. У нас гэта лічба крыху большая. Значыць, скрынінг паказаў сваю эфектыўнасць.
У нашым раёне пад скрынінгавае даследаванне, якое працягваецца да канца года, падпадае ўзроставая катэгорыя 25+. Хаця выяўлены факты ВІЧ-інфіцыравання ў грамадзян ад 32 да 67 гадоў. Прычым палова – ва ўзросце 50+.
Урач-інфекцыяніст Гомельскай абласной інфекцыйнай бальніцы Алена Казначэева на прэс-канферэнцыі, якая адбылася днямі ў Гомелі, пазначыла, што колькасць маладых людзей, якія трапляюць у ВІЧ-статыстыку, зніжаецца з кожным годам. Дзесяць гадоў таму ўзроставая катэгорыя 20-21 год складала 31% усіх выпадкаў выяўлення ВІЧ. Сёння гэты ўзрост – 3,6%. Затое, ва ўзросце ад 40 і больш паказчык цяпер – 57,3%.
Лічбы сведчаць і пра тое, што нават ва ўмовах паўсюднага скрынінгу, выяўленне новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі знізілася на 20%, нават у такіх эпідэмічна напружаных раёнах як Светлагорскі, Жлобінскі, Рэчыцкі, Акцябрскі, Гомельскі. Рашэнне пра правядзенне выбарачных, а затым і паўсюдных скрынінгаў дало станоўчы вынік. Даследчыкі мяркуюць, што ёсць перспектыва поўнасцю спыніць гэту хваробу ў Беларусі да 2030 года.
Скрынінг дапамагае рашыць шэраг праблем, з якімі сутыкаюцца ўрачы-інфекцыяністы. Галоўная з іх – позняе выяўленне інфікавання. “Перыяд акна” – час ад трапляння вірусу ў арганізм да ўтварэння антыцелаў, якія можна будзе лабараторна выявіць, складае ад 3 тыдняў да паўгода. Многія гадамі не здаюць кроў на ВІЧ, мяркуючы: “Гэта мяне не тычыцца”. Але памыляюцца, як паказаў скрынінг. Многія трапляюць да ўрача ў цяжкіх клінічных формах. Але калі час ёсць, чалавек мае права на паўнавартаснае жыццё без абмежаванняў.
Сёння ў вобласці антырэтравірусную тэрапію атрымліваюць 79% людзей, якія жывуць з ВІЧ. Астатнія 1,5 тысячы свядома адмаўляюцца, прычым жанчын сярод іх намнога менш, чым мужчын. Сёння гэта з’ява атрымала назву “дысідэнства”. Зразумела, чалавек мае права сам прымаць рашэнне пра лячэнне, змагацца за жыццё ці саступіць. Спецыялісты адзначаюць, што сярод тых, хто рэгулярна прымае лячэнне смяротнасць складае толькі 1,2%.
Яшчэ адзін радок статыстыкі.
У абласной інфекцыйнай клінічнай бальніцы на лячэнні знаходзяцца 114 дзяцей са станоўчым ВІЧ-паказчыкам. Толькі трэць з іх жывуць у поўных сем’ях. 32 дзіцяці-сіраты знаходзяцца пад апекай бабуль ці дзядуль, цётак ці дзядзькаў. Іх бацькі загінулі ад ВІЧ, бо не мелі прыхільнасці да лячэння. Незразумела чаму, але смерць родных не ва ўсіх выпадках становіцца для гэтых апекуноў і саміх дзяцей падставай для бяспрэчнага прытрымлівання лячэнню.
Калі раней штодзённы прыём прэпаратаў антырэтравіруснай тэрапіі складаў 12-13 таблетак у дзень і меў пэўныя пабочныя рэакцыі, то новая лінейка прэпаратаў з’яўляецца комплекснай. У суткі дастаткова прымаць адну капсулу. Галоўнае, каб курс быў неперарыўны. У такім выпадку вірусная нагрузка стано-віцца мінімальнай і чалавек не ўяўляе небяспекі для іншых нават пры палавых актах, пераліванні крыві, выкарыстанні заражаных іголак пры ін’екцыях, а галоўнае – ад маці да дзіцяці ў час родаў і кармлення грудзямі.
Пакуль Беларусь не з’яўляецца вытворцам прэпаратаў антырэтравіруснай тэрапіі. Айчынныя вытворцы, для патанення кошту, толькі фасуюць медыкаменты, якія нам імпартуюць Германія, Канада і Расія. Прычым, 90% кошту прэпаратаў аплачваецца з рэспубліканскага бюджэту, астатняе – глабальны міжнародны фонд. Людзям, якія жывуць з ВІЧ, медыкаменты выдаюцца бясплатна. Дастаткова толькі прайсці даследаванне ў Гомелі, атрымаць назначэнні і наведваць свайго ўрача-інфекцыяніста па месцы жыхарства. Але для некаторых і гэта праблематычна.
Сёння людзі, якія жывуць з ВІЧ, працягваюць сутыкацца з дыскрымінацыяй, асновы якой ляжаць у недасведчанасці. Мала хто з нас мае кантакты з людзьмі, якіх ВІЧ-інфекцыя тычыцца непасрэдна. Яшчэ менш мае небяспечныя кантакты з імі. Пераважная большасць людзей з ВІЧ звялі ці працягваюць штодзённа зводзіць да мінімума вірусную нагрузку пасродкам антырэтравіруснай тэрапіі. Дык што ж нас у іх палохае? Чаму яны павінны трымаць свой статус пад грыфам “сакрэтна”, жыць з ім літаральна адзін на адзін? Чаму мы не можам дапамагчы ім, падтрымаць, падмацаваць сваім удзелам у іх надзею, што ўсё будзе добра? І дапамагчы прыняць адзінае правільнае рашэнне – лячыцца.

Алена БРУЦКАЯ,
па матэрыялах
райЦГіЭ і ЦРБ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о