Два гады таму, 9 жніўня, у Беларусі прайшлі выбары Прэзідэнта. Трэба адзначыць, што дадзеная кампанія запомнілася нам вялікай колькасцю непрыемных момантаў, знешнім ціску і шоку, што адчула абсалютная большасць беларусаў, якія мірна жылі і працавалі ў сваёй краіне. Грамадства сутыкнулася з добра прадуманай агрэсіяй і правакацыяй з боку дэсідэнцкіх сіл. І толькі яднанне народа, праяўленне цвёрдасці і рашучасці,  дапамаглі нам зберагчы краіну і захаваць незалежнасць. Аналізуючы двухгадовы шлях, упэўніваешся ў правільнасці выбранага беларусамі накірунку. Усё ў нас атрымалася і няхай так будзе і далей. Спыталі ў землякоў, чым для іх адметны пражыты час пасля апошніх выбараў Прэзідэнта.

Два гады працы  і ўпэўненага руху наперадАнтон ПІНЧУК, курсант Ваеннай акадэміі, ураджэнец вёскі Муляраўка:

– Летам 2020 года я стаў курсантам Ваеннай акадэміі, факультэта ўнутраных войск. Да свайго выбару ішоў свядома і самастойна: мяне заўсёды прываблівалі мужныя, адданыя ганаровай справе, фізічна падрыхтаваныя людзі. А абараняць Айчыну, сваіх родных, лічу абавязкам кожнага. Я – будучы  камандзірам узвода, добра разумею, што павінен быць прыкладам для таварышаў. Справядлівым, эрудзіраваным, здольным пры неабходнасці стаць на абарону краіны, сям’і. І я, крок за крокам іду да гэтай мэты.

Першы год вучобы ў акадэміі прыпаў  на паслявыбарчыя правакацыі агрэсіўна настроеных груповак. Я, як і мае таварышы, выходзіў на абарону мірнага насельніцтва. Разумелі: трэба адстаяць свабоду, каб рушыць далей да сваёй мэты ў мірнай краіне. Сярод тых, хто выходзіў на плошчы з пратэстамі, я бачыў шмат моладзі, якая несвядома і неабдумана выконвала чужыя даручэнні. Я веру, што ўсе яны адумаліся і знайшлі сябе ў жыцці.

За два гады вучобы я ўжо дасягнуў нейкіх вынікаў. Я залічаны ў Акадэмію алімпійскага рэзерву, абараняю гонар установы на спартыўных спаборніцтвах рознага ўзроўню. Трэніруюся з асабістым трэнерам з Казахстана і мы надаем асаблівую ўвагу тайскаму боксу і гіравому спорту. Мая мэта – званне майстра спорту Рэспублікі Беларусь. Акрамя спартыўнай падрыхтоўкі вяду актыўную грамадскую дзейнасць. Мне не раз камандзір даручаў несці сцяг краіны на спартыўных спаборніцтвах і я з гонарам трымаў у руках сімвал краіны.

Пасля падзей двухгадовай даўніны краіна стала на ногі. У людзей прайшоў страх выходзіць на вуліцу. Многія адумаліся і прынялі правільныя жыццёвыя арыенціры. Я жадаю ўсім міра, стабільнасці і ўпэўненасці.

Два гады працы  і ўпэўненага руху наперадЯўгенія ГЕРАСІМЕНКА, шматдзетная маці, знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, ураджэнка вёскі Мышанка:

– Калі пачаліся хваляванні летам 2020 года ў мяне нарадзілася дзіця. Як сёння памятаю адчуванне страху, што могуць пачацца ваенныя дзеянні ці адбудзецца нейкі пераварот і  мы згубім стабільныя і шчаслівыя дні. Тады ў радзільным доме ўсе мамачкі толькі і марылі, каб усё хутчэй скончылася і вярнуўся ў наша жыццё спакой. Трэба было думаць пра будучыню. У нас з мужам трое маленькіх дзяцей. Іх трэба было карміць, апранаць, вучыць, а не гля-дзець, як выходзяць на вуліцы гарадоў з незразумелымі лозунгамі. Шчасце, што ўсё скончылася добра, што кіраўніцтва краіны, унутраныя службы і проста неабыякавыя людзі далі магчымасць нашым дзецям жыць у міры.

Два апошнія гады праходзяць у мяне не толькі ў мацярынскіх клопатах.  Я знайшла для сябе магчымасць рэалізоўваць свой творчы патэнцыял і прыцягнула да цікавай і карыснай дзейнасці ўсю сям’ю. Мы былі ўдзельнікамі рэспубліканскага праекту “Уладар вёскі”, конкурсу “Лепшая маладая сям’я Петрыкаўшчыны”, а зараз, пры падтрымцы раённай грамадскай арганізацыі “Белая Русь” удзельнічаем у конкурсе “Сям’і шчаслівыя моманты”.

Што яшчэ казаць? Я шчаслівая маці і жока. Радуюся мірнаму небу над галавой.

Два гады працы  і ўпэўненага руху наперадГаліна ТРУХАНОВІЧ, дырэктар Петрыкаўскага краязнаўчага музея:

– Падзеі двухгадовай даўніны прымусілі грамадства больш уважліва і адказна ставіцца да мінулага нашай краіны, перагле-дзець старонкі Вялікай Айчыннай вайны. У раёне распрацаваны маршрут “Петрыкаўшчына ваенная і партызанская” з наведваннем асноўных партызанскіх месцаў, месцаў баявой славы, ДАКаў. Сёлета быў запушчаны відэапраект  успамінаў ветэранаў вайны і вязняў “Яны рана пасталелі”. Праводзіцца пошукавая работа на сайтах “ОБД-Мемарыял”, “Подзвіг народа”, выкарыстоўваюцца звесткі кнігі “Памяць. Петрыкаўскі раён” і звесткі ад старажылаў па пошуку пахаванняў ваеннага перыяду. У 2021 годзе ўстаноўлена 14 прозвішчаў загінуўшых, якія раней лічыліся невядома пахаванымі. Сіламі сельвыканкамаў, грамадскіх арганізацый, жыхароў раёна ў 2020 годзе праведзены касметычныя рамонты на 61 воінскім пахаванні, у 2021 – на 60. Вялікая работа праводзіцца і па рэалізацыі закона “Аб генацыдзе беларускага народа”. Пры дапамозе ўспамінаў сведак ваенных дзён, архіўных дакументах, пракуратурай раёна агучаны новыя факты бесчалавечнага стаўлення фашыстаў да мірнага насельніцтва, выяўлены месцы масавых пахаванняў нашых землякоў.

Задача нашага пакалення – зрабіць высновы з падзей 2020-га года. Зразумець на прыкладах лёсу нашых дзядоў і прадзедаў, што вайна недапушчальная ў нашым грамадстве і рабіць усё магчымае, каб захаваць мірную будучыню.

Святлана СОБАЛЕВА.

Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о