1 красавіка 20-гадовы юбілей адзначаў Петрыкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Два дзесяцігоддзі побач з патрэбамі людзейАддзел сацыяльнага забеспячэння райвыканкама быў той структурай, на аснове якой 1 красавіка 2001 года быў створаны Петрыкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сацыяльная скіраванасць дзяржавы, якая з году ў год расла, пашырала і сферы дзейнасці цэнтра. Спачатку на яго базе было створана аддзяленне першаснага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання, якое стварала базы дадзеных ільготных катэгорый грамадзян у раёне, арганізоўвала абследаванні бытавога становішча грамадзян, іх кансультаванне і інфармаванне пра паслугі, якія аказвае цэнтр.

У хуткім часе ўзнікла неабходнасць адкрыцця яшчэ аднаго аддзялення – сацыяльнай падтрымкі сям’і і дзяцей, якое аказвала розных відаў дапамогу сем’ям і дзецям. Сюды можна было звярнуцца за гуманітарнай, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай дапамогай, аддзяленне таксама займалася арганізацыяй аздараўлення за мяжой.

Перад сацыяльнымі службамі ставіліся новыя дзяржаўныя задачы. Таму ў 2004 годзе адкрылася аддзяленне тэрміновай сацыяльнай дапамогі, якое дапамагала пажылым людзям, інвалідам, людзям, якія трапілі ў складаныя жыццёвыя сітуацыі.
Праца Цэнтра ўдасканальвалася, на спецыялістаў ускладаліся новыя функцыі, пашыраўся пералік катэгорый грамадзян, якім Цэнтр мог аказваць дапамогу. Да такой катэгорыі былі аднесены і маладыя інваліды. У 2006 годзе пры падтрымцы Ірландскай дабрачыннай арганізацыі “Праект дапамогі дзецям Чарнобыля” быў набыты будынак па вуліцы Першамайскай, дзе адкрылася аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. Гэта дазволіла стварыць умовы для пераадолення існуючай сацыяльнай ізаляцыі, узмацнення інтэграцыі інвалідаў у грамадстве праз адукацыйныя і забаўляльныя паслугі.

Аддзяленне сталі наведваць інваліды не толькі горада, але і раёна. Былі арганізаваны заняткі па аднаўленні інвалідамі парушаных ці згубленых навыкаў самаабслугоўвання, навучанні карыстання тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, развіцці здольнасцяў да працоўнай дзейнасці і творчасці. У праблеме ўзніклай неабходнасці пашырэння плошчаў, зноў руку дапамогі працягнула дабрачынная арганізацыя “Праект дапамогі дзецям Чарнобыля”. У 2014 годзе была зроблена прыбудова, дзе размясціліся і былі аснашчаны камп’ютарны клас, актавая зала, працоўныя майстэрні, пакой для заняткаў па здаровым ладзе жыцця. Вытворчая магутнасць будынка дазволіла праз год адкрыць тут аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей.

У розныя гады аддзяленні Тэрытарыяльнага цэнтра ўзначальвалі Валянціна Томаль, Ганна Міцкевіч, Таццяна Талаш, Дзяніс Яўменаў, Таццяна Голуб.
Ішоў час, мяняліся патрабаванні, запыты, ставіліся новыя задачы, прымаліся новыя праграмы і дакументы, якія вызначалі дзейнасць Цэнтра. Але з даты стварэння і па сённяшні дзень Цэнтр узначальвае Галіна Сухоцкая, яе намеснікам з’яўляецца Валянціна Томаль, а галоўным бухгалтарам – Таццяна Севярын.
Сёння ў Цэнтры функцыянуе 4 падраздзяленні – аддзяленне пярвічнага прыёму, аналізу, інфармавання, прагназавання і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва пад кіраўніцтвам Святланы Алёксы, аддзяленнем сацыяльнай дапамогі дома кіруе Марыя Уласкіна, аддзяленнем сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі – Жанна Купрэй, а аддзяленнем дзённага знаходжання для інвалідаў і пенсіянераў – Вольга Траяноўская.

Сёння Цэнтр аказвае шырокі спектр сацыяльных паслуг і сацыяльнай дапамогі: прадастаўленне малазабяспечаным людзям і тым, што трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, пакрыццё выдаткаў на набыццё падгузнікаў, забеспячэнне бясплатнымі прадуктамі харчавання дзяцей да 2-х гадоў. Аказваецца матэрыяльная дапамога за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, матэрыяльная дапамога да школы для шматдзетных сем’яў, выдаюцца тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі, гуманітарная дапамога.
Самай запатрабаванай паслугай цяпер з’яўляецца сацыяльная дапамога дома. Укаранёныя і новыя форма работы – замяшчальная ці патранатная сям’я, паслугі сядзелкі ці няні, паслуга па суправаджэнні інваліда 1 групы, дом сумеснага пражывання і дом зімоўкі.

За адладжаную сістэму работы цэнтра сённяшні калектыў удзячны ветэранам сацыяльнай службы – Ганне Міцкевіч, Ніне Рудаўскай, Надзеі Расадзе, Валянціне Кудравец, Валянціне Цімашышынай, Алене Мічуленс, Таццяне Браім, Галіне Жукавец, Ірыне Касцюкевіч, Валянціне Кірыловіч, Тамары Хомец. Словы падзякі ад кіраўніцтва цэнтра гучаць з нагоды юбілею і на адрас усіх без выключэння супрацоўнікаў. Разам дружнай камандай яны паспяхова спраўляюцца з усімі задачамі.

Алена БРУЦКАЯ,
па інфармацыі ТЦСАН.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о