Я дорогой, знакомой до боли,
Иду, никуда не спешу
И свежестью утра у дуба
Как в детстве далёком
дышу…

Была Радуніца – дзень памінання памерлых. Канстанцін Дабрынскі штогод наведваўся з Капаткевіч у Конкавічы, каб прыбраць магілы дзядулі і бабулі. На адваротным шляху ён заязджаў у куток, дзе прайшло яго дзяцінства. Тут стаіць дуб, перад якім стаяў мужчына працяглы час і, як з жывым, размаўляў з ім.

Дуб-волат

 

Папрасіў Канстанцін Васільевіч мяне апісаць гэты дуб, ды так кранальна прасіў, што адмовіць я не мог.

– Чым ён дарагі і чым адрозніваецца ад іншых, – не сцярпеў я і спытаў у Канстанціна Васільевіча?
– Як жа, – ажывіўся той, – тут, каля дуба, маё дзяцінства прайшло, тут атрымаў я пуцёўку ў жыццё, тут зведаў усе сцежкі.

У далёкія дарэвалюцыйныя гады мой прадзед Уладзімір Дабрынскі прыехаў з Брэст-Літоўскай зямлі. Агледзеў гэты маляўнічы куток. Ён яму вельмі спадабаўся. Набыў у пана Плікуса кавалак зямлі і ўсёй душой “прырос” да конкавіцкай зямлі. Пабудаваў дом, развёў патрэбную для жыцця гаспадарку, а потым адзін за другім сталі нараджацца дзеці, у тым ліку і мой дзядуля Канстанцін. Ён за гэтым дубам даглядаў.
Надышоў час ствараць сям’ю. Ажаніўся мой дзядуля на дзяўчыне Мар’і. Дзякуй лёсу, што звёў яго з ёй. Гэта была чуллівая і прадбачлівая жанчына, што ведала шмат народных песень, казак, прымавак.

Бабуля нарадзіла майго бацьку Васіля Дабрынскага, а той падараваў жыццё мне. Сёння акрамя дуба ў мяне нікога не засталося. Хіба гэтага мала, каб не забываць пра дуб?, – уздыхнуў, зірнуў на дуб і працягнуў.

– Пасля заканчэння навучальнага года летнія канікулы праводзіў тут. Дзядуля і бабуля мяне навучалі ўсяму. Яны цудоўна ведалі наваколле. Ды і што гаварыць: Дабрынскія балоты, дзе шмат дзікіх качак вадзілася, Дабрынскі парос лес. Яны ведалі, дзе назбіраць ягад, грыбоў і лекавых зёлак.

Выпадала, ідзём з бабуляй па чарніцы, а яна мяне вучыць: “Каб доўга жыць, трэба людзей любіць” альбо “На дабрыню трэба адказваць дабрынёй”.
Канстанцін з удзячнасцю ўзгадаў пра дзядулю і бабулю. Мінула паўстагоддзя, як іх няма, а ён беражліва захоўвае ў памяці сваіх продкаў. Гэта не можа не радаваць! Дарэчы, узгадваю выраз: “Хто забыўся пра сваіх продкаў, той знішчае сябе”.

Вось яшчэ адзін эпізод, пра які расказаў мой субяседнік:
– Быў цёплы святочны дзень жніўня. Бабуля збірала дубовае лісце, на якім выпякала хлеб. “Праца – працай, але чалавеку патрэбен і адпачынак, – сказала яна і села на зялёную траву каля дуба і пачала спяваць: “За туманам нічога не бачна, толькі бачны дубок зялёненькі”…

 

Мы з Канстанцінам прыйшлі да высновы, што гэтаму дубу больш за 200 гадоў. Шмат бачыла дрэва за сваё жыццё і трывог, і нягод. Яно – сведка Айчыннай вайны 1812 года, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў.
Неаднаразовыя сустрэчы Канстанціна Дабрынскага з дубам нараджалі новыя думкі, а ў думках нараджаліся глыбокія пачуцці, што радавалі яго душу. Калі ён гля-дзеў на дуба-волата, то ўсе лепшыя хвіліны жыцця ўсплывалі ў памяці: і бабуліны казкі, і песні, і смачны бабулін хлеб!

Як не любіць гэты дуб? Ён цудоўны ў любы час года. Толькі прынясуць птушкі першыя вясеннія песні, а дуб ужо рыхтуецца сустракаць вясну. Усё ж маленькае лісце з’яўляецца пазней за іншыя дрэвы. Пазней дуб развітваецца і з летам. Усе дрэвы скідваюць лісце, а на яго галінках яно моцна трымаецца.

Сумна дубу стаяць пад халодным асеннім дажджом. Цямнее яго кара. З шумам паўночны вецер шавеліць яго лісце. Холадна яму лістападаўскімі начамі. Але замільгаюць у паветры белыя мухі-сняжынкі, прыйдзе зіма і павесялее дуб. Ловіць сняжынкі і ўсаджвае іх на свае галінкі быццам у белае футра апранаецца. І ў такім убранні ён надзіва прыгожы. На душы становіцца лёгка і ўсё навокал прыгажэе.
Ну што ж, паважаны Канстанцін Васільевіч, вось ты і прачытаеш на старонках раённай газеты пра свой дуб. Чытай і ўзгадвай дзяцінства!

Аляксей МІЦУРА,
аг. Конкавічы.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о