Мінулая субота была для аматараў футбола знакавай. Петрыкаўскі “Шахцёр” чакала апошняя гульня 22 тура другой лігі нацыянальнага чэмпіянату з футбольным клубам “Асіповічы”. Асаблівая ўвага да гэтай сустрэчы была прыцягнута па некалькіх прычынах. Каб зразумець іх, трэба зазірнуць і ў недалёкае мінулае, і ў бліжэйшую будучыню.

Па-першае адзначым, што цікавасць да матча была абумоўлена так званай спартыўнай мараллю. “Асіповічы” – адна з дзвюх каманд (пасля магілёўскага “Дняпра”), якой “Шахцёр” прайграў у першым крузе чэмпіянату. Таму рэванш для жоўта-чорных і іх аматараў быў асабліва важны.
Па-другое, акрамя настрою, з якім петрыкаўская дружына выйдзе ў фінальную частку спабор-ніцтваў, вынік сустрэчы ўплываў на становішча “Шахцёра” ў табліцы плэй-оф. І тут трэба патлумачыць рэгламент чэмпіянату.

Гэта толькі звонку
складана…
Як вядома, гэты сезон у другой лізе аказаўся надзвычай “ура-джайны” на колькасць удзельнікаў. На чэмпіянат заявілася ажно 22 каманды! Федэрацыя футболу вырашыла падзяліць удзельнікаў на дзве групы: заходнюю (група “А”) і ўсходнюю (група “Б”). У рамках груп чэмпіянат праходзіў па традыцыйнай кругавой сістэме. Тры клуба з кожнай групы, што набралі найбольшую колькасць ачкоў, выходзяць у фінальную частку чэмпі-янату, дзе і будуць змагацца за выніковыя месцы ад першага да шостага. Варта адзначыць, што ачкі, якія кожная каманда набрала ў гульнях з дзвюма іншымі мацнейшымі камандамі сваёй групы, у час чэмпіянату захоўваюцца. Такім чынам, фіналісты павінны сустрэцца толькі з прадстаўнікамі суседняй групы.
Так, перад 22 турам у группе “Б” табліцу ўзначальвалі магілёўскі “Дняпро” з 54-ма, “Шахцёр” з 46-цю і “Асіповічы” з 37-мю ачкамі. Але ў спіну апошнім дыхалі футбалісты “Горак”, на рахунку якіх было 34 ачкі. Гэта значыла, што калі “Асіповічы” сустрэчу з “Шахцёрам” прайграюць, а “Горкі” здолеюць абыграць свайго апошняга саперніка – гомельскі “Бумпром”, то ачкоў у абедзвюх каманд з Магілёўшчыны будзе аднолькавая колькасць. У такім выпадку трэба глядзець на розніцу забітых і прапушчаных, якая была на карысць “Горак”.
Але навошта гэта ведаць пры-хільнікам петрыкаўскага клуба? А з-за таго, што ў выпадку перамогі над “Асіповічамі”, вынік гульні “Горкі” – “Бумпром” будзе ўплываць на становішча “Шахцёра” ў фінальнай табліцы. Глядзіце, з двух прайграных матчаў з магілёўскім “Дняпром” “Шахцёр” ачкоў, зразумела, не атрымаў. Першы матч з “Асіповічамі” нашы футбалісты таксама прайгралі, таму нават пры перамозе ў другой сустрэчы “Шахцёр” бы выходзіў у фінальную частку толькі з трыма ачкамі. А вось калі б “Горкі” падняліся на трэці радок нашай групы і забяспечылі сабе месца ў фінале, то “Шахцёр” бы выходзіў у плэй-оф з шасцю ачкамі на рахунку, бо ў абедзвюх сустрэчах наша каманда “Горкі” абыграла.

Чым скончыўся рэванш?
“Шахцёр” загадзя забяспечыў сабе месца ў фінале. Тым не менш, перамога над “Асіповічамі” выглядала для аматараў футбола справай гонару. Што казаць, калі і некаторыя футбалісты заракаліся, што папярэдняе паражэнне – крыўдная памылка, і былых хібаў у сваёй гульні жоўта-чорныя не дапусцяць.
Доўга чакаць не прыйшлося. Петрыкаўская дружына зрабіла заўзятарам выдатны падарунак: ужо на 30-й секундзе Павел Стаскевіч, падабраўшы мяч каля варот з левай флангавай перадачы Дінілы Куцэпалава, адправіў яго ў сетку.
Пасля хуткага гола гульня з абодвух бакоў нармалізавалася і стала даволі вязкай. Сапернікі абменьваліся атакамі, але завяршэння гэтыя штурмы не мелі. Паглядаючы звонку, такія ж несуцяшальныя перспектывы меў і праход з правага вугла ў штрафную “Асіповічаў” таго ж Стаскевіча на 21 хвіліне. Адыходзячы ўлева ад двайной апекі гаспадароў, Павел вырашыў не разыгрываць мяч, а скарыстаўся мітуснёй і адправіў снарад нізам у правы кут варот. Аванцюра! На шляху мяча была заслона з двух абаронцаў. Але нейкім цудам футбалісты “Асіпові-чаў” толькі правялі круглага позіркам, а варатар зрэагаваў са спазненнем – 0:2.
“Асіповічы” адказалі дзвюма атакамі, але давесці іх да ўдара не ўдалося. У адказ на гэта, калі хранометр адлічваў 27-ю хвіліну сустрэчы, Аляксей Хадневіч, што атрымаў мяч з доўгай флангавай перадачы, павольна накаціў яго перад цэнтрам штрафной саперніка пад нагу напарніка – хет-трык Паўла Стаскевіча.
Прымаючы бок актывізаваўся, здолеў стварыць некалькі небяспечных момантаў каля варот “Шахцёра”. Госці таксама не думалі пра замаруджванне тэмпу і маглі нават павялічыць адрыў, але лік да канца першай паловы гульні так і застаўся 0:3.
Другая палова матча пачалася з даволі агрэсіўнай гульні “Асіповіч”. Быў нават удар па варотах, калі варатар “Шахцёра” Аляксей Станкевіч ужо не здолеў бы дапамагчы, бо аказаўся абрэзаным на выхадзе. Але абарона “Шахцёра” згуляла годна, выбіўшы мяч перад самай “стужкай” варот.
На гэтай жа хвіліне адбылося незразумелае. Калі камера, з якой вялася трансляцыя, паказвала нам атаку “Шахцёра” на палове поля гаспадароў прагучаў свісток. Лінейны арбітр, накіроў-ваючыся ў цэнтр поля з адваротнага боку, паклікаў галоўнага рэферы. Пасля нядоўгіх разбіральніцтваў аднаму з футбалістаў “Асіповічаў” была паказана чырвоная картка, другі атрымаў “гарчышнік” і гаспадары апынуліся ў меншасці. Што дакладна адбылося за кадрам – мы не ведаем, каментатар толькі адзначыў, што агрэсія на гэты раз перайшла ўсе рамкі.
“Асіповічы” намагаліся ціснуць. Першая, другая, трэцяя атакі – склалася ўражанне, што выдалення клуб не адчуваў. Тэмп, канешне, стаў больш павольны, знікла і былая шчыльнасць, але напор заставаўся той жа. Выдатная магчымасць пачаць даганяць саперніка прадставілася гаспадарам на 60-й хвіліне, пасля парушэння і пакарання жоўтай карткай Аляксея Хадневіча ў абароне сваіх варот у час вуглавога. 11-мятровы ўзяўся выканаць Аляксандр Емяльянаў, але мяч праляцеў побач з левай штангай.
Пасля гэтага “Шахцёр” нібы прачнуўся і пачаў дзейнічаць больш актыўна. Чарговая атака зацягнулася, перапасоўка выніку не давала, таму мяч на левы фланг, бліжэй да варот “Асіповічаў”, пераправілі Аляксею Хадневічу верхам. Той дагнаў снарад за некалькі крокаў да стужкі, папераду на Алексея выходзіў варатар. Часу ў Хадневіча было на адно крананне – варатар ужо кідаўся ў ногі. Нападаючы жа, крыху пад-скочыўшы над варатаром, ад-правіў мяч у левы вугал варот – 0:4 на 67-й хвіліне сустрэчы.
“Асіповічы” не думалі закрывацца ў абароне, але штурмы варот кожны раз выглядалі ўсё слабей. “Шахцёр” жа дамінаваў, паказваў больш тэхнічную і якасную гульню. Але склалася ўражанне, што госці асцярожнічаюць. Магчыма, на тое і быў разлік: наперадзе петрыкаўскую каманду чакае яшчэ як мінімум 6 матчаў з трыма сапернікамі, шкада на апошніх хвілінах атрымаць крыўдную выпадковую траўму ці картку за парушэнне правілаў. Свісток, перамога “Шахцёра” 4:0 і тры ачкі ў табелі фінальнай часткі чэмпіянату другой лігі.

“Горкі” і горкая нічыя.
Завочны сапернік “Асіповіч”, футбольны клуб з Горак, так і не здолеў абыграць “Бумпром”. Калі кораценька, то напачатку сустрэчы гомельскія футбалісты вялі з мінімальнай розніцай, хоць “Горкі” і выглядалі на полі мацней. Бліжэй да сярэдзіны ўзровень гульні быў адносна роўны. У другой палове “Горкі” забілі ў адказ і пачалі прэсінгаваць. “Бумпром” усё болей сыходзіў у абарону. Але арганізаванасці і майстэрства, каб рэалізаваць хоць адну са шматлікіх атак, у каманды з Магілёўшчыны не хапіла: мноства недакладных перадач, залішняя і непатрэбная шпаркасць ігракоў псавала іх жа атакі, як вынік 1:1 і “Горкі” з адным ачком ад сустрэчы застаюцца па-за бортам фінальнай часткі турніра.

І што далей?
Табліца фінала чэмпіянату выглядае перад стартам плэй-оф наступным чынам. Тры апошнія радкі з 3-ма ачкамі займаюць “Асіповічы”, пінскі клуб “Стэнлес” і “Шахцёр”. На трэцяй пазіцыі з 5-цю ачкамі знаходзяцца “Баранавічы”, другія пакуль футбалісты “Маладзечна” – на іх рахунку 7 ачкоў, а першае, ужо традыцыйнае для сябе месца займае магілёўскі “Дняпро”, што, не прайграўшы ніводнай гульні “Асі-повічам” і “Шахцёру”, мае ўсе 12 ачкоў.
Свой першы матч фінальнай часткі “Шахцёр” згуляе дома, на стадыёне “Прыпяць” з “Баранавічамі” ўжо сёння. Пачатак гульні ў 13 гадзін.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота Ільі ШЭЛЕГА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о