Гэты раз маршрут мабільнай групы райвыканкама пралягаў праз падворкі гаспадаркі ААТ “Камаровічы”.

І дробязі бываюць небяспечнымі І дробязі бываюць небяспечнымі
Адзначым адразу – сур’ёзных парушэнняў правяраючыя не выявілі, але шэраг дробязяў трэба выправіць, бо нават у нязначных недахопах можа хавацца небяспека.
Мехдвор у Камаровічах выглядаў нядрэнна, тым больш што над уездамі ў майстэрні з’явіліся габарытныя знакі, а само памяшканне было чыстым і прыбраным. А вось вароты майстэрні ў адкрытым палажэнні не былі зафіксаваны, што небяспечна.
Не знайшлося на мехдвары ні вогнетушыцеля, ні аптэчкі. У гутарцы высветлілася – усё ў наяўнасці, але для надзейнага захавання рэчы забралі ў кантору. Спадзяемся, канешне, што ўзгарання і траўм у гаспадарцы не здарыцца, але ахова працы на тое і разлічана, каб прадугледзець усе недарэчныя абставіны. У астатнім атмасфера на мехдвары радавала вока – усе працаўнікі былі пры справе, ад праверкі на алкатэстары ніхто не адмаўляўся. Суадносна і прыбор паказваў на сваім табло адны нулі.
Даволі цікавае тэхнічнае вырашэнне зрабілі будаўнікі, што здавалі даільны блок ААТ “Камаровічы” – ключ ад дзверэй электрашчытавой інтэграваны і заўсёды знаходзіцца ў замку. Такім чынам у памяшканне ўваход заўсёды свабодны, а між іншым доступ сюды павінен быць толькі ў спецыялістаў. Да таго, у кампрэсарнай на адным з агрэгатаў быў зняты ахоўны кажух – падобныя факты, на жаль, не рэдкія як для Камаровіцкай гаспадаркі, так і для многіх сельгаспрадпрыемстваў увогуле.
Незразумелым было для праверкі і тое, у якім стане знаходзіцца зала раздою – там даўно трэба прыбраць, а вось даільная зала выглядала чыста, чаму б у такім стане не падтрымліваць усе памяшканні?
Далей правяраючыя прыбылі на МТФ у Фаставічах і апынуліся нібы ў фантастычным апавяданні Рэя Брэдберы “Канікулы”, дзе, акрамя галоўных герояў, на свеце зніклі ўсе людзі. Так жа пуста было і там – пахадзіўшы па ферме мы нікога не сустрэлі. На жаль, “знікненне” людзей не пацягнула за сабой знікненне прадуктаў іх жыццядзейнасці – такога бруду ў бытавых памяшканнях мы не бачылі ўжо даволі даўно. Спадзяемся, што заняўшы свае рабочыя месцы працаўнікі фермы навядуць там адпаведны парадак.

Арцём ГУСЕЎ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о