Мінулая субота выдалася, мякка кажучы, вільготнай, і шэраг мерапрыемстваў, што планавалася правесці ў “Свята лета”, былі перанесены. Але тым, хто жадаў культурна адпачыць ў гэты дзень, было чым бавіць вольны час.

З 9 гадзін раніцы свае дзверы адчыніў гісторыка-краязнаўчы музей. Тыя, хто ў гэты дзень наведаў установу культуры, не памыліліся, і літаральна ў апошні дзень паспелі пазнаёміцца з выставай “Душы асалода”. Экспазіцыю прадаставіў сталічны клуб майстроў прыкладной творчасці “Прырода і фантазія”.

 

Карціна ў тэхніцы  саламянага жывапісу
Карціна ў тэхніцы
саламянага жывапісу

Карціна “Птушынае какецтва”  выставы “Душы асалода”
Карціна “Птушынае какецтва”
выставы “Душы асалода”

Клуб існуе ўжо 25 гадоў і аб’ядноўвае прыхільнікаў мастацтва ва ўзросце ад 13 да 95 гадоў. На выставе прадстаўлены работы розных тэхнік і жанраў: жывапіс, акварэль, гуаш, стужачны дызайн, вышыўка крыжом, гладдзю, роспіс і выпальванне па тканіне, “лясная скульптура” і інш.

Зараз клуб працуе пад кіраўніцтвам Аляксандра Ляйко. З 2010 года ў рамках акцыі “Рабі дабро” выставу экспанавалі ў паўсотні гарадах, пашчасціла трапіць ў гэты спіс і Петрыкаву. Трэба адзначыць, што дзякуючы разнастайнасці, кожны знайшоў сярод прадстаўленых прац штосьці для сваёй душы.

А 15 гадзіне ўсіх жадаючых гасцінна прымаў Дом рамёстваў і паглядзець там таксама было на што. Работы мясцовых майстроў, выразаныя і вытачаныя з дрэва, саломкі, абярэжныя лялькі з тканіны, папяровыя выцінанкі, выразанкі захапляюць і ва ўсім гэтым відаць сапраўднае майстэрства прафессіяналаў. Не абыйшлося і без адкрыццяў, але аб ўсім па парадку.

IMG_4617_1

Валянціна Фалеева працуе ў Доме рамёстваў ужо 15 гадоў, з самага заснавання ўстановы. Майстар займаецца аплікацыяй, інкрустацыяй, пляценнем і ўвогуле ўсім, што звязана з саломкай.

Зусім нядаўна Валянціна стварыла работу ў тэхніцы паветранай аплікацыі, ці саламянага жывапісу. Сутнасць метада ў тым, што спачатку саламяныя стужкі фарбуюцца ў шматлікія адценні. Пасля складання кампазіцыі саломка наляпляецца на папірусную паперу ў адваротным парадку, кшталту прынцыпа кладкі чарапіцы, каб месца наляпнення папярэдніх стужак закрываў новы радок з саломкі. Такая праца патрабуе шмат часу. Так, на выяву аднаго ката было патрачана каля 40 гадзін, а на стварэнне ўсёй карціны з ўлікам падрыхтоўчых прац спатрэбіўся цэлы месяц работы прафессіянала.

Увогуле, тэхніка аплікацыі саломкай існуе з даўніх часоў, але, як зазначае Валянціна Леанідаўна, на выставах можна пабачыць настолькі арыгінальныя рэчы, што цяжка ўявіць, як людзі маглі гэта прыдумаць.

– Як Вы рашыліся на такую працаёмістую работу? – запытаў я ў Валянціны Фалеевай.

– Гэта пытанне прафесійнае. Натуральна хацелася зрабіць нешта новае для сябе і паказаць сваё майстэрства.

На пытанне, ці багата майстроў робяць рэчы ў такой тэхніцы, Валянціна Леанідаўна сціпла адзначае, што людзей даволі багата, але калегі не згаджаюцца – на нядаўнім знакамітым “Славянскім базары” яны бачылі нешта падобнае толькі на адным падворку з Брэшчыны. Прафесійныя ж пытанні Валянціна Фалеева абмяркоўвае з жанчынай з Рассіі. Іншых майстроў, што працуюць ў тэхніцы паветранай аплікацыі на постсавецкай прасторы магчыма і няма.

IMG_4602_1

Майстэрства разьбы і выцінанкі ў Доме рамёстваў
Майстэрства разьбы і выцінанкі ў Доме рамёстваў

Зусім нядаўна нашыя рамеснікі прыехалі з вядомага  фестывалю мастацтваў “Славянскі базар”, дзе ўжо другі раз адстойвалі гонар майстроў нашай вобласці. Так, Валянціна Фалеева і Надзея Жукавец адкрывалі для зацікаўленых таямніцы саламянага майстэрства, Дзмітрый Струк дэманстраваў свой талент у жывапісе, тачэнні і роспісе па дрэве. Не засталося абыякавых сярод назіраючых за работай разьбяра па дрэве Аляксея Батана. Усяго Гомельшчыну прадстаўляла каля 15 рамеснікаў з розных куткоў вобласці.

Нашыя майстры прадалі мноства сувеніраў, адказалі на безліч пытанняў зацікаўленых і правялі сапраўдны майстар-клас для кітайскай дэлегацыі, аператары якой бесперапынна здымалі работу рамеснікаў на працягу двух гадзін ад пачатку да выхаду на свет гатовага выраба.

Изображение 007_1

“Лясная скульптура” выставы “Душы асалода”
“Лясная скульптура” выставы “Душы асалода”

Ганаровая магчымасць прадстаўляць вобласць на міжнародным феставалі выпала нашым землякам невыпадкова. Справа ў тым, што наш Дом рамёстваў быў створаны адным з першых на Гомельшчыне. Адсюль і традыцыі, і шырокі спектр захаваных відаў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і глыбіня ў даследваннях творчасці нашых продкаў.

Хтосьці скажа, што застаўшыся дома ў мінулую суботу нічога не страціў. Магчыма і так, але тыя, хто ўсё ж такі выбраўся і наведаў установы культуры ў гэты дзень – відавочна набылі. Набылі хоць крыху той тонкай сувязі з продкамі, культурна ўзбагаціліся і адчулі сябе носьбітамі ўнікальнай і духоўна багатай нацыі, што завецца беларусамі.

Арцём ГУСЕЎ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о