Сёлетняе жніво, кажучы шчыра, не прыцягвае такой увагі, як раней. Вясновыя палявыя работы пачаліся для большасці не заўважна – галоўнай хвалюючай тэмай стала пандэмія. Потым грамадскасць цікавіла перадвыбарная гонка і, зразумела, само галасаванне. Але тэрміны аграрнага календара для працаўнікоў гаспадарак не менш строгія і спешныя.
Днямі мы завіталі ў КСУП “Грабаў”. Яшчэ некалькі гадоў таму справы тут, мякка кажучы, пакідалі жадаць лепшага. Але зараз абставіны складваюцца куды лепей. Як запэўні-ла кіраўнік гаспадаркі Людміла Гарошка, пасля аптымізацыі пры справе засталіся самыя працавітыя. Як следства – паднялася вытворчасць. “Даяркі ў нас атрымліваюць ад 700 рублёў, механізатары – у прамежку ад 1000 да 1400 рублёў. Для вёскі такі заробак мне здаецца годным, але і папрацаваць трэба. Так, кожны наш кіроўца замацаваны за дзвюма адзінкамі тэхнікі. Мяркуйце самі, колькі яны наязджаюць за дзень…”.
Тут Людміла Мікалаеўна падвозіць мяне на поле, дзе шчыруюць камбайнеры і кіроўца грузавіка. Жанчына ківае ў бок апошняга: “Вы на адну машыну паглядзіце і самі ўсё зразумееце! Гэтаму “МАЗу” 16 гадоў, іншы вадзіцель сказаў бы, што машыны ў гаспадарках столькі не жывуць, а наш Юра трымае сваю тэхніку ў належным стане, вось і працуе грузавік як след! Ён яшчэ і за “Ніваю” замацаваны. Ды што казаць, ва ўсіх нашых механізатараў рукі залатыя. Ніколі ніякіх канфліктаў не ўзнікае. Ёсць пытанні – разбіраемся, тлумачым сутнасць праблемы. А калі так, то і мужчыны ставяцца з разуменнем. Вы ж ведаеце, што хлеб аграрыя нялёгкі, асабліва ў час жніва. І ніколі ў нас не было такога, каб хтосьці крычаў “я не буду!”, “гэта справа не мая!”. Усе згодны: трэба – значыцца трэба”.
Пэўна, Людміла Мікалаеўна магла б замовіць яшчэ мноства слоў за сваіх працаўнікоў, але прапанавала пагутарыць з самім вадзіцелем.Доля хлебароба –  з сонцам у поле,  прыцемкам дадомуЮрый Радзіёнаў – моцны мужчына са шчырай усмешкай. З пачатку жніва ён у лідарах па адвозцы зерня. Зараз яго паказчык: 950 тон перавезенага ўраджаю.
Пазіраю на “МАЗ-555 142”. На пытанне, як атрымліваецца падтрымліваць яго ў належным стане, Юрый Іванавіч пачынае распавядаць: “А што машына? Яны ўсім аднолькавыя дастаюцца, а далей ад гаспадара справа залежыць. Абслугоўваю тэрмінова, эксплуатую беражліва, вось і ўвесь сакрэт.
Пра будні аграрыя Юрый Радзіёнаў распавядае сціпла: “У сем гадзін я на працы, некалькі хвілін – і мы выязджаем у поле. Шчырую звычайна да адзінаццаці, хаця, здараецца, і пазней да хаты вяртацца. Дома – свая гаспадарка: куры, парсюк, таму пра нейкі актыўны адпачынак вы мяне не пытайце… Наўпрост часу няма яшчэ чымсьці летам займацца. А ці ў астатніх хлебаробаў інакш?! Родныя да такога летняга графі-ка, вядома, прывыклі, ставяцца з разуменнем. Усім калегам жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і годнага заробку”.
Побач на полі працуе малады камбайнер Дзмітрый Гарошка – сын кіраўніка гаспадаркі. Мы з Людмілай Мікалаеўнай падыходзім да хлопца, жанчына трымаецца сціпла, але адчуваецца яе гонар за сына.

Доля хлебароба –  з сонцам у поле,  прыцемкам дадому
Дзмітрый з пачатку жніва займае лідыруючыя пазіцыі па намалоце сярод маладых механізатараў. На момант нашага візіту ён быў трэцім, зараз – першы. На сваім “КЗС-1218”, які, дарэчы, атрымаў сёлета, Дзмітрый прыбраў 250 гектараў і намалаціў 625 тон зерня.
“Працую я тут з 2017 года і, як вы пэўна здагадваецеся, прафесію сваю я шаную. І матуля тут, як я яе адну пакіну?! Не магу назваць працу лёгкай, некаторымі днямі па 16 гадзін у полі даводзілася шчыраваць, гэта ж жніво. Увесну ўвогуле выпадала ў чатыры гадзіны раніцы за баранку сядаць, а дамоў вяртацца а другой ночы”.
Па словах Дзмітрыя Гарошкі, намалот за дзень дасягае 50 тон. Але тут не спрагназуеш – вытворчасць цалкам ад надвор’я залежыць.
– А калі скончыцца сезон, чым будзеце бавіць свой час, калі не сакрэт? – спытаўся я, паглядаючы на спраўнага юнака.
– Спорт вельмі паважаю, нават сумую крыху па валейболе, футболе. Зараз, зразумела, не да забаў, але калі сезон скончыцца, адразу завітаю на пляцоўку!
Дзякуем героям рэпартажу за час, што прысвяцілі нам, і шчырую гутарку. Жадаем поспехаў, будзьце здаровымі!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о