Здараецца, а такое бывае над та рэдка, але сякі-такі лішак вольнага часу штурхае да ўспамінаў. Такіх больш крытычных, ацэначных, успамінаў-разваг. Пра такія Карп “Гарбаты” (ён жа Армэн Джыгарханян, адзін з маіх любімых акцёраў і нелюбімых з улікам апошніх яго “зорных” тэлеспраў з процьмай балаболаў) з “Месца сустрэчы змяніць нельга” сказаў: “А ты сядай… пра справы нашыя жалобныя пакалякаем”. У перакладзе сэнс крыху мяняецца, я б сказаў нават, што тут у жалобных трэба выкінуць літару а. Тады і атрымаецца крытычная ацэнка твайго жыцця.

Да маёй малой Радзімы з вышалаўскай аселасцю і адвечнай ужо геаграфічнай пазнакай у афіцыйных дакументах заўсёды, амаль што як да Зіты Гіта і да Лакхана Рам, дапасоўваецца Галубіца. Па-першае, я там шмат гадоў вучыўся ў школе, у мяне і зараз ёсць тамтэйшыя сябры, з якімі хоць і рэдка бачымся, але ж рады ім бязмерна. Па-другое, я там купіў у гады эканамічнага спаду і выкарыстання картак на тавары дзесьці ў дзевяностыя мінулага стагоддзя чорныя туфлі на нізкай платформе.

Вось і не памятаю зараз, гэта тыя былі туфлі ці не, але ў нейкіх падобных 26 гадоў таму я спрабаваў ранкам пасля выпускнога ісці пешшу ў свой Вышалаў. А з улікам таго, што яны былі новыя, а на нагах сядзелі амаль суткі, дайшоў я ў іх толькі да будынку мясцовага КБА, а затым смела зняў, а шкарпэткі засунуў у кішэні шэрых у палоску нагавіц. Так і не атрымалася ў нас тады дабрацца да Дарашэвіцкага парка, каб сустрэць світанак у рамантычным месцы.

Праўда жыцця такая, што світанак можна сустрэць і пасярод вёскі, тым больш што, стомленыя ежай, танцамі і вясновым авітамінозам, з нашага класа (які для пачатку дзевяностых налічваў аж неверагоднага 21 чалавека з уласна Галубіцы, Вышалава, Турка, Рубчы, Дарашэвічаў, Славінска, Снядзіна і нават Макарычаў) на світанак засталося якіх шасцёра. А таму даруй, парк, і віват, вуліца Савецкая, ці як там яна завецца (во – Уладзімір Аляксандраў падказвае, што так і ёсць).

Дык вось, за што ж я любіў і люблю ў некаторым сэнсе і сваю Галубіцу. Як бы ні банальна тое гучала, але, канечне, за настаўнікаў. Сіндром пяцёрачніка – не самая лёгкая хвароба, і трэба з маленства быць псіхолагам, каб падабраць ключык да кожнага свайго педагога, як, дарэчы, і ім да нас.

Памятаю некалькі сваіх двоек. Яны, праўда, былі ў большым не за веды, а за хуткасць, а дакладней, за недахоп часу. Фізрук паставіў нездавальняюча, бо спазніліся на ўрок: былі ў нас падшэфныя трусы (жывёла такая вушастая). Маці нашага аднакласніка і майго лепшага сябра з класа Віталі (светлая яму памяць) Паліна Рыгораўна (прывітанне Вам, дарагая мая настаўніца!) вяла ў нас біялогію, і натуральна, што тэорыя і практыка павінны былі ісці непарыўна. Вось і спазніліся, насіўшы сена.

image

Яшчэ адна была за макулатуру, бо ключык патрэбна было шукаць і да піянерважатай. Насілі старыя часопісы, нейкія пакункі – і таксама перабралі дзясятак хвілін за перапынак.

Яшчэ дзве мае двойкі былі, у прынцыпе, і не двойкі. Так атрымалася. І за тое я люблю сваіх настаўнікаў матэматыкі і лічу, што такімі павінны быць усе – строгімі, але добрымі. Такое магчыма. Мой зямляк (таксама светлай памяці яму) Аляксандр Васільевіч паставіў мне “цулю” за тое, што я не паспеў выразаць з ліста паперы нейкія там трапецыі і ромбы. Я, канечне, нарваў іх, як мог, напрыканцы перапынку, але бакі ў іх былі няроўныя, таму настаўнік зазлаваў і сказаў, што мне – два. Я было крыху забедаваў, але калі затым першым рашыў даволі складаную задачу, ён мне, не без гонару ў вачах, паставіў, канечне, пяць.

Аляксандр Куліцкі быў скарбніцай прымавак і мянушак, якімі ён шчодра адорваў гультаяватых школьнікаў. Не адно пакаленне яго вучняў і зараз вам скажа іх назубок. Гэта пра Цюху, Мацюху і Калупайку, пра алавянных салдацікаў. А калі, здаралася, задача была настолькі складанай, што і ў яго, можа, не надта падрыхтаванага да ўрока (усё ж такі ў вясковых настаўнікаў ёсць яшчэ і худоба, і гарбузяныя палеткі), не атрымлівалася нам даць падказку, то ён заўсёды казаў, што гэта задача на хітрынку і трэба падумаць над ёю дома.

Кацярына Рыгораўна, якая бедавала з намі ў старэйшых класах, паставіла мне ўмоўную двойку за выключна правільнае рашэнне кантрольнай. Справа ў тым, што задачы нашы дзяўчаты рыхтавалі на дошцы ў час перапынку, а я, шчырая душа, паспяваў за імі рашаць варыянт нашых слабейшых аднакласнікаў. І калі настаўніца з чыстай душой атрымлівала сшытак такога слабаватага матэматыка і не магла знайсці там ніводнай памылкі, то як жа ёй было ставіць сумленную, па заслугах, па ведах, адзнаку. Вінаваты ў казусе вылічваўся хутка, і яна ў маім правільным варыянце маёй кантрольнай паставіла два. Я зразумеў, за што.

У журнале за кантрольную ў мяне было, канечне, пяць, але наступным разам кантрольныя хлопцам я рашаў з некаторымі агрэхамі.

Двойчы мяне выклікалі на непадрыхтаваны ўрок. Спачатку дырэктар Міхаіл Аляксандравіч, нічога не сказаўшы, нават не папракнуўшы за тое, проста пасадзіў назад за парту, а затым наша любімая класная Ніна Маркаўна прыняла, на мой погляд, ідэальнае рашэнне, даўшы мне на падрыхтоўку гэтага задання дзесяць хвілін часу.

На жаль, у дзіцячай памяці многае не застаецца, і гэта, напэўна, асаблівасць нашага мозгу. Але такія вось эпізоды, якія вучаць цябе жыць, вучаць станавіцца чалавекам, застаюцца з табой назаўсёды.

Аднойчы наш дырэктар пацягаў мяне за вуха. Добра так пацягаў. У кабінеце хіміі шчыльна зачыняліся дзверы, і калі хтосьці незнарок, а хтосьці наўмысна знутры зачыніць іх крыху мацней, то з адваротнага боку іх адчыніць надта цяжка. У адзін з такіх выпадкаў наша настаўніца хіміі Людміла Кірылаўна і не змагла-такі справіцца з сілай супраціўлення гадамі назапашанай фарбы. На дапамогу мусіў прыйсці дырэктар, і я, адчуваючы, што ўсё роўна праблему трэба вырашаць, падышоў і штурхнуў дзверы са свайго боку.

Дырэктару падалося, што ўсе гэтыя пяць хвілін дзверы трымаў менавіта я, за што мне і дасталося. Пакрыўдзіўшыся, што атрымаў ні за што, урок хіміі той  я ўпарта ігнараваў, стуліўшыся ў пінжак. Затым Віталя бацьку расказаў, што да чаго, і дырэктар, запрасіўшы мяне ў кабінет, папрасіў прабачэння за тое, што быў не правы.

Пра кожнага настаўніка і простага работніка школы можна расказваць такія жыццёвыя гісторыі, якія, як у кнігах, скіроўваюць цябе да выбару пэўнай мадэлі паводзін у сваім уласным жыцці, дапамагаюць ацэньваць сітуацыю і не дапускаць несправядлівасці. Шчыры дзякуй вам, дарагія, за тую навуку, што даравалі многія гарэзы, па-сапраўднаму любілі, і я за тое шчыра люблю ўсіх вас.

Люблю Галубіцу за парк, няхай сабе ён, уласна, і Дарашэвіцкі, а знаходзіцца паміж Галубіцай і Славінскам. Святкаванне тых Дзён Перамогі, што ўрачыста праходзіла ў парку, з акустычнымі калонкамі на кузаве ГАЗона, з экспрэс-застоллямі на драўляных століках і крэслах з велічнымі спінкамі, а мы, салажня, носімся паміж усяго гэтага не без гонару, бо заўсёды выграбалі ад лістоты камсамольскую алею і падсыпалі белым пясочкам магілу Чалага, хіба забудзеш! Шукалі на ствалах высокіх сосен месцы ад снарадаў і куль: дзесьці тут сядзеў карэктавальнік агню, што дапамагаў маракам-дняпроўцам выйграць той бой, тую вайну…

Люблю Галубіцу за першыя пацалункі… Тут нічога вам не раскажу і, відаць, нікога з маладзейшых не навучу. Гэтаму кожны вучыцца сам. Але першая запіска з прызнаннямі ў каханні, памятаецца, першыя танцы… “Ласкавы май” у мяне чамусьці асацыіруецца з Галубіцкай школай. Там жа я апрабаваў свае першыя тэатральныя здольнасці: у дзедавай жаўтаватай ватоўцы з нейкай кудзеляй пад шыяй і сякеркай за поясам выконваў ролю Талаша. …З хлопцамі танцавалі “Яблычак”, з Віталем спявалі “Арляня”, а з Кацяй і Валяй – “Малінавы звон”. Затым, прайшоўшы ўжо, як я жартую, пяць лагераў, я сольна выдаваў пра трубачоў першай коннай. З Колем, маладзейшым на год, пабіліся, а хтосьці са старэйшых і на пяць галоў вышэйшых у надворнай прыбіральні насыпаў за каўнер цыгарэтнага попелу…

З мясцовай прыстані мы класам на ракеце паехалі ў мараходную вучэбку ў Пінск… На вытворчай практыцы палолі школьны агарод, складвалі дровы камусьці з ветэранаў. Ніяк не забуду, як усю ноч маляваў з нейкай паштоўкі транспарант, з якім мы з класам павінны былі ісці ў святочнай калоне. Добра, што наш настаўнік малявання, колішні франтавік Павел Уладзіміравіч навучыў змалёўваць амаль дакладна з дапамогай квадрацікаў.

Памятаю школьную вытворчую брыгаду, мяту, якую бліжэй да паўдня стомлены полеш роўна напалову – у тым сэнсе, што палова толькі застаецца пасля тваёй матыкі. І твае кроўныя сорак пяць рублёў, якія ты ганарова праз месяц нясеш маме дахаты.

Падрослыя, разам з хлопцамі на Віталевым матацыкле вучыліся круціць віражы ля зернятока. Канечне, перакуліліся, добра, што мяккім крэслам патрапіла на калена, але ж штаны свае я добра разадраў, як кажуць, у раёне матні.

Яшчэ многія моманты сядзяць у памяці. Некаторыя на паверхні, а каторыя і глыбей. Іх, можа, трэба было б забыць, але як жа ты стрымаеш сябе затым, калі складуцца падобныя абставіны? Каб не паўтарыць… Ды і сыну трэба пераказаць, каб пры выпадку ўжо ён успомніў пра татавы пралікі. Але ж тая самая праўда падказвае, што ўсё роўна кожны з іх вучыцца на сваіх памылках, якія б разумныя кніжкі не чытаў, фільмы не глядзеў, гісторыі не слухаў.

Такое вось наша жыццё, цікавае, падзейнае, з радаснымі перажываннямі і сумнымі, з сонцам і дажджом, з сустрэчамі і растаннямі. Толькі вось чамусьці хочацца, каб радасных было куды больш. Памятайце добрае, сябры!

Пятро ШАДУРА.

Фота з групы

“Галубіца – наша сталіца” ў сетцы “Одноклассники”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о