Бытуе сярод людзей меркаванне: чым большы населены пункт, тым больш магчымасцей праявіць сябе творчаму чалавеку. А я скажу так: у кожнага горада, вёсачкі свае радасці і фарбы. Пры гэтым, радасці і настрой мы ствараем самі, пазітыўнымі адносінамі да жыцця і да людзей. І жыві ты хоць у мегаполісе, калі ў цябе няма цікавасці да культурнага адпачынку, ніякая сцэна і ніякія знакамітыя артысты не прымусяць цябе замілавацца мілагучнай песняй або запальным танцам. А бывае так: вёсачка маленькая, неперспектыўная нават, а песні льюцца над ёю – заслухацца.

Добрыя словы – добрым людзям

Вёска Смятанічы невялікая па колькасці насельніцтва і не мае такой інфраструктуры як суседнія аграгарадкі. Школа, лясніцтва, клуб. Але ёсць у вёсачцы, свайго роду, візітная картка – аматарскі калектыў “Славяначка”, выступленне якога жаданая падзея як для аднавяскоўцаў, так і землякоў. Мне неаднаразова даводзілася быць на канцэртах калектыву: народныя матывы і эстрадныя нумары, вакальныя кампазіцыі і гумарыстычныя дыялогі – такі разна-планавы падыход на сцэне дазваляе не губляць прыхільнікаў. Гледзячы на людзей, якія прыходзілі на іх выступленні, на шчырыя авацыі, на заклікі “на біс” я спрабавала разгадаць сакрэт запатрабаванасці калектыву. Безумоўна, галоўная прычына – душэўнае выкананне песень, уменне пажартаваць, даць магчымасць гледачу адчуць розныя эмоцыі, зарадзіць пазітывам прысутных. Але ёсць, на мой погляд, яшчэ адна прычына, якая прымушае з павагай глядзець на калектыў. На сцэну выходзяць людзі розных прафесій: урач, прадавец, работнік культуры, сельгаспрад-прыемства, пенсіянер. Прытым удзельнікі калектыву – жыхары трох населеных пунктаў, але знаходзяць час і магчымасць для агульнай творчасці.
– Работа ў калектыве нас яднае. Усе мы даражым тымі хвілінамі, калі збіраемся разам і выходзім на сцэну. Гэтыя моманты яскравыя, даюць нам шмат станоўчых эмоцый, – дзеліцца Ганна Канончык, член калектыву, якая стаяла ля вытокаў “Славяначкі”, – заўжды, справай гонару лічым выступленне перад людзьмі.
Ганна Радзівонаўна расказвае, што родныя людзі падтрымліваюць удзельніц калектыву ў іх захапленні. Пры неабходнасці бяруць на сябе хатнія клопаты, прывозяць на рэпетыцыі і канцэрты, дапамагаюць знайсці матэрыял для рэпертуару. А яшчэ, удзельнікі прыцягваюць да культурнай спадчыны дзяцей школьнага ўзросту. Гэта дае надзею, што над вёскай мілагучная песня будзе гучаць заўжды.
Завершыць свой аповед пра калектыў хачу словамі Ганны Ра-дзівонаўны “Дастаткова ўбачыць шчырыя ўсмешкі гледачоў, як разумееш: важная і светлая ў “Славяначкі” місія – дарыць радасць і ствараць добры настрой для лю-дзей”.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о