Сваю першую гадавіну днямі адзначыў самадзейны калектыў “Надзея”, што працуе пры Ляскавіцкім цэнтры культуры і адпачынку. Гэта творчае аб’яднанне маладое не толькі па часе існавання, але і па ўзросце яго ўдзельнікаў – ад 25 да 50 гадоў.
Дырэктар цэнтра і кіраўнік калектыва Людміла Жукавец таксама адзначае юбілей – 10 гадоў яна кіруе гэтай установай культуры. Некалі да яе прыходу тут быў самадзейны калектыў, які аб’ядноўваў у творчасці людзей паважанага ўзросту.

Добры старт Добры старт
Нельга сказаць, што з-за адсутнасці новага калектыву творчае жыццё ў Ляскавічах было недаступна тым, хто імкнуўся да сцэны. Дзверы Цэнтра культуры і адпачынку заўсёды былі адкрытыя для людзей са здольнасцямі артыстаў. Нярэдкімі тут і раней былі канцэрты, праграму якой складалі ў тым ліку самадзейныя артысты – жыхары аграгарадка.
– Назву калектыву доўга выбіраць не давялося, – расказвае Людміла Аляксандраўна. – У яго складзе чатыры Надзеі, яны і пазычылі імя калектыву. Радуе, што моладзь таксама ідзе да нас. Маладыя спецыялісты Надзея і Павел трапілі ў аграгарадок па размеркаванні і далучыліся да нас. Сёння ў “Надзеі” 10 жанчын і два мужчыны. Прычым старэйшы мужчына Мікалай Кукса жыве ў аграгарадку Навасёлкі і рэгулярна прыязджае да нас са сваім баянам. Некалі жыў у вёсцы Грэбень Жыткавіцкага раёна, працаваў у Ляскавічах. Пераехаў у Навасёлкі, але калектыў цэнтра не пакінуў без сваёй музыкі.
Афіцыйнае аб’яднанне мясцовых творчых людзей у калектыў стала пачаткам іх больш насычанай канцэртнай дзейнасці. Акрамя роднай сцэны яны прадставілі сябе ўжо на свяце Купалля ў Петрыкаве, выступалі для жыхароў Брынёва, Муляраўкі, Пцічы, апошні канцэрт быў у Галубіцы.
Добра ведаючы свае вакальныя дадзеныя, кожны ўдзельнік калектыва сам падбірае для сябе рэпертуар. Многа ў праграме і харавых песень, пераважна народных. З сольнымі нумарамі часта выступаюць Алена Ганчар, Надзея Кароль і Алена Ярмаш. Майстры пераўвасаблення ў сцэнічных пастаноўках – Таццяна Крук, Надзея Бамбіза, Надзея Лопіч і Надзея Кароль. Яны таксама маюць выдатныя вакальныя дадзеныя і майстэрства чытальнікаў баек. Пастаноўкай танцаў займаецца Вольга Бамбіза. Некалі жанчына жыла ў Гомелі і займалася там харэаграфіяй. Таму яе веды прыйшліся калектыву да месца.
– Дзякуючы рэгулярнасці правядзення рэпетыцый мы значна пашырылі свой рэпертуар, – далучаецца да гутаркі мастацкі кіраўнік калектыва Крысціна Галонская. – У кожнай канцэртнай праграме ёсць свой стрыжань, ідэя. Пры Цэнтры культуры і адпачынку працуюць і аб’яднанні для дзяцей – харэаграфічны і вакальны. Таму нумары ў выкананні дзетак цяпер сталі абавязковым дапаўненнем да праграм, у тым ліку выязных.
У плане забеспячэння касцюмамі “Надзеі” пашанцавала больш за іншых. Два камплекты народных строяў дазваляюць і знешне разнастаіць іх выступленні. Праўда, для дзяцей касцюмы даводзіцца шыць самім, таму на фоне дарослых яны крыху губляюцца. Ды толькі гэту акалічнасць Людміла Аляксандраўна не лічыць праблемнай. Добры пачатак, добрая матэрыяльная база, маладыя і актыўныя артысты – усё задуманае атрымаецца.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота з архіва
калектыва “Надзея”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о