Акцыя “Наш жывёлавод” працягваецца, і днямі мы наведаліся ў РСУП “Агра-Ляскавічы”.

На малочнатаварным комплексе “Ляскавічы” калектыў невялікі, 33 чалавекі. Узначальвае яго трэці год граматны спецыяліст Алена Загорац, якая пачынала тут жывёлаводам.

Алена Сцяпанаўна адзначыла, што на комплексе ўтрымліваецца 840 галоў буйной рагатай жывёлы. У большай колькасці тут малочны статак. У вытворчым памяшканні № 10 усталяваны для даення шэсць робатаў, якія здольныя “абслугоўваць” да 400 буронак. Надоі фіксуе камп’ютарная сістэма. І ўсё ж без прыкладання рук аператараў машыннага даення на комплексе не абыходзяцца.

Жанна Аўдзеева і Святлана Карэцкая
Жанна Аўдзеева і Святлана Карэцкая

У суботнім нумары “раёнкі” мы называлі імя лепшай даяркі з ляскавіцкага сельгаспрадпрыемства. Жанна Аўдзеева па выніках работы за 2017 год заняла ў раённым спаборніцтве другое месца. Удой на карову ў яе групе склаў 4971 кілаграм.

Не адстае ад яе і Святлана Карэцкая, ды і ў іншых аператараў машыннага даення паказчыкі тут неблагія.

У пятнічны лютаўскі дзень разам з прадстаўнікамі раённай і ляскавіцкай прафсаюзных суполак работнікаў АПК Ірынай Берднік і Ганнай Туравец наведаліся з падарункамі да Жанны Мікалаеўны і Святланы Аляксандраўны. Не забывае тут прафсаюз і астатніх працаўнікоў: лепшыя з іх заахвочваюцца.

Калектыў МТК “Ляскавічы” з прафсаюзнымі лідарамі
Калектыў МТК “Ляскавічы” з прафсаюзнымі лідарамі

Мы таксама мелі магчымасць пабачыць умовы працы жывёлаводаў. Адзначу, што пакоі адпачынку і прыёму ежы адпавядаюць усім нормам і патрабаванням. Утульна, чыста, цёпла, функцыянуюць душавыя. Менавіта таму і настрой працаўнікоў комплексу адпаведны.

Добрага вам здароўя, важкіх надояў і добрых заработкаў!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о