Удзельнікаў заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце “Працоўнае навучанне” сустракалі сёлета ў Жлобіне на базе сярэдняй школы № 13 і Жлобінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа.

Добра быць у дарозе,  якую ты сам выбіраеш
Жлобін лічыцца калыскай алімпіяднага руху па працоўным навучанні. Менавіта тут, у сярэдняй школе № 13, дзякуючы намаганням настаўніка працоўнага навучання Віталя Гузава гэты прадмет стаў алімпіядным.

Каманда з 8 хлапчукоў з заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды сёлета паклала ў скарбонку Гомельскай вобласці 8 дыпломаў. Сярод дыпламантаў два вучні нашай гімназіі – Андрэй Юркавец і Кірыл Вайтовіч.

Займацца працоўным навучаннем Кірылу падабалася даўно, але сёлета гэты прадмет выйшаў на першае месца. Атрымаўшы перамогу на першым і другім этапах, Кірыл у складзе каманды нашага раёна атрымаў дыплом другой ступені на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды і ўпершыню трапіў у зборную каманду вобласці.

Кірыл не падвёў. На заключным этапе атрымаў дыплом III ступені. Гэта выдатны вынік, бо змагацца давялося з юнакамі старэйшых класаў – дзясятага і адзінаццатага, якія ўжо мелі вопыт такіх спаборніцтваў. Вельмі прыемна, што цяжкая і напружная праца прынесла свае вынікі.
Андрэй Юркавец неаднаразова быў пераможцам заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. У яго скарбонцы ўжо былі дыпломы I і II ступеняў.

Здавалася, што яшчэ чакаць ад алімпіяды, калі маеш узнагароды самай высокай пробы? Куды імкнуцца і да чаго расці? Але ў Андрэя была мара: стаць абсалютным пераможцам, першым сярод першых у рэспубліцы. Мара здзейснілася, і Андрэй акрамя дыплома першай ступені атрымаў яшчэ прыз Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Барацьба за перамогу ў сёлетняй алімпіядзе стала для нашых юнакоў трыумфальнай. Да гэтага выніку сваіх вучняў прывёў настаўнік працоўнага навучання Пётр Стральчэня, настаўнік таленавіты і адораны. Такія ў яго і вучні.
Бліскучая работа майстра сваёй справы прынесла свае вынікі: абсалютны пераможца алімпіяды і дыпламант III ступені. За час працы Пятра Мікалаевіча ў гімназіі вучні не адзін год атрымлiвалі дыпломы заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды рознай вартасці. Выключнасць працы гэтага педагога ў тым, што ён з’яўляецца адзіным настаўнікам у нашым раёне, якому пакарыліся прыступкі рэспубліканскай алімпіяды. Дасягнуць такога выніку – мара многіх настаўнікаў.
Гонар і пашана самаадданай працы Пятра Стральчэні і словы самай шчырай удзячнасці за творчае стаўленне да прафесійнай дзейнасці, душэўную шчодрасць і выхаванне навучэнцаў!

Хочацца выказаць словы падзякі бацькам нашых вучняў за падтрымку, веру ў дзяцей і іх настаўніка.

Дзякуй педагогам нашай гімназіі за разуменне важнасці працы, якой займаліся нашы вучні. Мы ўдзячны начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлане Сенька і дырэктару Петрыкаўскай школы мастацтваў Святлане Шамолавай за крокі насустрач, зробленыя для нашых вучняў. Бо толькі разам можна дабіцца бліскучых вынікаў, разумеючы значнасць агульнай справы.

Самім жа вучням жадаем здзяйснення самых запаветных жаданняў, удачы на экзаменах. А Андрэю няхай пашанцуе на цэнтралізаваным тэсціраванні і збудзецца яго мара стаць студэнтам вышэйшай навучальнай установы, якую абраў для сябе юнак.

Людміла ХІЛЬМАН, дырэктар гімназіі.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о